Преподаватель Командно-инжинерного института МЧС разработал гранату для тушения пожаров

Бяры гранату, тушы пажар

Генератар вогнетушачага аэразоля з ахаладжальнікам - разумная прылада ,якую распрацаваў старшы выкладчык Камандна-інжынернага інстытута МНС Павел Максімаў
Полымя вырываецца з кватэры. У выратавальніка-па­жарнага ў руцэ сродак вагой амаль з кілаграм, якi нагадвае гранату. Спецыяліст зрывае чаку: здымае каўпачок, тузае за вяроўку і закідвае прыладу, што муcіць пагасіць падпалены пакой. Наўздагон ляціць яшчэ некалькі вогнетушачых генератараў. Хвіліна — і агню больш няма.




Генератар вогнетушачага аэразоля з ахаладжальнікам — так называецца гэтая разумная прылада — распрацаваў старшы выкладчык Камандна-інжынернага інстытута МНС Павел Максімаў. Праект перамог у конкурсе «100 ідэй для Беларусі» ў намінацыі «Прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць». Маёр унутранай службы Максімаў бярэ ў рукі чорны генератар, паказваючы на адтуліну: «Унутры цвёрдае паліва, з якога пры гарэнні атрымліваецца аэразоль — сумесь газу і цвёрдага рэчыва. Здымаеце каўпачок, цягнеце за вяровачку і закідваеце. Аэразолевытворчы састаў запальваецца. У памяшканні, ахопленым пажарам, аэразоль узаемадзейнічае з кіслародам і распаўсюджванне агню спыняецца. Пажар ліквідуецца сам па сабе». Адна «граната» эфектыўна лiквiдуе полымя ў аб`ёме 4 кубаметраў. Гэта значыць, каб суняць пажар у пакоі, трэба закінуць некалькі генератараў.

І нашы, і замежныя вырата­вальнікі выкарыстоўваюць падобныя прылады, але галоўны недахоп стандартных генератараў у тым, што тэмпература аэразоля на выхадзе з генератара можа дасягаць 1000 градусаў. Таму яны могуць самі стаць дадатковай крыніцай узгарання. Змяніўшы канструкцыю сродка аэразольнага пажаратушэння, Павел Максімаў змог астудзіць тушачую пажар сумесь да бяспечнай тэмпературы — 55 градусаў.

«Дабіцца найлепшага выніку», — нацэльвае курсантаў старшы выкла­дчык Мак­сімаў. З такой уста­ноўкай ён сам бярэцца за любую задачу. Павел перабірае медалі, атрыманыя за спартыўныя дасягненні. Узнагароды найгра­ваюць у ягоных руках мелодыю перамогі. Каля пяцідзесяці раз маёр унутранай службы займаў прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па розных відах спорту. Лёгкая атлетыка, плаванне, баскетбол, валейбол — у спорце Максімаў з шостага класса школы. Што такое праца на пажары, Павел даведаўся яшчэ ў 10 класе, калі навучэнцы спецыялізаванага класа МНС у Віцебску выязджалі па трывозе са зменай выратавальнікаў. Вучоны Максімаў вяртаецца ў той час: «Мы бачылі, што пакідае пасля сябе пажар: абгарэлае жыллё і знявечаныя целы. Але практычныя заняткі прывілі любоў да справы. Многім не зразумець, як можа бударажыць сігнал трывогі, гук сірэны. Пастаянна трэба быць у форме, умець сабрацца за паўхвіліны! Там жа і пачаў займацца пажарным спортам. Ён тэхнічна складаны, але відовішчны і захапляльны». 

Павел Максімаў пастаянна ў руху. Жыццё насычана падзеямі: заняткі з курсантамі, спаборніцтвы, навуковыя канферэнцыі, выпрабаванні распрацовак, падрыхтоўка да абароны кандыдацкай дысертацыі. Чалавек-генератар. Яго крэда — самаразвіццё. Нават на рыбалцы адчуваеш дух спаборніцтва, і там адрэналін. На фота Павел трымае ў руках свой самы вялікі ўлоў — амаль васьмiкiлаграмовага шчупака. Гэта хобі ў маёра ў крыві. Ім жылі бацька і дзед. Павел з рыбацкімі снасцямі аб`ездзіў усю краіну. Але лепшы адпачынак — родныя азеры на Віцебшчыне. 

Павел Максімаў сваім прыкладам дэманструе, як трэба перамагаць. На рыбалцы, у спорце, у навуцы. Нярэдка становіцца на дарожку стадыёна і бяжыць разам з курсантамі. Абяцае залік «аўтаматам» таму, хто абгоніць. Пакуль нікому не ўдалося. У распрацоўцы генератара з ахаладжальнікам пажаратушачай сумесі Павел Максімаў таксама апярэдзіў усіх. У краіне і, напэўна, у свеце.

Дасье

Павел Максімаў. 29 гадоў. Старшы выкладчык кафедры пажарнай аварыйна-выратавальнай і фізічнай падрыхтоўкі Камандна-інжынернага інстытута МНС.

У 2003 годзе скончыў спецыялізаваны клас МНС 44-й школы ў Віцебску. 

У 2007-м — інжынерны факультэт КІІ. У 2009 годзе скончыў магістратуру Камандна-інжынернага інстытута. З 2011-га — слухач ад`юнктуры таго ж ВНУ.

Член зборнай краіны па пажарна-выратавальным спорце. Майстар спорту. З мінулага года трэніруе юнацкую зборную па гэтаму віду спорту.

Удзельнік больш за 10 рэспуб­ліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцый па тэме сваіх навуковых дасягненняў. Аўтар больш як трыццаці навуковых публікацый па тэме дысертацыйных даследаванняў.

Фіналіст конкурсу «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект — 2014». Пераможца рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Удзельнік дзяржаўных праграм навуковых даследванняў па распрацоўцы пажарнага лафетнага ствала, арасiцеля ў аўтаматычных устаноўках пажаратушэння, генератара вогнетушачага аэразоля з ахаладжальнікам.

МЕРКАВАННЕ ЭКСПЕРТА

Віталь Дэмбоўскі, прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС (на службе — з 2001 года, працаваў  пажарным, старэйшым пажарным, начальнікам варты, намеснікам начальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі):

— Сапраўды, аператыўнае прымяненне такіх аўтаномных аэразольных установак шмат у чым абмяжоўвалася вялікай рабочай тэмпературай, паколькі ўнутры таксама адбываецца гарэнне, у выніку якога і ўтвараецца аэразоль. У новай распрацоўцы рабочая тэмпература каля 50 градусаў, такім чынам яна не зможа падпаліць прадметы з невялікай тэмпературай самазагарання, напрыклад, паперу, пластыкі або лёгкія тканіны, якіх, напрыклад, у звычайным пакоі можа быць шмат.

Пры прымяненні для тушэння пажараў такія «гранаты» могуць быць карысныя ў закрытых памяшканнях, асабліва там, дзе традыцыйным спосабам падаць першасныя сродкі тушэння складана з-за асаблівасцяў планіроўкі, высокай тэмпературы ці іншых фактараў. Такія «гранаты» маглі б выкарыстоўваць і грамадзяне для самастойнага тушэння пажараў. Не трэба асаблівых навыкаў і рызыкі, каб закінуць вогнетушачую ўстаноўку, напрыклад, у падпалены пакой, а пасля гэтага спакойна пакінуць кватэру і выклікаць выратавальнікаў. Прылада як мінімум не дасць пажару распаўсюдзіцца да прыезду пажарных і значна паменшыць шкоду ад пажару.

Вольга КАСЯКОВА

drug-olya@yandex.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter