Электронная прапускная сістэма, два басейна, LEGO-класы - у мінскім мікрараёне Дамброўка адкрываецца новая школа

Будуць класнымі заняткі

Першага верасня сучасная школа № 41 адчыніць свае дзверы для больш чым тысячы вучняў. Такой вы яшчэ не бачылі ! Карэспандэнт «Р» адправілася на вуліцу Алеся Гаруна, 5, дзе яна знаходзіцца, і даведалася, чым новая школа адрозніваецца ад іншых.

Першага верасня ў новую школу прыйдуць больш за 1200 вучняў.

Стаіць яна на ўзгорку, узвышаецца над праезнай часткай і адразу прыцягвае ўвагу сваімі колерамі – пафарбаваная мяккімі адценнямі ружовага і фіялетавага. Мы прыйшлі сюды за некалькі дзён да пачатку заняткаў – дырэктар, настаўнікі, тэхнічны персанал школы наносяць апошнія штрыхі. Завіталі сюды і бацькі – некаторыя з дзецьмі. Яны падаюць дакументы. Мама шасцігадовага Арсенія Яновіча, Ірына, дзеліцца сваімі ўражаннямі:

– Мы ідзём першы раз у першы клас. І адразу ў такую школу! Жывём побач – на Матусевіча, 70. Сапраўды, доўга чакалі яе адкрыцця, бо тут ёсць басейн, спортпляцоўкі – усё шыкоўна для дзяцей. У актавую залу сёння зайшла – выдатная! Хацелі Арсюшу аддаць у лега-клас, дзе навучанне пабудавана на працы з канструктарам – праз гульню, але месцаў не хапіла. Вельмі шмат было жадаючых. Але запішамся на дадатковы факультатыў.

– Я хачу туды, – паказвае пальчыкам Арсеній, перабіваючы нас. – Я магу ўжо чытаць, пісаць друкаваныя літары. Трэба ісці ў школу!


І нам трэба. Заходзім. Хм, прапускная сістэма! Пакуль мы можам прайсці без прыпынку, але як толькі пачнецца школьная пара – чужы не пройдзе. Толькі настаўнікі, бацькі і дзеці па электронных картах навучэнца праекта «Электронная школа».

Дзве мамы з дочкамі-першакласніцамі – Янай Алізарэвіч, якой у канцы жніўня споўнілася сем гадоў, і шасцігадовай Марынай Багданкевіч — разглядваюць хол, упрыгожаны беларускім арнаментам. Не толькі сцены, але і шторы! А вось мама Кацярына Драгун прывяла падаваць дакументы ў школу адразу двух першакласнікаў-двайнят. Яе сыны Ілля і Марат пойдуць у лега-клас – 1-ы «А».

– Яны любяць гуляць, рабіць што-небудзь з канструктараў, думаю, вучыцца ў гэтым класе ім спадабаецца. Перад школай «фея» прынесла ім для гэтага лега-чалавечкаў, – усміхаецца мама Кацярына. – Я ўзяла адпачынак, каб пракантраляваць дзетак у першыя дні школы, як яны адаптуюцца. Добра, што тут блокі для класаў ёсць. Зручна, што першакласнікі ў сваім блоку маюць сталовую, раздзявальню, туалет. Не будуць насіцца па ўсіх калідорах. Раней нам прапаноўвалі школу № 185, але я ведала, што каля нашага дома пабудуюць гэтую, чакала адкрыцця.

Настаўнік Жанна АЛЕКСАНДРОВІЧ будзе навучаць дзяцей з дапамогай лега-тэхналогій.

Да нас выходзіць дырэктар – Ірына Дрозд. Першае месца, куды вядзе, – басейн. Там дзве чашы для плавання з безбар’ерным асяроддзем – для малодшых класаў і старшакласнікаў. Імі будуць карыстацца вучні і... усе тыя, хто захоча аздаравіцца ў гэтым мікрараёне. Але для дарослых паслуга будзе платнай, а скарыстацца ёй яны могуць да і пасля ўрокаў дзяцей. Прапускная здольнасць басейна, дарэчы, 600 чалавек у дзень. Клуб Аляксандры Герасімені ўжо вырашыў, што будзе тут арандаваць чатыры дарожкі – стандарты задавальняюць.

Ідзём далей. Школа складаецца з чатырох асноўных блокаў: блок, дзе басейн, выкананы ў блакітным колеры, для вучняў старэйшых класаў – зялёны, малодшых – персікавы, а асноўны блок – аранжавы. Кожны момант тут асабіста ўзгадняла, скрупулёзна вывучала Ірына Дрозд, якая раней працавала ў школе № 96. 

Мы ўжо ў трэнажорнай зале – кардыятрэнажор, сілавыя трэнажоры, бегавыя дарожкі... Сюды таксама могуць купіць абанемент жыхары раёна. Раздзявальні, дарэчы, тут падзеленыя для малодшых, старэйшых класаў, для людзей з інваліднасцю. Ёсць душ. Аказваецца, такая спартыўная зала тут не адна. Мы праходзім па іх. Хочацца зноў вярнуцца ў школу. Пажадана ў такую. Здаецца, не ў тым стагоддзі я нарадзілася...

Настаўніца малодшых класаў Таццяна ШАРМЕТАВА чакае свой 1-ы «Д» клас, а яе муж будзе вучыць фізічнай культуры ўсіх вучняў школы.

Ідзём у сталовую. Мінску хутка 950 гадоў, таму школу, якая адкрываецца ў юбілейны год, аформілі тэматычнымі карцінамі пра Мінск. Сталовая адразу сустракае залай пад назвай «Мінск: ад мінулага ў будучыню», на сценах — панарамныя віды горада да вайны і цяперашнія.

– Панарамы маюць яшчэ і тэксты, каб дзеці больш ведалі пра Мінск, краіну, – Ірына Дрозд праводзіць далей. – Будуць тут на сталах і абрусы, сурвэткі ў выглядзе слуцкіх паясоў. Мы да гэтага агульнага дызайну доўга ішлі: вырашалі, як, што і дзе будзе размешчана. Пройдзем да навучальных класаў.

Па дарозе зазіраем у пакоі, дзе ёсць спальныя месцы для самых маленькіх вучняў на прадоўжанцы. Праходзім тэматычны хол, дзе падчас перамен дзеці праз гульні будуць вучыцца бяспечным паводзінам пры пажары. Яшчэ тут можна ўзяць камплект магнітных картак для гульняў, кубікі, фішкі. Зойдзем у бібліятэку? Што там, акрамя кніг? Можна слухаць аўдыякнігі, выходзіць у інтэрнэт. Непадалёк — слясарныя, сталярныя станкі ў майстэрнях, ёсць швейная майстэрня, кабінет кулінарыі... 

Заходзім у клас без лега-тэхналогій. Настаўнік малодшых класаў упрыгожвае дошку папяровымі кветкамі, крэйдай піша віншаванне для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Далей крочым у яркую, з ружовымі сядзеннямі, актавую залу на 260 месцаў. На сцэне, пакуль без школьнай формы, першакласнікі рыхтуюцца да 1 верасня – ідзе рэпетыцыя.

Не кожная школа можа пахваліцца басейнам, а школа № 41 мае іх адразу два — для вялікіх і маленькіх вучняў.

— Хутчэй бы пачаліся заняткі. Паверце, у школе настаўнікі не любяць канікулы – урокі лепш, – паказвае і свой кабінет Ірына Дрозд. – Шмат да нас прыйшло хлопчыкаў і дзяўчынак з гімназій, з высокімі баламі, будзем падтрымліваць іх патэнцыял. 

Для маленькіх будзе некалькі лега-класаў  і інтэграваныя, дзе дзеткі, якія маюць цяжкасці ў навучанні, будуць працаваць з настаўнікамі-дэфектолагамі. Пакуль размаўлялі, нарэшце дайшлі да лега-класаў. Настаўніца з 30-гадовым стажам Жанна Александровіч расказвае, чым жа яна будзе прыцягваць дзяцей:

– Кубікі лега — на кожнай парце. Будзем іх выкарыстоўваць у пабудове сказаў, дзяліць словы на склады, вырашаць задачкі і многае іншае. Такое навучанне спрыяльна ўплывае на малых. Пасля лега з новымі першакласнікамі гэтага года мы возьмемся за робатаканструяванне ды праграма-ванне.

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter