Белы сад па-над крынiцай

Як Вiшнёўскi касцёл, што на Валожыншчыне, выратавалi энтузiясты

Як Вiшнёўскi касцёл, што на Валожыншчыне, выратавалi энтузiясты...

У кожнага з нас ёсць той кавалачак зямлi, той куточак, якi заўсёды вабiць да сябе, абуджае настальгiю. Лiчу, што кожны, хто паважае сябе, павiнен ведаць гiсторыю свайго краю. Родам я з вёскi Вiшнёва Валожынскага раёна. Мясцiны нашы заўсёды славiлiся сваёй гiсто-рыяй, гучнымi прозвi-шчамi, прыгожымi края-вiдамi i культурна-гiстарычнымi помнiкамi. Аб адным хацелася б расказаць.

Як i ўсе гiсторыi, гэтая мае свае вытокi, якiя пачынаюцца з легенды. Даўным-даўно на гэтым месцы жыў заможны, вельмi набожны селянiн. Быў у яго вялiкi вiшнёвы сад. I вось аднойчы вясновай парою, калi дрэвы стаялi ў белай квеценi, селянiн, як заўсёды, выйшаў памалiцца i ўбачыў на адной з вiшань вобраз Мацi Божай. З таго самага часу i пачалi называць гэтыя мясцiны Вiшнёвам. Быццам нiчога незвычайнага ў легендзе няма. Але вось што адбывалася далей. У 1424 годзе на месцы гэтага саду быў заснаваны касцёл, а там, дзе стаяла тая вiшня, пачала бiць крынiчка. I сярод насельнiцтва з`явiлiся чуткi, нiбы вада з гэтай крынiчкi валодае лекавымi ўласцiвасцямi.

Летам 2008 года група энтузiястаў знайшла паведамленне пра вёску Вiшнёва ў Iнтэрнеце. Прыехалi на месца, агледзелi мясцiны i вырашылi, што трэба брацца за працу. Нi працоўных рэсурсаў, нi фiнансавай дапамогi не было. Але наш народ i славiцца тым, што заўсёды прыходзiць у цяжкую хвiлiну на дапамогу. Летам 2009 года з удзелам ксяндзоў Уладзiслава Завальнюка i Уладзiслава Шышлы, мясцовага насельнiцтва пачалася руплiвая праца. Прыехаўшы дахаты на летнiя канiкулы, я адразу ж заўважыў карэнныя змены каля касцёла: крынiчку раскапалi, ачысцiлi, а ўсё навокал засадзiлi вiшнямi. Рэчка, у якую ўпадае маленькая iмклiвая ручаiнка, побач вялiкi белы касцёл на ўзвышшы i сотнi вiшань у белым адзеннi — такой прыгажосцi больш не ўбачыце нiдзе.

Пры рэстаўрацыi з’явiлiся новыя звесткi. Каля крынiчкi знайшлi старадаўнi дубовы сцёк, якi сведчыць пра тое, што людзi сюды сапраўды хадзiлi. Кажуць, сам Напалеон у час вайны 1812 года пiў ваду з гэтай крынiчкi.

Зараз каля касцёла кожную хвiлiну спыняюцца аўтамабiлi. Некаторыя вадзiцелi проста выходзяць палюбавацца хараством, але большасць спускаецца да самой крынiцы, каб набраць той вадзiцы, пра якую iм расказаў сусед цi знаёмы…

Фота: Мiкалай АКСЁНАЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter