Белы буйвал i сiнi арол...

У фермерскай гаспадарцы Бабруйскага раёна створаны прыватны заапарк

Прыватны заапарк створаны ў сялянска-фермерскай гаспадарцы Бабруйскага раёна

Гаспадарка Сяргея Савельева размешчана на шляху з Бабруйска на Глуск, паблiзу ад вёскi з прыемнай на слых назвай Харошае. Зварочваем да яго: тут можна добра адпачыць, а для аматараў рыбнай лоўлi сапраўдны рай – аж тры возеры з карпамi, судакамi, фарэллю. Работы на сядзiбе амаль не спыняюцца, усяго ў хуткiм часе будзе ўзведзена восем гасцёвых домiкаў, тры лазнi, пара дзесяткаў альтанак – цэлая добраўпарадкаваная зона адпачынку.

Аднак вiзiтоўкай яе ўсё ж будзе заапарк, адкрыццё якога запланавана на лiпень. У прынцыпе, ён i цяпер гатовы да працы: агароджаны вальеры для ўтрымання звяроў, падрыхтаваны персанал. Не хапае толькi галоўнай фiшкi: завесцi сюды валадароў беларускай прыроды – магутных зубраў.

— Як нарадзiлася iдэя стварэння заапарка? – пытаюся ў Савельева.

— Даўно марыў аб гэтым. Жывёльны свет — маё захапленне. Паляванне на звера не ў маiх правiлах. Куды больш ахвотна бачыць яго жывым, атрымлiваць асалоду ад такой сустрэчы.

Нагадаю, што сваю iдэю Савельеў ужо рэалiзаваў раней у суседнiм Кiраўску, стварыўшы першы аналагiчны заапарк. Ну а цяпер – Бабруйскi раён. Быў атрыманы афiцыйны дазвол на яго размяшчэнне, кожная жывёлiна прайшла адпаведную рэгiстрацыю i мае пашпарт.

Маё знаёмства з мясцовым заапаркам пачалося з самай прыкметнай фiгуры – мядзведзiцы Фамiнiчны. Яе Савельеў купiў у Маскоўскiм цырку, падчас гастроляў апошняга па Беларусi. Звер гэты яшчэ маладзенькi, але вялiкi аматар прысмакаў i пачастункаў (на здымку).

Ва ўсёй прыгажосцi ў вальерах прадстаўлены вытанчаныя, палахлiвыя, заўсёды гатовыя сарвацца з месца касулi, калматыя, бы чымсьцi незадаволеныя дзiкi, побач з iмi вельмi экзатычна выглядаюць в’етнамскiя парсючкi. Уражваюць антылопы i страусы, залацiстыя бараны i шмат яшчэ якой экзатычнай жыўнасцi.

— У нас тут шэсць аленяў, — расказвае Савельеў, — нядаўна яшчэ аднаго прывезлi з Гродзенскага заапарка. Справа ў тым, што адзiн ад нас збег, пераскочыў праз высокую агароджу. Шкада жывёлiну, яна можа загiнуць альбо стаць чыёйсьцi лёгкай здабычай. Спадзяёмся, такога не здарыцца i лось вернецца назад.

Час бяжыць вельмi хутка. Да адкрыцця заапарка сюды яшчэ прывязуць некалькi маралаў, ланяў, колькасць i разнастайнасць вiдаў яго жыхароў будзе пастаянна ўзрастаць i пашырацца.

Некалькi слоў хацелася б сказаць i пра героя нашага аповеда Сяргея Савельева: не кожны сёння зможа ўтрымлiваць такую гаспадарку. Ён чалавек даволi вядомы ў гандлёвых колах горада Бабруйска, мае некалькi ўласных прадпрыемстваў. I ўзяўся прадпрымальнiк за добрую i цiкавую не толькi для сябе, але i для людзей справу. На гэтым няпростым шляху, спадзяёмся, яму будзе спадарожнiчаць удача.

Фота: Дзмiтрый БУЗЬКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter