Беларускiя вароты на расiйскi ўсход

За такiмi невялiкiмi райцэнтрамi i пасёлкамi, як Лёзна на Вiцебшчыне, — будучыня...

На мой погляд, будучыня краiн i народаў не за мегаполiсамi, а там, дзе бруяць жыцця крынiцы. За такiмi вось невялiкiмi райцэнтрамi i пасёлкамi, як гарадскi пасёлак Лёзна на паўночным усходзе Вiцебшчыны. Цяпер ужо цяжка знайсцi першааўтара, аднак ён дужа трапна назваў гэты край «усходнiмi варотамi» нашай краiны з боку Расii. Нават трохi пацешна, што ад Лёзна да Мiнска адлегласць 270 км, а да мяжы з Расiяй толькi… 12 км. У адпаведнасцi з дзяржаўнай мяжой тут знаходзiцца i мытня. Суровая i спецыфiчная структура. Але яна не перашкодзiць нашаму падарожжу ў часе i прасторы.

Асiна для шведскiх запалак

Часам заснавання мястэчка Лёзна лiчыцца 1650 год. Не надта багата. Нейкiх тры з паловай стагоддзi. Тым не менш гэты рэгiён з больш старажытных часоў меў стратэгiчнае значэнне як кавалак гандлёвага шляху «з варагаў у грэкi». А паўтара стагоддзя таму праз Лёзна пралегла чыгунка Вiцебск—Смаленск. Якраз у той час тут дзейнiчала першая ў тагачаснай Беларусi запалкавая фабрыка. Сыравiнай для вырабу так званых шведскiх запалак з’яўлялася асiна. Шмат яе «пастругалi» да пачатку ХХ стагоддзя на такую вось «мiкравытворчасць».

Усяму свой час. Сучасным iнвестарам наўрад цi патрэбны такi занятак. На запалках асаблiва не параскошуеш. У такiм разе варта падумаць над iншымi варыянтамi развiцця малых гарадоў.

Афiцэрскiя могiлкi

Уся наша «зямля пад белымi крыламi» можа, вобразна кажучы, для замежных гасцей i турыстаў стаць своеасаблiвым пантэонам гераiзму. Пры тым не толькi ў сувязi з юбiлейнымi датамi i мерапрыемствамi. Як пастаянная катэгорыя.

Вось i на Лёзненшчыне за перыяд Вялiкай Айчыннай вайны ворагi спалiлi 196 вёсак, поўнасцю знiшчылi раённы цэнтр. Кожны другi жыхар раёна загiнуў на франтах, у падполлi, партызанскай барацьбе цi ў канцлагерах. На працягу дзевяцi месяцаў на тэрыторыi раёна стаяў фронт. Вызваленне Лёзненшчыны аплачана коштам 27 тысяч жыццяў савецкiх воiнаў i партызан. Для параўнання: цяпер на тэрыторыi раёна пражываюць 18,5 тысячы жыхароў, у тым лiку звыш 6 тысяч — у райцэнтры.

Сведчанне тых гераiчных i адначасова трагiчных падзей — 83 воiнскiя захаваннi, 600 помнiкаў i абелiскаў на лёзненскай зямлi. Яны ўстаноўлены на месцах баявой славы, сляды якой лiтаральна на кожным квадратным метры. А ў вёсцы Стасева знаходзiцца адзiны ў Беларусi афiцэрскi могiльнiк. Па афiцыйных звестках, на iм пахаваны 181 абаронца i вызвалiцель гэтага краю.

Пытанне трохi спрэчнае i супярэчнае: навошта было ў адным месцы хаваць адных толькi афiцэраў? Перад зямлёй, вечнасцю i Богам усе роўныя. Аднак гiсторыю, як кажуць, нанава не перапi-шаш. Што было, тое было. Iншая справа, што ў перспектыўным турыстычным маршруце нiдзе больш няма на зямлi беларускай такога сумнага аб’екта, як афiцэрскi могiльнiк.

Малая радзiма Марка Шагала

Бясспрэчна, як i кожны рэгiён нашай Бацькаўшчыны, Лёзнен-шчына мае ўласны «букет» знакамiтых землякоў. У iх лiку народны пiсьменнiк Мiхась Лынькоў. Родам з вёскi Зазыбы, якая не iснуе сёння i якая тэрытарыяльна ў вiхуры неспакойнага мiнулага стагоддзя «качавала» то ў Лёзненскi, то ў Вiцебскi раёны.

Ганарацца месцiчы i такiмi слыннымi сваiмi дзецьмi, як палкавы камiсар, арганiзатар абароны Брэсцкай крэпасцi ў першыя днi нападу фашысцкай Германii Яфiм Фамiн, удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны, былы першы сакратар Вiцебскага абкома партыi Сяргей Шабашоў цi са-вецкi дыпламат, былы пасол Савецкага Саюза ў ЗША Вiталiй Смiрноў.

Ёсць i яшчэ адно бяс-спрэчна сусветнай вядомасцi iмя. Знакамiты мастак Марк Шагал лiчыў сваёй «малой радзiмай» сцiплае мястэчка Лёзна. Менавiта тут iм напiсана нямала работ, якiя цяпер знаходзяцца ў буйнейшых карцiнных галерэях, прыватных калекцыях i музеях планеты. А на будынку Лёзненскага раённага дома культуры ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць аб славутым земляку.

Што застанецца нашчадкам?

Не ўсё золата, што блiшчыць. Часам нават сцiпласць сялянскай хаты болей прывабная, чым раскоша царскiх палат.

Так падумаў, калi дабiраўся разам са старшынёй Дабрамыслянскага сельскага Савета Надзеяй Папялкоўскай на далёкi хутар Зубакi. Тут абсталяваў свой рабочы кабiнет яшчэ адзiн неардынарны зямляк — былы масквiч i пiсьменнiк Генадзь Пацыенка. Адбылося знаёмства не толькi з цiкавым чалавекам i фiлосафам, але i «дзiваком», якi з маскоўскiх «каменных джунгляў» перабраўся на пастаяннае месца жыхарства на сваю малую радзiму. I гэта не ўцёкi ад рэчаiснасцi.

Пiсьменнiк Генадзь Пацыенка з юнацкай гарэзнасцю працягвае пiсаць мастацкiя i публiцыстычныя творы. Пры любой магчымасцi наш зямляк з трывогай i сардэчным болем уздымае экалагiчныя праблемы. У прыватнасцi, пра лёс роднага возера побач з хутарам, на памежжы Расii i Беларусi. Пiсьмен-нiк узгадвае, што ў гады дзяцiнства i юнацтва ў возеры Зубакi вадзiлася шмат усялякай рыбы. Было яно такiм чыстым i загадкавым, што сябры-пiсьменнiкi з Масквы называлi яго «маленькi Байкал».

Цi захаваецца тая першакраса для нашчадкаў? Некалi з вокнаў дома пiсьменнiка можна было назiраць гарысты ландшафт вакол возера, неабсяжную блакiтную нiву, чысты пясчаны бераг i аколi-цы ў аздобе бярозавага паркалю. Сёння берагi зарастаюць асакой, чаротам i забалочваюцца. Не спраўляюцца з ачысткай нават цудатворныя крынiцы, якiя даюць жыццё рэчцы Суходраўка, якая выцякае з возера. Усё гэта трэба захаваць i выратаваць.         

Замест эпiлога

Нядаўна кiраўнiк дзяржавы прызначыў у Лёзненскi раён новага старшыню мясцовай улады. Iм стаў Iван Лаўрыновiч, якi атрымаў добрую загартоўку ў сiстэме аграпрамысловага комплексу. У прыватнасцi, на пасадзе началь-нiка ўпраўлення сельскай гаспа-даркi i харчавання Шаркаўшчынскага райвыканкама.

Вiншуючы маладога кiраўнiка раёна з высокiм прызначэннем, карэспандэнт «Р» пажадаў яму стаць «сваiм сярод сваiх» i паабяцаў падтрымку ўрадавай газеты ва ўсiх добрых справах i праектах. У адказ Iван Антонавiч таксама запэўнiў, што дужа ўдзячны за такую ўвагу, а падтрымка «Р» дапаможа хутчэй i блiжэй вывучыць раён. Спадзяёмся, што азначаная карэспандэнцыя ў пэўнай меры адпавядае пастаўленай мэце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter