Беларускi Пецярбург

Мікола  Нікалаеў  сабраў  біяграфіі  амаль  800  нашых  суайчыннікаў  з  горада  на  Няве

Мікола  Нікалаеў  сабраў  біяграфіі  амаль  800  нашых  суайчыннікаў  з  горада  на  Няве

Наша газета расказвала пра вельмi  цiкавага чалавека, беларуса Мiколу Нiкалаева (на здымку) (“Р” ад 8 лiпеня 2008 г.). Ён жыве ў Санкт-Пецярбургу, працуе ў знакамiтай на ўвесь свет Расiйскай нацыянальнай бiблiятэцы (РНБ). Прычым на вельмi адказнай пасадзе — загадчыка аддзела рэдкай кнiгi. Наш зямляк ужо некалькi гадоў захоплены выключна важнай iдэяй, якая вызначае i напаўняе ўсё яго цяперашняе жыццё, найлепш гаворыць пра яго высакародную неўтаймаванасць. Вывучае i даследуе ролю i месца ўраджэнцаў Беларусi ў станаўленнi i будаўнiцтве горада над Нявой. Без перабольшвання, сабраў унiкальны матэрыял, якому няма цаны.

Неацэнны  скарб

У Мiнску пра гэтага апантанага чалавека мне расказаў Аляксандр Станкевiч, таксама наш зямляк, родам з Вiлейшчыны. Шмат гадоў жыве ў Санкт-Пецярбургу, актыўны член Беларускага грамадска-культурнага таварыства.

— Мы, беларусы, у горадзе над Нявой вельмi ганарымся нашым Мiколам Нiкалаевым, — кажа Станкевiч, — навуковец, вядомы гiсторык лiтаратуры i кнiгазнавец, доктар фiлалагiчных навук, прафесар. Падрыхтаваная да выдання яго кнiга пра беларусаў Санкт-Пецярбурга — важная з’ява ў гiсторыi нашай краiны. Проста не верыцца, што столькi знакамiтых беларусаў зрабiлi такi значны ўклад у лёс паўночнай сталiцы Расii. Шкада, што пра iх, нашых славутасцей, мала ведаюць у нашай рэспублiцы. А гэта ж сувязь пакаленняў, якая не павiнна разарвацца. Будзеце ў Санкт-Пецярбургу — абавязкова пазнаёмлю вас з Нiкалаевым.

Такая нагода хутка выпала: дэлегацыя беларускiх ветэранаў выязджала ў Санкт-Пецярбург для сустрэчы са сваiмi калегамi, у яе складзе быў i аўтар гэтых радкоў. Вельмi пашанцавала: праграмай нашага знаходжання ў горадзе на Няве было запланавана i наведванне РНБ. Асаблiва мне было цiкава пазнаёмiцца i пагутарыць з Мiколам Нiкалаевым. Ён падрабязна расказаў пра сховiшча рэдкiх кнiг, якiм загадвае. Яно настолькi багатае i ўнiкальнае, што я абавязкова вярнуся да гэтай тэмы. I перш за ўсё таму, што тут лепшая ў свеце калекцыя кiрылiчных кнiг, надрукаваных у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у часы Францыска Скарыны i Iвана Фёдарава, а таксама выданняў XVII i XVIII стагоддзяў. Практычна ўсе сачыненнi на замежных мовах, прысвечаныя нашай Радзiме. У кожным фондзе бiблiятэкi ёсць шматлiкiя матэрыялы, так цi iнакш звязаныя з Беларуссю. Вось i падумайце, паважаныя чытачы, якi неацэнны скарб з гiсторыi нашай нацыi захаваўся ў горадзе над Нявой.

Але ж зараз пра тую самую творчую задуму Мiколы Нiкалаева. З чаго ўсё пачыналася? I як ён апынуўся ў РНБ?

— Я скончыў Белдзяржунiверсiтэт, — расказвае. – Прапанавалi, прычым вельмi настойлiва, застацца там. Нават тэму для кандыдацкай дысертацыi вызначылi. Зайздросная прапанова: жыццё ў сталiцы, прэстыжная работа, кар’ера. Не згадзiўся. Пры-ехаў у Санкт-Пецярбург, прыйшоў у гэтую бiблiятэку, а тут столькi кнiг, ды якiх! Менавiта пра гэта я марыў i захапляўся з дзяцiнства.

Яго  адкрыццё

Словам, з першага ж разу i беспаваротна ўзяла ў свой палон нашага земляка славутая бiблiятэка. Яго ж даследаванне наконт беларусаў у Санкт-Пецярбургу пачыналася так. Калi гораду было 300 гадоў, выдавалiся цiкавыя кнiгi: “Палякi ў Пецярбургу”, “Фiнскi Пецярбург”, “Немцы ў Пецярбургу”, “Французы ў Пецярбургу” i так далей. Назвы iх гавораць, каму i чаму прысвечаны.

— Я i думаю: а хто ж напiша пра беларускi Пецярбург? – працягвае Мiкола Вiктаравiч. – Бачу, што нiхто гэтай важнай тэмай у бiблiятэцы не займаецца, чытачы не заказваюць адпаведных кнiг. Значыць, пакуль не знайшоўся чалавек, якi б пажадаў i здолеў распрацаваць такi складаны гiстарыч-ны пласт. Ну што ж, вырашыў, буду такiм чалавекам я. I ў 2001 годзе ўзяўся за работу. Меркаваў завяршыць яе за два гады, але ж не тое тут было. I галоўная прычына ў тым, што мне пашчасцiла зрабiць сапраўднае адкрыццё. Вобразна кажучы, я знайшоў новы вялiкi беларускi горад. Яго гiсторыю не вывучаюць па геаграфii, бо ён не на тэрыторыi нашай рэспублiкi, а на берагах Нявы. Ад самага пачатку Санкт-Пецярбурга, гэта значыць ад пятроўскiх гадоў, тут жыло 20—25 тысяч беларусаў. А ў XIX стагоддзi iх было каля 100 тысяч. Сярод iх — вельмi знакамiтыя асобы, якiя назаўсёды ўвайшлi ў расiйскую гiсторыю. Ёсць такая кнiга — “Беларусы ў Расii”. У ёй названы толькi чатыры нашы землякi, якiя жылi i працавалi ў Санкт-Пецярбургу. Я сабраў бiяграфii ажно 750 чалавек, прычым гэта самы верх.

Ён называе толькi некаторыя прозвiшчы, якiя арганiчна ўвайшлi ў лёс горада над Нявой. Вiцэ-губернатар граф Эмерык Гутэн-Чапскi, якi нарадзiўся ў маёнтку Станькава Мiнскага павета. Мiнiстр фiнансаў Расiйскай iмперыi Фёдар Врончанка родам з нашага Беразiно. Цiкавая дэталь: у мясцовага святара Врончанкi быў яшчэ адзiн сын — Мiхаiл. Падпалкоўнiк Генеральнага штаба расiйскай армii, ён вядомы яшчэ i тым, што зрабiў першы пераклад на рускую мову “Фауста” Гётэ, а таксама “Дзядоў” А. Мiцкевiча. Лiтаратары Фа-дзей Булгарын i Восiп Сянкоўскi таксама маюць свае каранi на беларускай зямлi. I лепшы хiрург Расiйскай ваенна-медыцынскай акадэмii генерал-маёр Багданоўскi — наш зямляк.

Узрушанасць  i  здзiўленне

— Дзе ў асноўным вы збiралi матэрыялы для сваёй кнiгi? — пытаюся ў Нiкалаева.

— Яны знайшлiся ў многiх месцах горада над Нявой. Напрыклад, сярод шматлiкiх экспанаваных гармат Арсенала ёсць дзве нясвiжскiя, радзiвiлаўскiя, XVI стагоддзя, вельмi прыгожыя. Паказваюць тут i косы касiнераў Кастуся Калiноўскага, як трафеi расiйскага войска яны застаюцца тут i цяпер.

Асноўная гiстарычная iнфарма-цыя збiралася ў кнiгасховiшчах Расiйскай нацыянальнай бiблiятэкi. Сярод 34 мiльёнаў адзiнак захоўвання — безлiч карысных крынiц па беларускаму Пецярбургу. Былi выкарыстаны таксама сховiшчы бiблiятэкi i архiва Акадэмii навук, дзе сярод iншых знаходзiцца асабiсты фонд акадэмiка Яўхiма Карскага. Працаваў i ў Дзяржаўным гiстарычным архiве Расii. Карыстаўся публiкацыямi i парадамi мiнскiх знаўцаў – Вiталя Скалабана, Адама Мальдзiса, Вiктара Скарабагатава, Вольгi Дадзiёмавай, а таксама пецярбуржцаў — Валерыя Антонава, Валянцiна Грыцкевiча, Iгара Мацыеўскага, Тамары Смiрновай.

— Што вас найбольш узрушыла i здзiвiла падчас гэтай работы?

— Вельмi многае. Шматлiкiя «беларускiя» назвы ў горадзе. I тое, што толькi на Неўскiм праспекце ажно тры дамы пабудаваны па праекце архiтэктара беларускага паходжання. Даспехi Сапегаў у «рыцарскай зале» Эрмiтажа. Выдатная лiтаратурная беларуская мова старых пiцерскiх iнтэлiгентаў: дачкi акадэмiка Гарэцкага Галiны Максiмаўны, генерала Леанiда Сланеўскага, прафесара Мiкалая Гурына. I чароўная простая беларуская мова экскаватаршчыка, якi прыехаў да нашага дома на праспекце Елiзарава лiквiдаваць аварыю. I легенда аб тым, што галава святога брэсцкага пакутнiка Афанасiя Фiлiповiча вывезена па загаду Пятра Першага ў Пецярбург i да цяперашняга часу знаходзiцца там. Навуковае адкрыццё – невядомы спiс “Жыцiя Афанасiя Фiлiповiча” ў бiблiятэцы Пятра. Колькасць артыстаў-беларусаў вышэйшага класа (салiстаў) у Марыiнскiм тэатры. Iнкунабула з подпiсам брэсцкага падскарбiя XVI стагоддзя ў «кабiнеце Фауста» РНБ. Цесныя сувязi беларусаў з ваенна-марскiм флотам Расii, як «служывых», так i распрацоўшчыкаў i будаўнiкоў лодак i надводных караблёў. I тое, што скульптурны помнiк Кацярыне II задумаў i намаляваў мастак-беларус, сябар Тараса Шаўчэнкi Мiхаiл Мiкешын...

Але самае моцнае ўражанне вось ад чаго. Разбурыўся мой вынесены са школы стэрэатып, што беларусы XIX стагоддзя — гэта неадукаваная сялянская грамада. Я знайшоў безлiч прыкладаў беларусаў-урачоў, iнжынераў, ваенных (старэйшых афiцэраў), музыкантаў, выкладчыкаў вышэйшай школы. Я спачатку ажно разгубiўся — адкуль iх так шмат. Потым зразумеў: бо я шукаю ў расiйскай сталiцы, а яны тут i жылi, працавалi. Пецярбург у XIX стагоддзi па колькасцi беларускага насельнiцтва – самы вялiкi ў свеце беларускi горад. Па якасцi – першы.

Беларус  Гурка

— Раскажыце пра лёс каго з беларусаў-пецярбуржцаў.

— У царскiя часы галоўным кiраўнiком Пецярбурга быў генерал-губернатар. Яму падпарадкоў-валiся грамадзянскi губернатар, палiцыя i вайсковы гарнiзон. Двойчы за XIX стагоддзе гэтую надзвычай адказную пасаду займалi беларусы. У 1846—1847 гадах — генерал ад iнфантэрыi Мацей Храпавiцкi. У 1879—1880-х — генерал ад кавалерыi Iосiф Гурка.

Iосiф Гурка (1828—1901) — сын вядомага вайскоўца генерала Уладзiмiра Гуркi. Нарадзiўся ў радавым маёнтку ў Магiлёўскай губернi. У 1846 г. скончыў пецярбургскi Пажаскi корпус, служыў у лейб-гвардыi Гусарскiм палку, потым у армii. Генерал-лейтэнантам камандаваў перадавым атрадам, якi ў лiпенi 1877 года перайшоў Балканы, заняў i ўтрымлiваў Шыпкiнскi перавал. Праз некалькi месяцаў на чале кавалерыi Заходняга атрада зноў перайшоў Балканы, якiя лiчылiся недаступнымi зiмой. Заняў Сафiю, разбiў туркаў пад Ташкiсенам i Фiлiпопалем. Да сённяшняга дня ў гарадах Балгарыi ёсць вулiцы, названыя яго iмем. У 1879—1880 гг. Iосiф Гурка быў памочнiкам галоўнакамандуючага войскамi гвардыi i Пецярбургскай вайсковай акругi, часовым генерал-губернатарам Пецярбурга. З 1884 г. ён член Дзяржаўнага савета Расiйскай iмперыi. Пры выхадзе ў адстаўку ў 1894 годзе атрымаў вышэйшы воiнскi чын генерал-фельдмаршала. Папулярнасць генерала Гуркi ў Расii была настолькi вялiкая, што маскоўскi галантарэйшчык нават выпусцiў мыла з яго партрэтам, i гэты тавар ахвотна раскуплялi.

I ў наш час многiя беларусы звязалi свой лёс з горадам над Нявой. Яны не менш знакамiтыя i паважаныя. Расказы пра iх займаюць дастойнае месца ў дасле-даваннi Мiколы Нiкалаева.

Рукапiс кнiгi аб’ёмам каля 600 старонак гатовы. Аргкамiтэт плануе выпусцiць першае выданне на беларускай мове, яно будзе выкарыстана i для падарункаў школьным бiблiятэкам тых населеных пунктаў нашай рэспублiкi, адкуль выйшлi названыя ў кнiзе беларусы-пецярбуржцы. Другое выданне – на рускай мове.

Зараз аргкамiтэт вырашае ня-простую праблему фiнансавання выдання. Спадзяёмся, што i ў нашай краiне знойдуцца людзi, якiя, па сваiх магчымасцях, падтрымаюць такi важны i цiкавы праект для беларускай культуры.

Мiнск—Санкт-Пецярбург—Мiнск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter