Беларускі тэкстыль будзе канкурэнтаздольным

Абмеркавана мадэрнізацыя Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання

Праект мадэрнізацыі вытворчасці, які рэалізуецца ў Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб’яднанні, завершыцца да сярэдзіны 2014 года.

Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на нарадзе ў Баранавічах па пытаннях рэалізацыі праекта.

«Бізнес-план, які быў прадстаўлены на разгляд кіраўніку дзяржавы і на падставе якога ў красавіку быў прыняты адпаведны ўказ, рэалізуецца, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Думаю, што ён будзе паспяхова выкананы. Для гэтага ёсць усе перадумовы».

На прадпрыемстве ствараюцца новыя цэхі і тэхналагічныя лініі. Фактычна завяршаецца тэндар на пастаўку асноўнага абсталявання. Яго паступленне чакаецца да сярэдзіны наступнага года. «Такім чынам, праект будзе ў поўным аб’ёме рэалізаваны да сярэдзіны 2014 года», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Рэнтабельнасць продажу на прадпрыемстве сёння больш за 10 %.

«Прадпрыемства мае няхай сабе невялікі, але ўжо зароблены прыбытак, у паўтара раза вырас аб’ём экспарту і амаль на 120 % павялічыўся аб’ём вытворчасці. Сярэдняя зарплата тут складае каля Br 2,9 млн. У снежні яна чакаецца на ўзроўні Br 3,2 млн. З рэалізацыяй праекта ставіцца задача дасягнуць выручкі на аднаго працоўнага ў межах $ 60 тыс.», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Чакаецца, што заработная плата пры гэтым вырасце да $ 1 тыс.

Беларускім тэкстыльшчыкам прыходзіцца працаваць у няпростых умовах, таму што большая частка сыравіны завозіцца з-за мяжы. Пры гэтым бавоўна, з якой вырабляюць прадукцыю, на 100 % імпартуецца.

Аптымізацыя энергетычнай схемы, упарадкаванне невытворчых выдаткаў дазволілі ў пэўнай ступені палепшыць сальда знешняга гандлю, хоць яно і застаецца адмоўным у сувязі з перавагай імпарту. Праца па аптымізацыі сальда працягваецца, у тым ліку ў частцы нарошчвання экспарту.

Лёгкая прамысловасць дастаткова складаная галіна, канстатаваў прэм’­ер-міністр. «Мы выпускаем прадукцыю, якой у свеце перавытворчасць, і вымушаныя канкурыраваць за кошт цаны і якасці, — сказаў ён. — Але тыя рэзервы, інжынерныя ноу-хау, кіраўніцкія рашэнні рэальна дазволяць стабілізаваць становішча ў гэтых галінах».

Для БВБА выдзелена дадатковае фінансаванне ў адпаведнасці з Указам ад 25 красавіка 2012 г. № 205. Сродкі, накіраваныя на рэалізацыю інвестпраекта, дадуць магчымасць у бліжэйшыя гады наладзіць вытворчасць баваўняных, змесавых пражы і тканін, якія будуць адпавядаць лепшым сусветным аналагам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter