«Беларусь — гэта мы»

Новая грамадска-культурная акцыя распачнецца заўтра ў Гомелi

Новая грамадска-культурная акцыя распачнецца заўтра ў Гомелi

Прадстаўнiкi творчай iнтэлiгенцыi краiны выступiлi з iнiцыятывай правядзення грамадска-культурнай акцыi «Беларусь — гэта мы». Пра гэта ўчора журналiстам паведамiў мiнiстр культуры Беларусi Павел Латушка.

— Мы хацелi б звярнуць увагу нашага грамадства на тое, што культура з’яўляецца важным фактарам у пабудове квiтнеючай, незалежнай краiны — Рэспублiкi Беларусь. Мэта гэтай акцыi — паказаць усё самае яскравае, лепшае, што напрацавана апошнiм часам у нашай нацыянальнай культуры, прадэманстраваць грамадству яе поспехi, даць новы творчы iмпульс для далейшага развiцця, а разам з тым праз здабыткi беларускай культуры паспрыяць распаўсюджванню пазiтыўнага iмiджу нашай краiны па-за межамi Бацькаўшчыны.

На працягу года ў ходзе акцыi плануецца правядзенне каля 100 мерапрыемстваў — канцэртаў, спектакляў, мастацкiх выставак, якiя пройдуць у сталiцы, абласных цэнтрах, малых гарадах Беларусi, а таксама за яе межамi.

Удзельнiкамi акцыi стануць лепшыя творчыя сiлы — прафесiйныя i аматарскiя, а таксама вядучыя артысты i калектывы краiны. У лiку iх — салiсты Нацыянальнага акадэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета, Дзяржаўны акадэмiчны сiмфанiчны аркестр, Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi, народны хор iмя Г. Цiтовiча i народны аркестр iмя I. Жыновiча, Прэзiдэнцкi аркестр, ансамблi «Песняры», «Сябры», «Верасы», Дзяржаўны ансамбль танца i харэаграфiчны ансамбль «Харошкi», спевакi Ядзвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч, Iрына Дарафеева, Iна Афанасьева…

Акцыя пачнецца 14 лютага ў Гомелi, адкрые яе вялiкi канцэрт «Я люблю Беларусь!» маладых артыстаў беларускай эстрады Анi Шаркуновай i Германа.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter