Пастырскае пасланне Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча на Вялiкдзень 2015 г.

Беларусь, будзь краiнай уваскрасення!

Пастырскае пасланне Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча на Вялiкдзень 2015 г.

Хрыстус уваскрос — сапраўды ўваскрос!

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧГлыбокапаважаныя браты i сёстры, усе людзi добрай волi!

1. Гэтым пасхальным воклiчам сардэчна вiтаю ўсiх вас i вiншую з радасным i збаўчым, самым вялiкiм i найбольш важным хрысцiянскiм святам Уваскрасення Хрыста! Гэтае свята мы адзначаем з радасцю па трох наступных прычынах. Праўда ўваскрасення Хрыста з’яўляецца падмуркам хрысцiянскай веры. Яна гарантыя нашага ўваскрашэння, дае надзею i падтрымку ў жыццёвых цяжкасцях. Яна таксама нагадвае нам, што варта жыць, бо перад намi перспектыва шчаслiвай вечнасцi.

2. Велiкоднае Евангелле распавядае нам, як жанчыны–мiраносiцы на трэцi дзень пасля крыжовай смерцi Хрыста, якi быў першым днём тыдня, пайшлi да магiлы свайго любiмага Настаўнiка, каб паводле габрэйскага звычаю намасцiць Яго цела пахучымi алеямi. ...Найбольшым клопатам гэтых жанчын падчас iх шляху да магiлы Езуса была праблема доступу да Яго цела, бо грабнiца была закрыта вялiкiм каменем i ўваход у яе вартавалi жаўнеры. Аднак якое ж здзiўленне ахапiла iх, калi яны ўбачылi адкрытую магiлу (пар. Мк 16, 1–5).

Але гэта яшчэ не ўсё, бо найбольшае здзiўленне чакала iх унутры яе. Там яны не ўбачылi цела Езуса. Замест яго знаходзiлiся палотны, у якiя яно было захiнута, i анёла, якi iм сказаў: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назаранiна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалi Яго» (Мк 16, 6).

3. Убачанае i пачутае было для iх маланкай з яснага неба аж да таго, што, перапужаныя, яны пабеглi да апосталаў, каб абвясцiць iм аб тым, што ўбачылi i пачулi (пар. Мц 28, 8).

Не паверылi таксама i апосталы. Пётр i Ян пабеглi да магiлы. Ян, як малодшы, дабег хутчэй, але не ўвайшоў i чакаў Пятра. Прыйшоўшы да магiлы, Пётр зазiрнуў у яе. Евангелiст нiчога не кажа аб рэакцыi Пятра. У той жа час ён падкрэслiвае, што калi ў яе ўвайшоў Ян, то паверыў (пар. Ян 20, 3–8).

4. Уся гэтая гiсторыя нагадвае нам аб тым, што нават апосталам, якiя ў пэўным сэнсе былi пасвячоныя ў таямнiцу крыжовай смерцi Езуса i Яго ўваскрасення, цяжка было паверыць, што яно стала рэчаiснасцю.

Больш за тое, засмучаныя i страцiўшыя надзею вучнi з Эмаўса ў той жа дзень вярталiся з Ерузалема ў сваю мясцовасць, калi да iх, размаўляючых аб апошнiх, звязаных з Езусам, падзеях, далучыўся ўваскрослы Хрыстус. Яго, аднак, яны не пазналi... I толькi на ламаннi хлеба, гэта азначае падчас Эўхарыстыi, яны пазналi ў гэтым спадарожнiку Езуса (пар. Лк 24, 13–35).

Мы ведаем таксама, што ў той самы першы дзень тыдня ўваскрослы Езус аб’явiўся Марыi Магдалене, якая прыняла Яго за садоўнiка (пар. Ян 20, 11–16). Вечарам таго ж дня ў Вячэрнiку аб’явiўся Ён i ўсiм апосталам, акрамя Тамаша, якога не было з iмi (пар. Ян 16, 19–23).

Адсюль вынiкае праўда аб тым, чаму хрысцiяне святкуюць нядзелю, якая ў хрысцiянстве называецца «Днём Панскiм» — «Dies Dominica». Бо гэта дзень уваскрасення Пана — дзень перамогi Хрыста над грахом, смерцю i злым духам.

У сувязi з гэтым неабходна звярнуць увагу i на тое, што Бог стварыў свет i чалавека на працягу тыдня, а ў першы дзень тыдня, у нядзелю, Езус аднавiў свет i чалавека. Яго, смяротнага, учынiў несмяротным. Таму Пасха з’яўляецца вяршыняй Божай дзейнасцi ў гiсторыi чалавецтва i свету.

5. Напэўна, усiм нам вядома грэчаская паэма пра легендарную птушку фенiкс. Прадбачачы сваю смерць, яна з галiнак пахучага дрэва звiла сабе гняздо, у якiм згарэла. Аднак з попелу, што застаўся пасля яе, вылецела новая птушка. Адсюль i паходзiць выраз: адрадзiцца як фенiкс з попелу.

Такiм чынам, у хрысцiянскай традыцыi фенiкс сiмвалiзуе несмяротнасць, уваскрасенне i жыццё пасля смерцi. У iм вельмi добра бачна велiкоднае пасланне, бо Езус аддаў сваё жыццё за збаўленне свету i на трэцi дзень уваскрос. У Iм новае жыццё ўваскрэсла з попелу смерцi.

Сёння мы адзначаем перамогу Хрыста над грахом, смерцю i злым духам. Гэтая перамога з’яўляецца дарам вечнага жыцця для веруючых у Езуса. Менавiта таму фенiкс з’яўляецца адным з самых раннiх сiмвалаў уваскрослага Хрыста.

6. Праўда ўваскрасення Хрыста з’яўляецца таямнiцай нашай веры, бо нiхто не бачыў самога моманту ўваскрасення. Аднак як Евангелле, так i гiсторыя пакiнулi нам шмат сведчанняў аб гэтай праўдзе. Нездарма святы апостал Павел кажа, што калi б Езус не ўваскрос, то пустой была б наша вера i пустым было б наша абвяшчэнне Евангелля (пар. 1 Кар 15, 14)...

7. Уваскрасенне Хрыста, будучы праўдай нашай веры, з’яўляецца гарантыяй нашага ўваскрашэння. Езус кажа: «Я — уваскрасенне i жыццё. Хто верыць у Мяне, не памрэ нiколi» (Ян 11, 25). Мы верым, што Хрыстус уваскрасiць нас у апошнi дзень.

Але праўдай ёсць i тое, што мы ўжо ўваскрэслi ў Iм у сакрамэнце хросту, у якiм памерлi для граху i паўсталi да жыцця ў Божай ласцы.

8. Мы скончылi Вялiкi пост — час навяртання i паўстання з нашых грахоў. Сёння перажываем збаўчы i радасны дзень Пасхi, якi нагадвае нам аб тым, што ў грахоўнай цемры засвяцiла нязгаснае святло Уваскрасення. Кожны дзень мы, падобна фенiксу, павiнны ўваскрасаць з нашых грахоў i аднаўляцца ласкай уваскрослага Хрыста.

...Сама ж назва сённяшняга свята, «Уваскрасенне», нагадвае аб неабходнасцi сталага ўваскрашэння з грабнiцы грахоў i да змены жыцця на лепшае. А iмкнуцца да дасканаласцi азначае не паддавацца спакусам злога духа i пастаянна яго перамагаць.

9. Гэта нялёгкае заданне, i нам самiм гэта не пад сiлу. Нездарма Езус кажа, што без Яго нiчога не зробiм (пар. Ян 15, 5). Нам патрэбна Яго дапамога, i Ён праз Касцёл, у якiм жыве, спяшаецца з ёю да нас. Неабходна толькi яе прыняць.

Але цi так ёсць у нашым духоўным жыццi? Колькi разоў мы тонем у грахоўным балоце i не хапаемся за руку, якую працягвае нам Езус?! У гэтым крыецца трагедыя чалавека, у якой ён сам, а не хтосьцi iншы, вiнаваты.

10. Зважаючы на вельмi небяспечныя выклiкi нашага часу, кожны з нас асабiста i наша Айчына — Беларусь — патрабуем Хрыста, каб дапамог супрацьстаяць iм.

10.1. Нам патрэбны ўваскрослы Езус, каб баранiў нас перад цемрай бязвер’я i холадам абыякавасцi, якi ўсё больш i больш апаноўвае свет. Найбольш небяспечным ворагам хрысцiянства з’яўляецца не ваяўнiчы атэiзм, бо там мы ведаем, хто нам супрацьстаiць, але абыякавыя сэрцы сучасных хрысцiян без моцнай веры i хрысцiянскага сведчання.

10.2. Нам Ён патрэбны, каб пастаянна перамяняў нашыя сэрцы i чынiў адважнымi сведкамi ў духоўнай цемры секулярызму.

10.3. Нам патрэбны Хрыстус у нашых сем’ях, калi дэвальвуецца Богам устаноўлены iнстытут сям’i, як адзiны i непарушны саюз мужчыны i жанчыны з мэтай супольнага жыцця, узаемнай дапамогi, працягу патомства i яго выхавання, а разводы i распуста лiчацца праявай свабоды.

10.4. Нам патрэбны Езус, каб вучыў сучасных сужэнцаў перамагаць эгаiзм i з радасцю прымаць цяжкасцi адказнасцi адно за аднаго. Сучасны чалавек павiнен разумець, што жыццё без шлюбу i на пробу, iмкненне да заспакаення эгаiстычных iмкненняў i задавальненняў вядзе да расчаравання i жыццёвай драмы.

10.5. Нам патрэбны Уваскрослы, каб вучыў нас клопату пра найбольш каштоўны Божы дар, якiм з’яўляецца дар жыцця. Нашыя сем’i, асаблiва маладыя, павiнны быць адкрытымi на паклiканне да адказнага бацькоўства.

10.6. Нам патрэбны Хрыстус, каб баранiў дзяцей i моладзь. Няўзброеным вокам бачна, як шмат драматычных праблем з’яўляецца ў iх жыццi.

10.7. Нам патрэбны Езус у нашым грамадскiм жыццi, дзе расце алкагалiзм, наркаманiя, карупцыя, усё больш праяўляецца эканамiчны крызiс, паўстаюць розныя канфлiкты, у тым лiку сацыяльная i палiтычная напружанасць, працоўная мiграцыя, якая негатыўна ўплывае на крызiс сям’i i страту веры i г.д.

10.8. Нам патрэбны Уваскрослы, каб дапамагаў разбудзiць пачуццё адказнасцi за нашу Айчыну i салiдарнасцi памiж яе жыхарамi, каб памiж усiмi панаваў дух узаемнай любовi i згоды.

11. Жыхары Беларусi з радасцю i гонарам успрынялi той факт, што Мiнск стаўся месцам перамоваў i падпiсання мiрных пагадненняў па Украiне, якiя з’яўляюцца новым этапам на шляху да вырашэння гэтага братазабойчага канфлiкту ў цэнтры Еўропы, хаця гэты шлях нялёгкi i патрабуе яшчэ шмат намаганняў як з боку канфлiктуючых бакоў, так i мiжнародных арганiзацый.

Беларусь, будуючы сваю тоеснасць на прынцыпах Евангелля, таксама павiнна быць краiнай мiру, узаемапавагi i талерантнасцi яе грамадзян, людзей розных веравызнанняў i нацыянальнасцяў, але ў той жа час сыноў i дачок адной Бацькаўшчыны.

Мы з радасцю перажылi нядаўнi вiзiт Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасцi Папы Францiшка кардынала П’етро Паралiна, якi ўмацаваў нашу веру i заклiкаў да вернасцi Хрысту ў барацьбе са злом, каб жыць свабодай дзяцей Божых. Пасланнiк Папы заклiкаў змагацца з новымi спакусамi нашага часу. Неабходна выбраць памiж Богам i iдаламi, памiж Тым, хто стварыў i любiць нас, i тымi рэчамi, якiя могуць зрабiць нас сваiмi нявольнiкамi. Ад нашага адказу будзе залежаць наша вера, наша будучыня i будучыня нашай краiны. Толькi тыя людзi, якiя вераць у высокiя каштоўнасцi i змагаюцца, каб дасягнуць iх, сапраўды з’яўляюцца грамадзянамi, якiя дапамагаюць сваёй краiне iсцi наперад да лепшай будучынi.

12. Дарагiя браты i сёстры! Усе людзi добрай волi!

Вiншую ўсiх вас з радасным i збаўчым святам Хрыстовай Пасхi! Вiншую католiкаў i iншых хрысцiян, якiя сёння адзначаюць гэтае свята святаў! Няхай велiкодная радасць напоўнiць нашыя сэрцы надзеяй i ласкамi ўваскрослага Пана!

Са словамi асаблiвай павагi звяртаюся да нашых праваслаўных братоў i сясцёр, якiя праз тыдзень будуць адзначаць свята Уваскрасення Хрыста! Жадаю iм так перажыць Страсную сядмiцу, якая распачынаецца, каб яна ўвяла ў сапраўдную радасць пасхальнага «Аллелюя».

Уваскрослы Езус, адары нашу Айчыну, Беларусь, патрэбнымi ёй ласкамi, каб яна была краiнай духоўнага ўваскрасення, якое з’яўляецца гарантыяй гарманiчнага жыцця на зямлi паводле Божага плану i шчаслiвай вечнасцi. Жадаю ўсiм вам, суайчыннiкi i ўсе людзi добрай волi, шчаслiвых, поўных Божай ласкi i Яго супакою святаў Уваскрасення Хрыста.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Гэтыя свае пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем ў iмя Айца, + i Сына i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ, Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Мiнск, 2015 г.

Советская Белоруссия № 64 (24694). Суббота, 4 апреля 2015
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter