Асалода ад перамогi

На Гомельшчыне адзначаны Дзень работнiкаў фiзiчнай культуры i спорту

Масавымi фiзкультурна-аздараўленчымi мерапрыемствамi, прапагандай здаровага ладу жыцця адзначаны Дзень работнiкаў фiзiчнай культуры i спорту i Мiжнародны алiмпiйскi дзень на Гомельшчыне. Больш за 2 тысячы школьнiкаў, студэнтаў i работнiкаў прадпрыемстваў i арганiзацый Савецкага раёна стартавалi ў масавым лёгкаатлетычным забегу на вулiцы Рэчыцкая шаша. На спартыўных пляцоўках раёна прайшлi турнiры i спаборнiцтвы ў гульнявых вiдах спорту.

Затым эпiцэнтр мерапрыемстваў перамясцiўся на набярэжную ракi Сож. Пасля падняцця алiмпiйскага сцяга на дыстанцыю 800 метраў выйшлi прадстаўнiкi абласнога, гарадскога выканаўчых камiтэтаў i адмiнiстрацый Гомеля. За iмi стартавалi работнiкi структурных падраздзяленняў органаў улады, прадстаўнiкi прамысловых прадпрыемстваў i устаноў сацыяльнай сферы. Спартыўнае шчасце ўсмiхнулася нядаўна абранаму старшынi Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Iвану Барадзiнчыку, “срэбраным” i “бронзавым” пераможцамi ў забегу сталi кiраўнiк адмiнiстрацыi Чыгуначнага раёна Сяргей Краўцоў i намеснiк старшынi гарвыканкама Сяргей Парошын. Лiдэры на дыстанцыi атрымалi ад старшынi аблвыканкама Аляксандра Якабсона “салодкiя” ўзнагароды – тарты.

— Разам з пашырэннем кола энтузiястаў фiзкультурна-спартыўнага руху ў нашым рэгiёне, — адзначыў пасля ўручэння Аляксандр Якабсон, — усё больш запатрабаванай становiцца спартыўна-тэхнiчная база. Мы ўжо з цяжкасцю паспяваем задавольваць попыт на манежы, стадыёны, корты, басейны. Так, неўзабаве ўступiць у строй новая грабная база ў Жлобiне, толькi за два апошнiя гады такiя аб’екты ўвайшлi ў строй у Мазыры, Калiнкавiчах, на чарзе – Рагачоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter