Народная артыстка Беларусі, уладальніца «Крыштальнай Паўлінкі» Вольга Клебановіч стварае ўражанне паспяховага, мэтанакіраванага лідара. Пра вытокі ўнутранай сілы лепш, чым яна сама, не скажаш: «Я як лялька-неваляшка: чым мацней абставіны прыгінаюць мяне да зямлі, тым адчайней я падымаюся і, як барон Мюнхгаўзен, за валасы выцягваю сябе».
Вольга рана засталася без бацькі. Гадавалі яе мама і бабуля з дзядулем. Дзяцінства прайшло ў мястэчку Грэск недалёка ад Слуцка. Яна ўмее і агарод палоць, і бульбу са-джаць, і рыбу лавіць, і грыбы збіраць. Заўсёды любіла спяваць і танцаваць, удзельнічала ў школьнай самадзейнасці. У Мінск, да мамы, якая аднаўляла пасляваенны горад, пераехала вучыцца пасля сёмага класа. Марыла стаць урачом або артысткай. Стала артысткай, лечыць душы.
У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут паступіла ў 1962 годзе на акцёрска-рэжысёрскі курс Уладзіміра Андрэевіча Маланкіна, вучылася разам з Валерыем Раеўскім, Барысам Луцэнкам. Вядомасць прыйшла да яе ў раннім юнацтве: у часопісе «Огонек» была апублікавана вялікая фатаграфія з подпісам «Мін-чанка, студэнтка Вольга Клебановіч». Для другакурсніцы гэта было як высокае званне. Пасля гэтага лісты з усёй краіны ішлі бясконцым патокам. Творчы шлях абяцаў быць пераможным. У 1966 годзе (Вольга ўжо заканчвала інстытут) тэатральная грамадскасць пляткарыла пра тое, што яе бяруць у Купалаўскі на ролю Паўлінкі. Але па незразумелых прычынах кіраўніцтва тэатра «забылася адправіць запыт», і маладая актрыса вымушана была пагадзіцца паехаць у Гродна. Калі разгубленая выпускніца стаяла пад лесвіцай роднага інстытута і плакала, яе ўбачыў выдатны акцёр Рускага тэатра, адзін з лепшых педагогаў, які выхаваў цэлую плеяду карыфеяў беларускага тэатра, — Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў (яго памятаюць па ролі фон Каўніца ў фільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы»): «Калі б у мяне быў свой тэатр, я б абавязкова запрасіў цябе ў трупу, але, павер, сапраўднае мастацтва — у правінцыі».
Дзяўчына паехала ў Гродна. Год праляцеў непрыкметна. Але яшчэ на выпускных экзаменах Вольгу Клебановіч запрыкмецілі ўплывовыя акцёры Рускага тэатра Юрый Сідараў і Зоя Асмалоўская. Яны і пераканалі тагачаснага дырэктара тэатра запрасіць «маладую гераіню» ў Мінск. Тут, у першым жа спектаклі «Шчыт і меч», яе заўважыла Аляксандра Клімава і ўзяла пад сваю апеку. Сённяшняя Вольга Клебановіч, мне думаецца, пачалася з таго, што масцітая актрыса, як эстафетную палачку, перадала ёй сваю «каронную» ролю Нілы Сняжко ў спектаклі «Барабаншчыца». Тэатралы памятаюць гэты спектакль, калі першы акт іграла Клімава, а другі — Клебановіч. Абедзве актрысы сядзелі ў адной грымёрцы, дзе і цяпер размяшчаецца народная артыстка Беларусі і дзе вісіць партрэт яе настаўніцы — народнай артысткі СССР.
Па-сапраўднаму першая галоўная роля была ў спектаклі «Дур-нічка» Лопэ дэ Вега, і далей — доўгі шчаслівы акцёрскі лёс.
Вольга Міхайлаўна ніколі не ся-дзела без працы. У яе творчай скарбонцы — гераіні Астроўскага і Дастаеўскага, Чэхава і Горкага, Шылера і Брэхта, Купалы і Быкава, Адамовіча і Дударава. Яна свабодна асвойвае розныя жанры — ад лёгкай камедыі да псіхалагічнай драмы, выбіраючы ролі на пераадоленне, на разуменне новага характару. Абаяльная ў жыцці, актрыса не баіцца на сцэне быць непрыгожай і смешнай. Гратэск і самаіронія — яе ўпадабаныя фарбы. Нярэдка сыграныя ёю ролі становяцца тэатральным «хітом» сезона: падзейныя поспехі цяперашняга рэпертуару — Эсфір у аднайменным спектаклі па п’есе Л. Уліцкай і Ханума ў «Выхадках Ханумы» А. Цагарэлі.
Характар у актрысы моцны, незалежны. Як сказала пра яе адна з вядучых і паважаных актрыс тэатра: «Вольга розная, яна як ртуць: быццам і падатлівая, але метал».
У тэатры да Вольгі Міхайлаўны цягнецца моладзь, успрымаючы яе спектаклі, яе заўвагі, размовы з ёю — як майстар-класы. Яна ўмее сябраваць. Круг сяброў і прыяцеляў у яе вельмі шырокі: архітэктары, інжынеры, урачы, акцёры.
У сям’і — клапатлівая мама дваіх дзяцей, любячая бабуля. Яна годна і стойка пераносіла беды, якія выпадалі на яе долю.
На жаль, патэнцыял і яркую індывідуальнасць актрысы недастаткова бачаць нашы кінематаграфісты. А вось Валерый Тадароўскі заўважыў. У фільме «Палюбоўнік» у Клебановіч яркі эпізод з Алегам Янкоўскім. І ў тэлесерыяле «Адліга» рэжысёр таксама знайшоў магчымасць зняць яе. Ад «кінаняўвагі» айчынных пастаноўшчыкаў Вольга Міхайлаўна не пакутуе, а ад здымак у расійскіх тэлесерыялах не адмаўляецца: «Гэта ж любімы жанр многіх хатніх гаспадынь, значыць, прамая дарога да сэрцаў гледачоў». Вось і ў рэкламе «Бабуля Аня» пагадзілася ўдзельнічаць. Калегі жартуюць: чароўнасць актрысы значна паўплывала на грашовую выручку ад продажу мукі і пельменяў у многіх супермаркетах краіны.
Але тэатр — галоўнае для яе. Там кіруюць сумленне і талент.
Нэлі Крывашэева