Аплата штрафу з дапамогай сістэмы «Разлік»

На пытанне адказвае Ганна БАНАДЫК, старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ Міністэрства ўнутраных спраў
З дапамогай спецсродкаў Дзяржаўтаінспекцыя зафіксавала, што я, кіруючы аўтамабілем, парушыў правілы спынення і стаянкі. Мне даслалі так званы «ліст шчасця». Зараз неабходна заплаціць належны штраф. Чуў, што гэта можна зрабіць з дапамогай сістэмы «Разлік». Як канкрэтна гэта ажыццявіць? Думаю, што такая iнфармацыя цiкавiць многiх. 

Уладзімір СЯМЁНАЎ, г. Мінск 

Банадык АннаНа пытанне адказвае Ганна БАНАДЫК, старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ Міністэрства ўнутраных спраў

Сапраўды, з 18 снежня 2014 года МУС і Нацыянальны банк  падключылі да сістэмы «Разлік» Адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (далей — сістэма «Разлік» АРІП) паслугу па аплаце штрафу за парушэнні правілаў спынення і стаянкі, зафіксаваныя спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме. 

Штраф можна аплаціць з дапамогай аплатна-даведачнага тэрмінала, у інфакіёсках, па інтэрнэт-банкінгу, мабільным банкінгу, праз банкамат, касу банка і іншыя пункты банкаўскага абслугоўвання, што падключаны да сістэмы «Разлік» АРІП. Больш падрабязная інфармацыя аб пераліку пунктаў банкаўскага абслугоўвання, якія былі задзейнічаныя ў сістэме «Разлік», размешчана на сайце www.raschet.by у раздзеле «Плацельшчыкам». 

Для аплаты штрафу неабходна: 

выбраць пункт «Сістэма «Разлік» (АРІП), 

выбраць паслядоўна ўкладкі: «МУС» — «ДАІ — фотафіксацыя» — «Прыпынак і стаянка», 

выбраць рэгіён, у якім было здзейснена адміністрацыйнае правапарушэнне, 

увесці рэгістрацыйны нумар правапарушэння (11 лічбаў), названы ў пастанове аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, 

увесці суму плацяжу (калі не пазначана), 

зверыць даныя аб правапарушэнні (прозвішча, імя, імя па бацьку ўладаль-ніка транспартнага сродку) і суму штрафу, 

здзейсніць плацеж. 

Калі ваш плацеж ажыццяўляецца ў касе банка, калі ласка, паведаміце касіру аб неабходнасці правядзення плацяжу праз сістэму «Разлік» (АРІП). 

Жадаем чытачам «Рэспублікі» ў новым годзе не парушаць Правілы дарожнага руху, тады, натуральна, і штрафы не давядзецца плаціць. 

Як забраць аўтамабіль з ахоўнай стаянкі


Янковская Анна.jpgНа пытанне адказвае Ганна ЯНКОЎСКАЯ, адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі «Транспарт і права» Мінскай гарадской калегіі адвакатаў

Як атрымаць назад аўтамабіль, які супрацоўнікі ДАІ змясцілі на ахоўную стаянку?

Алена НЕЧЫПАРОВІЧ, г. Гомель

АДКАЗ. Па-першае, аўтамабіль вяртаецца толькі пры прад’яўленні пасведчання аб рэгістрацыі (тэхпашпарта, тэхталона) і пасведчання вадзіцеля з талонам да яго. Пры адсутнасці хаця б аднаго з гэтых дакументаў транспартны сродак не вяртаецца. Выключэннем з’яўляецца выпадак, калі транспартны сродак забіраецца з ахоўнай стаянкі спосабам, які не патрабуе кіравання ім. У такой сітуацыі прад’яўляць пасведчанне вадзіцеля з талонам да яго не абавязкова. А патрабаванне  супрацоўнікаў стаянкі аб яго прад’яўленні незаконнае  і  не падлягае  выкананню, паколькі з’яўляецца самаўпраўствам.

Па-другое, забраць свой аўтамабіль можна толькі ў цвярозым стане. Калі ў супрацоўніка стаянкі, які ажыццяўляе ахову, узнікнуць сумненні ў адэкватнасці вашага стану (на прадмет алкагольнага, таксічнага, наркатычнага ап’янення), то ён мае права не вяртаць аўтамабіль да прыезду супрацоўнікаў тэрытарыяльнага РАУС.

Па-трэцяе, пры вяртанні аўтамабіля ўласніку, уладальніку альбо ўпаўнаважанай ім асобе выдаецца на рукі адзін экзэмпляр пратакола агляду транспартнага сродку, які быў складзены перад прымусовай адбуксіроўкай аўтамабіля на ахоўную стаянку. Таксама заканадаўствам вызначана, што ўласнік, уладальнік транспартнага сродку або ўпаўнаважаная ім асоба пры атрыманні транспартнага сродку распісваецца ў пратаколе агляду транспартнага сродку. Мяркую, што неабходна распісацца і ў пратаколе, які застаецца на ахоўнай стаянцы, і ў пратаколе, які прызначаны для ўласніка (уладальніка) транспартнага сродку.

Таксама па патрабаванні ўласніка, уладальніка альбо ўпаўнаважанай ім асобы пры вяртанні аўтамабіля праводзіцца агляд транспартнага сродку і складаецца акт агляду. У акце паказваюцца падставы для правядзення агляду, а таксама пералік наяўных бачных дэфектаў і пашкоджанняў транспартнага сродку. Акт складаецца ў двух экзэмплярах, падпісваецца ўласнікам (уладальнікам) транспартнага сродку або ўпаўнаважанай ім асобай і работнікам, які ажыццяўляе ахову транспартнага сродку.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter