Як «апрануць» сцены ў тэрмашубу?

Аперацыя цепламадэрнізацыя

Зімой у многіх вуглавых кватэрах старых дамоў стано-віцца не так камфортна жыць. Ад холаду жыхары ратуюцца па-рознаму: нехта закупляе награвальныя прыборы, іншыя ўцяпляюць знешнія сцены кватэр. Такую опцыю прапануюць як прыватныя фірмы, так і раённыя ЖРЭА. Паслугай апошніх з пачатку года ў Мінску скарысталіся ўладальнікі 31 кватэры.


Каб «апрануць» сцены ў тэрмашубу, трэба звярнуцца ў ЖРЭА. Майстры возьмуцца за сцены і ў панэльным, і ў цагляным доме.

— Пасля атрымання заяўкі мы складзём каштарыс і заключым дагавор, у якім прапішам кошт, тэр-міны і спосабы выканання работ, і прыступім да ўцяплення. Распрацоўваць праект для гэтага не спатрэ-біцца, — растлумачылі парадак дзеянняў у ЖРЭА Ленінскага раёна.

Можна звярнуцца і ў прыватную фірму. Спажыўцы выбіраюць яе як самастойна, так і з дапамогай ЖРЭА, у якіх дадуць спіс фірм, што маюць дазвол на правядзенне адпаведных работ. Але пісьмовы дазвол ЖРЭА на правядзенне работ усё роўна спатрэбіцца. У ім пазначаць рэкамендацыі для фірмы: як сцены павінны выглядаць пасля ўцяплення і якога колеру яны павінны быць, каб не парушаць агульнага ўспрымання будынка.

У тым выпадку калі, напрыклад, ваша кватэра знаходзіцца ў доме, які выходзіць на галоўную вуліцу ці плошчу, давядзецца ўзгадняць цеплавую мадэрнізацыю з галоўным архітэктарам раёна. А калі ў будынку, які адносіцца да помнікаў архітэктуры, то з Міністэрствам культуры. 

Калі гаварыць пра кошт, то па расцэнках ЖРЭА ўцяпленне кватэры абыдзецца ў 680 тысяч рублёў за 1 квадратны метр. Лічба фіксаваная для ўсіх ЖРЭА. На выніковы цэннік можа паўплываць дзень, у які вы выклікалі майстроў, — будні або выхадны. Дарэчы, ёсць магчымасць растэрміноўкі на тры месяцы. У такім выпадку сумы за ўцяпленне кватэры будуць часткамі ўносіць у жыроўку асобным радком. Калі ваша жыллё прамярзае і гэта пацверджана ў час абследавання спецкамісіі, яго ўцепляць на сродкі ЖРЭА.

Праўда, камунальнікі працуюць з кватэрамі да 5-га паверха: калі вы жывяце вышэй, то прыйдзецца звяртацца ў прыватныя фірмы, у штаце якіх ёсць прамысловыя альпіністы з атэстатам і ліцэнзіяй. Цэннік будзе крыху вышэйшы — каля 800 тысяч, уключаючы кошт матэрыялаў.

Іна ГАРБАЦЕНКА

gorbatenko_inna@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter