Апантаная абляпiха

Паслухайце, паважаныя чытачы, што вытварае ў нас на дачы...

Паслухайце, паважаныя чытачы, што вытварае ў нас на дачы самая звычайная абляпiха. Прычым не толькi ў садзе, але i ў агародзе.

Яе саджанцы я набыў у навукова-даследчым iнстытуце пладаводства, якi знаходзiцца пад Мiнскам у Самахвалавiчах. Вучоны сакратар iнстытута Марына Шалкевiч, кандыдат сельгаснавук, вядомы спецыялiст па гэтай культуры, займаецца ёю шмат гадоў, параiла мне добры сорт — «цiмафееўскую».

Прывёз я ў вёску тры кволенькiя саджанцы. Пасадзiў iх у самым лепшым месцы: на краi агарода, дзе шмат прастору, да таго ж з паўднёвага боку, тут заўсёды сонечна, а значыць, i цёпла. Спачатку саджанцы нiбы застылi, нiякага росту. А потым так рванулi, шо мы супакоiлiся. Значыць, спадабалася iм тут, бо хутка нас радавалi прыгожыя, стройныя дрэвы абляпiхi.

А неўзабаве мы ўбачылi такi малюнак: з усiх бакоў ад гэтых трох дрэў пачалi вытыркацца з зямлi парасткi. Усюды: на градках, дзе мы пасадзiлi моркву, цыбулю, проста ў траве, уздоўж дарожкi, выкладзенай плiтамi, на клумбе з кветкамi… Прычым жвавыя няўрымслiвыя парасткi з’яўлялiся на паверхнi зямлi далёка ад сваёй «мацi», метры за тры-чатыры.

Што ж рабiць? Калi так пойдзе i далей, дык раэльная пагроза агароду, бо суседства на адной i той жа градцы, скажам, цыбулi i абляпiхi зусiм недарэчна. I знiшчаць гэтыя маладыя парасткi было шкада. Лепшыя з iх мы выкопвалi, аддавалi знаёмым дачнiкам. Некалькi перасадзiлi ў сад.

Але ж тое, што здарылася далей, нас, мякка кажучы, нават абурыла. Да падвальнага паверха нашага дома вядзе асфальтавая дорожка. Асфальт клалi не ўручную: выконвала гэта спецыяльная машына, добра ўтрамбавала цяжкiм катком, i пласт атрымаўся тоўсты, моцны. I вось што бачым: там-сям асфальт прыўзняты, з’явiлiся шчылiнкi, а ў iх нешта зелянее. Прыгледзелiся – дык гэта ж парасткi, бледныя i слабыя. Што, гадаем, за такая раслiна, якая прабiла тоўсты асфальт? Хутка ўцямiлi: тая ж абляпiха.

Але ж ад «мацi» да месца, дзе выглянулi на белы свет надта смелыя «дзецi», метраў восем. Немалая адлегласць. I гэта яшчэ не ўсё: агарод i дарожку аддзяляюць моцныя, тоўстыя бетонныя блокi, спецыяльна пастаўленыя, каб у час дажджу з градак не спаўзала размытая глеба. А каля блокаў здорава разраслiся вялiкiя, густыя кусты чорных парэчак.

Словам, адолець такi нялёгкi, са шматлiкiмi перашкодамi шлях i так далёка разысцiся для карэння абляпiхi надзвычай складана. I ўжо зусiм неверагодна: яно ж прабралася пад урытымi ў зямлю шырокiмi бетоннымi блокамi, каб па другi бок ад iх выпусцiць праз асфальт парасткi, даць iм жыццё…

Карацей кажучы, на нашых вачах няўрымслiвая абляпiха псуе асфальтавую дарожку, а яна ж каштавала нам немалыя грошы. Звярнулiся да суседа, дядзькi Сiвага. Ён у нашай вёсцы i аграном, i садоўнiк, настолькi дбайны, вопытны гаспадар, так любiць i ўмее працаваць на сваiх сотках, а пра розныя пладовыя дрэвы, кусты ведае ўсё. «Залiвайце гэтыя парасткi кiпенем — яны i прападуць, — параiў сусед. – Iнакш падымуць увесь асфальт». Усё лета мы так i рабiлi, парасткi знiклi. А наступнай вясной тое ж самае. Шчылiнак на прыўзнятым асфальце стала яшчэ больш, i з кожнай вылазiў упарты парастак. На градках жа iх было столькi, быццам хтосьцi пасадзiў.

Сусед прапанаваў радыкальныя меры: перасадзiце ўсе тры дрэвы абляпiхi з агарода ў сад. I хаця тут было цесна, малавата сонца, але ж iншага выйсця з такой складанай сiтуацыi мы не бачылi. Агарод i асфальт выратавалi, ды толькi зусiм iншая абляпiха была ў садзе: дрэвы цягнулiся не ўверх, а ў бакi, ствалы крывыя, непрыгожыя. Сапсавалi мы добрую пароду, выходзiць так. Ды не! Гады праз два ўбачылi, як з сонечнага боку саду там-сям прабiлiся парасткi абляпiхi…

Прабралiся яны сюды метраў за шэсць-сем ад сваёй «мацi», быццам адчуваючы, што iм тут будзе добра. Так i выйшла: гэтыя маладыя дрэўцы выраслi стройныя i прыгожыя, на чацвёрты год пачалi пладаносiць.

I цяпер збiраем ураджай i з тых, перасаджаных дрэў, i з маладых. Ах, якое хараство, калi позняй восенню вiсяць на галiнках цэлыя гiрлянды жоўта-аранжавых ягад! На смак яны кiславатыя, з дзiўным пахам i надзвычай сакавiтыя. Жонка добра iх выцiскае, i атрымлiваецца сок. Налiвае яго ў шклянкi, i мы бачым, як на паверхню падымаецца густы абляпiхавы алей. Незвычайныя яго лекавыя ўласцiвасцi добра вядомы: дапамагае пры шматлiкiх захворваннях. Дарэчы, як i свежыя плады, нездарма ж яны са старажытных часоў папулярныя ў кiтайскай, тыбецкай i мангольскай медыцыне.

Пазванiў нядаўна Марыне Шалкевiч, расказаў, як паводзiць сябе ў нас апантаная абляпiха.

— У гэтага дрэва каранi маюць паверхневую сiстэму i могуць адыходзiць ад «мацi» на далёкую адлегласць, — расказала яна. – Пра гэта мне паведамляюць аматары-садаводы. Але ж пра такое, каб каранi прайшлi глыбока пад бетоннымi блокамi i паднялi асфальт, чую ўпершыню.

— Ды мы не ў прэтэнзii да вас, Марына Сяргееўна, — кажу. – Наадварот, вельмi моцны, жывучы сорт я атрымаў.

— Зараз калекцыя абляпiхi ў нашым iнстытуце налiчвае звыш 60 сартоў. У свеце iх жа больш за 300. З нашай уласнай селекцыi ўдалы сорт «гаспадар», ён добра пераносiць зiму. У наступным пяцiгоддзi думаем перадаць на размнажэнне сорт з абсалютна сухiм адрывам, як мы называем. Нават калi ягады i пераспеюць, iх лёгка будзе браць з галiнак, што вельмi важна.

— Цi папулярная абляпiха ў беларускiх дачнiкаў?

— Так, многiя ахвотна бяруць яе i садзяць на сваiх участках.

Я i сам на ўласным вопыце пераканаўся, што абляпiха вельмi дарэчы ў садзе. Дрэва без асаблiвай прэтэнзii, хаця часам бывае i вельмi неутаймаванае, але ж ад такога яго «характару» цiкавей на дачы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter