Анёл у хатцы ледзяной

Морква замест носа: А што вы злепіце са снегу гэтай зімой?

На гэтым тыдні надвор’е парадавала нас не толькі марозам, але і чыстым белым снегам. Спачатку ён выпаў у крайніх заходніх і ўсходніх рэгіёнах, а ў сераду і ў цэнтральнай частцы Беларусі. Але сюрпрызы на гэтым не скончыліся. Ужо ў выхадныя сіноптыкі абяцаюць, што вышыня снежнага покрыва дасягне 15—20 сантыметраў. А значыць, самы час гуляць у снежкі і нешта будаваць з белай «цэглы». «А што вы збіраецеся зляпіць са снегу гэтай зімой?» — спыталі мы ў нашых чытачоў.

Канстанцін ДРАПЕЗА, удзельнік гурта «Аляксандра і Канстанцін»:

— Снегавіка. Ён жа ў нас сімвал зімы. Яго, дарэчы, рабілі і ў мінулым годзе. Было гэта на Масленіцу. У той дзень мы па традыцыі спалілі чучала зімы, а потым вырашылі скарыстацца тым, што вакол яшчэ ляжыць сняжок, і зляпілі снегавіка. Складаўся ён з трох вялізных камякоў, носам стала морква, а шапкай — вядро.

Марыя ВАШЧУК, інжынер-праекціроўшчык Інстытута «Брэстстройпраект»:

— Магчыма, калі выпадзе крыху больш снегу, мы з мужам злепім макет уласнага дома. Паўтара года таму мы сталі сям’ёй. І зараз пытанне ўласнага жылля для нас адно з галоўных. Пакуль магчымасці яго набыць няма, чаму б не зрабіць са снегу? Тым больш што свой дом я хачу спраектаваць сама. Уяўляю яго аднапавярховым з вялікай мансардай, дзе можна будзе вечарамi сядзець і глядзець на агонь у каміне ці любавацца тым, як заходзіць сонца.

Аляксандр ЖДАНОВІЧ, акцёр, вядучы праграмы «Калыханка»:

— З жонкай мы часта наведваем невялічкі манастыр, недалёка ад якога ёсць інтэрнат. Мінулай вясной, калі яшчэ ляжаў снег, разам з дзеткамі з інтэрната і мастакамі мы зляпілі анёла вышынёй 1,2 метра. Прычым гэта была па-сапраўднаму ювелірная праца: старанна вылепленыя крылы і нават валасы. Шкада толькі, што тады неяк рэзка пацяплела, і наш прыгажун хутка растаў. Памяць аб ім засталася толькі на здымках. Магчыма, у гэтым годзе мы паспрабуем зляпіць чароўнага чалавечка.

Яўгенія БЯДОНІК, кіраўнік выдавецкага аддзела выдавецкага цэнтра «Марка»:

— Апошні раз я нешта ляпіла са снегу яшчэ ў дзяцінстве. Гэта была крэпасць, якую мы гадзіну ці дзве будавалі з братам і бацькамі. А потым падзяліліся на каманды і гулялі ў снежкі. Зараз нешта ляпіць мне ўжо не хочацца. Але гэтай зімой я абавязкова зраблю для сябе снежны дождж: стану пад заснежанае дрэва і страсану на сябе з галінак белае покрыва.

Наталля МАСЛАК, інжынер-тэхнолаг кандытарскага ўчастка хлебазавода № 4 горада Мінска:

— Я б зляпіла торт. Выглядаў бы ён як снежны шар. Зверху ўпрыгожыла б яго льдзінкамі, зробленымі з карамелі. І хоць такую «смакату» нельга з’есці, думаю, атрымаць яе ў падарунак ніхто б не адмовіўся. Ды і каштаваў бы гэткі «пачастунак» вельмі танна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter