Об алиментах с правовой точки зрения

Аліменты на дзяцей i бацькоў

На пытанне адказвае Сяргей ПРУДНІКАЎ, адвакат адвакацкага бюро «ПраваВiК» Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў
Развод у апошні час стаў часткай жыцця многіх. Адна справа проста развесціся, а зусім іншая, калі ёсць дзеці, якіх трэба выхоўваць, збіраць у школу, забяспечваць нармальны побыт і ўмовы жыцця. Вось тут і ўзнікаюць пытанні аб аліментах. Не варта забываць і пра адваротны бок  медаля: калі дзеці начыста забываюць пра тых, хто дапамог ім стаць на крыло. Лічу, што газета павінна надаць увагу гэтай надзённай праблеме, перш за ўсё яе прававым аспектам.

Алена БУРАВА, г. Брэст

На пытанне адказвае Сяргей ПРУДНІКАЎ, адвакат адвакацкага бюро «ПраваВiК» Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў

І заканадаўства, і маральны кодэкс нашага грамадства абвяшчаюць, што бацькі абавязаны ўтрымліваць сваіх дзяцей — не толькі непаўналетніх, але і поўнагадовых непраца-здольных, якiя маюць патрэбу ў дапамозе. Калі бацькі не ўтрымлiваюць сваіх дзяцей, то сродкі на гэта (аліменты) спаганяюцца з іх у судовым парадку. 

Не варта забываць, што кожны бацька мае права выплачваць аліменты ў добраахвотным парадку альбо шляхам утрымання з заработнай платы па месцы працы або па месцы атрымання пенсіі, дапамогі, стыпендыі, ажыццяўлення іншых выплат. Асоба, якая мае права на атрыманне аліментаў, можа звярнуцца ў суд з заявай аб іх спагнанні незалежна ад тэрміну, які прайшоў з моманту ўзнікнення права на атрыманне аліментаў. Яны прысуджаюцца на будучы час з моманту звароту з заявай у суд. 

Аліменты могуць быць спагнаны і за мiнулы час, але не больш чым за тры папярэднiя гады, калі будзе ўстаноўлена, што да звароту ў суд прымаліся меры да атрымання сродкаў на ўтрыманне. Калі аліментшчык быў у вышуку ў сувязі з нявыплатай, то спагнанне ажыццяўляецца за ўвесь мінулы перыяд.

Аліменты на непаўналетніх дзяцей з іх бацькоў пры адсутнасцi Пагаднення аб дзецях, Пагаднення аб выплаце аліментаў, а таксама калі іх памер не вызначаны Шлюбным дагаворам, спаганяюцца ў наступных памерах: 

на адно дзіця — 25% заробку і (або) iншага даходу бацькоў у месяц; 

на двух дзяцей — 33% заробку і (або) iншага даходу бацькоў у месяц; 

на трох і больш дзяцей — 50% заробку і (або) iншага даходу бацькоў у месяц. 

Пры гэтым для працаздольных бацькоў мінімальны памер аліментаў у месяц павінен складаць не менш за 50% на адно дзіця, 75% — на двух дзяцей, 100% — на трох і больш дзяцей бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. 

Памер аліментаў можа быць паменшаны судом, калі ў аднаго з бацькоў, які абавязаны іх выплачваць, маюцца іншыя непаўналетнія дзеці, якія пры спагнанні аліментаў будуць меней забяспечанымі матэрыяльна, чым дзеці, якія атрымліваюць аліменты. Атрымаць «ільготу» пры выплаце аліментаў можна таксама ў тым выпадку, калі бацька, з якога спаганяюцца аліменты, з’яўляецца інвалідам I або II групы. У выключных выпадках суд можа вызвалiць аднаго з бацькоў, які з’яўляецца інвалідам I або II групы, ад выплаты аліментаў, а таксама зменшыць мінімальны памер аліментаў, што спаганяюцца з працаздольнага бацькі, які па аб’ектыўных прычынах не можа iх выплачваць ва ўстаноўленых памерах. 

ВАЖНА! Аліменты могуць спаганяцца і на непрацаздольных поўнагадовых дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Памер такіх аліментаў вызначаецца ў цвёрдай грашовай суме або ў суме, якая адпавядае вызначанай колькасці базавых ве-лічынь, што падлягае выплаце штомесяц, зыходзячы з матэрыяльнага і сямейнага становішча асобы, з якой спаганяюцца аліменты, і асобы, на карысць якой яны спаганяюцца. 

Вылічэнне аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей робіцца з усіх відаў заробку (грашовага ўзнагароджання, грашовага забеспячэння) і дадатковай узнагароды як па асноўным месцы працы, так і за працу па сумяшчальніцтве, на аснове працоўных дагавораў з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у тым ліку з выплат па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах, доглядзе дзіцяцi ва ўзросце да трох гадоў, што выплачваюцца па сацыяльным страхаванні, толькі па судовай пастанове аб спагнанні аліментаў; з аплаты за працу ў звышвызначаны час, у дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні; з выхадной дапамогі, калі памер яе перавышае сярэднямесячны заробак асобы, якая абавязана выплачваць алiменты; з аплаты выканання работ па дагаворах, што заключаюцца ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам. 

Калі бацька, якi абавязаны па судовай пастанове выплачваць алiменты, усё ж настойліва не плаціць іх, то маецца магчымасць спагнаць з яго няўстойку ў памеры 0,3 працэнта ад сумы нявыплачаных аліментаў за кожны дзень пратэр-міноўкі. 

Памер запазычанасці па аліментах вызначаецца судовым выканаўцам зыходзячы з памеру аліментаў, што вызначаны судовай пастановай, Пагадненнем аб дзецях, Пагадненнем аб выплаце алiментаў або Шлюбным дагаворам. Калі даўжнік у гэты перыяд не працаваў або не прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць яго заробак і (або) iншы даход, запазычанасць вызначаецца зыходзячы з заробку і (або) iншага даходу, якi атрымлiваецца iм на момант налiчэння запазычанасці па аліментах. 

У выпадках, калі даўжнік на момант налiчэння запазычанасці па аліментах не працуе, яе памер вызначаецца зыходзячы з заробку даўжнiка па апошнiм месцы працы, а пры адсутнасцi звестак аб гэтым або калi з моманту звальнення прайшло больш за тры месяцы — зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы. 

Многія не бяруць да ўвагі тое, што ў дзяцей у адносінах да бацькоў маецца сустрэчны абавязак клапаціцца і аказваць ім дапамогу. Прымусіць дзяцей аказваць матэрыяльную дапамогу бацькам можна праз суд. 

Памер аліментаў, якія спаганяюцца з кожнага з дзяцей на ўтрыманне іх бацькоў, якiя маюць патрэбу ў гэтым па прычыне непрацаздольнасці, вызначаецца судом у цвёрдай грашовай суме або ў суме, якая адпавядае вызначанай колькасці базавых велічынь. Яна падлягае выплаце штомесяц зыходзячы з матэрыяльнага і сямейнага становішча бацькоў і кожнага з дзяцей. Пры вызначэнні такой сумы суд улічвае ўсіх паўналетніх дзяцей дадзенага бацькі незалежна ад таго, ці прад’яўлена патрабаванне да ўсіх дзяцей альбо толькі да аднаго або некаторых з іх. 

Аднак тут таксама ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, дзеці могуць быць вызвалены ад абавязку па ўтрыманні бацькоў і кампенсацыі выдаткаў па доглядзе іх, калі судом будзе ўстаноўлена, што бацькі ўхіляліся ад выканання бацькоўскіх абавязкаў. Той, хто пазбаўлены бацькоўскіх правоў, страчвае права на атрыманне падобнай дапамогі ад сваіх дзяцей.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter