«Ахтунг! У небе савецкi ас!..»

Беларус Барыс Коўзан – адзiны ў свеце лётчык, якi здзейснiў 4 тараны

Беларус Барыс Коўзан – адзiны ў свеце лётчык, якi здзейснiў чатыры паветраныя тараны

У карпункт “Р” у Бабруйску патэлефанаваў начальнiк гарадскога аэраклуба Аляксандр Кудрыцкi i з крыўдай паведамiў: “Нядаўна ў адной з рэспублiканскiх газет быў надрукаваны матэрыял пра лётчыка, якi здзейснiў тры паветраныя тараны. Маўляў, адзiны такi ў свеце. Гэта не зусiм так. Барыс Коўзан, якi, дарэчы, да вайны вучыўся ў нашым аэраклубе, запiсаў на свой рахунак iх чатыры. Хацелася б, каб вы больш падрабязна расказалi пра гэтага чалавека i ягоны подзвiг”.

Прызнаюся, з ахвотай адгукнуўся на гэтую просьбу, бо асабiста ведаў Барыса Васiльевiча, калi той прыязджаў у горад свайго юнацтва. Нягледзячы на тое, што, як кажуць, пры высокiх пагонах, “зоркавы” чалавек, ён быў вельмi сцiплы, нiякага ўзвышэння. Кожная сустрэча з iм была цiкавая i запамiнальная.

Канешне, гаворка заходзiла i пра бiяграфiю Коўзана. Ён, як аказалася, нарадзiўся ў Растоўскай вобласцi. Але бацькi пераехалi на радзiму ягонага таты, у Беларусь. Нейкi час жылi ў Лагойску, а затым перабралiся ў Бабруйск. Тут Барыс заканчваў васьмiгодку, адначасова займаўся ў гуртку авiямадэлiравання – агульнага тады захаплення. У яго някепска атрымлiвалася, заняў нават другое месца на рэспублiканскiм паказе авiямадэляў. Вядома, тут усялякiя заахвочваннi, але самае каштоўнае тое, што атрымаў права ўзняцца ў неба на самалёце гарадскога аэраклуба. Адчуў хуткасць палёту, i гэта глыбока засела ў iм. Неўзабаве запiсаўся ў аэраклуб, потым адвучыўся ў Адэскiм лётным вучылiшчы. Пасля заканчэння малодшы лейтэнант быў залiчаны ў 162-гi знiшчальны полк, якi размяшчаўся ў горадзе Казельску.

Тут пачалася вайна. Аэрадром пераводзяць блiжэй да ваеннага тэатра дзеянняў. Адно з першых заданняў, якое атрымаў Коўзан, — правесцi разведку працiўнiка ў раёне Бабруйска. Можна ўявiць, з якiм хваляваннем яго выконваў! Было гэта 12 лiпеня 1941 года. Ужо пры падлёце да горада заўважыў абвалены ў раку мост, руiны дамоў ва ўсходняй яго частцы, адкуль нашы спрабавалi ладзiць абарону. Здавалася, горад палаў. Развярнуў самалёт паўночней, у бок вёскi Шчаткава. Раптам калона нямецкiх танкаў, бы тая ядавiтая змяя, перапаўзае праз раку Бярэзiну... Не стрымаўся, каб не прайсцiся больш нiзка над ёй ды секануць з кулямёта. У адказ затахкалi зенiткi, але патрапiць у нашага сокала не змаглi. А таго перапаўняла нянавiсць да ворага: “Ну, чакайце, мы з вамi яшчэ сустрэнемся!”

Крыху пазней над горадам Заранскам Маскоўскай вобласцi толькi Коўзан узняўся ў неба на сваiм Яку, як з’явiлiся варожыя “юнкерсы”, якiх прыкрывалi знiшчальнiкi. Завязаўся бой. Наш лётчык i не заўважыў, як расстраляў увесь боекамплект, а побач – “месер”. “Iду на таран!” – вырашыў. Усё адбылося ў лiчаныя хвiлiны, ад моцнага ўдару адвалiлася хваставое апярэнне варожай машыны, яна, бы спатыкнуўшыся, пачала падаць унiз... “Ястрабок” Коўзана таксама быў пашкоджаны, але лётчык утрымаў яго, удала прызямлiўся. I толькi калi вылез з кабiны машыны, адчуў халадок: смерць прашла мiма, ён цудам уратаваўся...

За другi таран, якi Коўзан здзейснiў у снежнi 1942 года пад Таржком, ён быў прадстаўлены да ордэна Ленiна. Сам камандуючы ВПС Паўночна-Заходняга фронту Куцявалаў гэту ўзнагароду ўручаў у прысутнасцi ваенных лётчыкаў некалькiх палкоў. I калi назвалi ягонае прозвiшча, у страi пранёсся шэпт: “Той самы Коўзан!”. Гэта значыць ён, тым больш на рахунку было каля двух дзесяткаў збiтых варожых самалётаў, набыў вядомасць. Ды i не толькi ў сваiх, але i ў немцаў. Тыя, калi Коўзан узнiмаўся ў неба, апавяшчалi: “Ахтунг! У паветры савецкi ас!”

У лiпенi 1942 года на станцыi Любнiца Коўзан ажыццявiў яшчэ адзiн таран. Вось як паведамляла пра ягоны подзвiг Саўiн­фармбюро: “Барыс Коўзан завязаў паветраны бой з двума варожымi знiшчаль­нiкамi. Аднаго “месера” ён збiў, але пры гэтым зрасходваў боекамплект. Як быць? I тады адважны лётчык пайшоў на таран, знiшчыўшы варожы самалёт i лётчыка. Сам застаўся жывы. Гэта быў трэцi яго таран у небе”.

Бадай, самы цяжкi, смяротна небяспечны быў чацвёрты таран, якi Коўзан здзейснiў у жнiўнi 1943 года пад Старой Русай. Ён ужо лятаў на Ла-5. Вось так, толькi падняўся ў неба – насустрач цэлая армада з трынаццацi варожых самалётаў, якiя гэткiм трохкутнiкам iшлi на нашы пазiцыi. “Любой цаной iх затрымаць!” – вырашыў Коўзан. Аднак “месеры”, што суправаджалi бамбавозы, пачалi, бы тымi цуглямi, яго ахоплiваць.

Наш “ястрабок” манеўраваў памiж iмi, спрабуючы парушыць строй варожых самалётаў. Аднаго “месера”, якi ўстаў на ягоным шляху, знiшчыў трапнай чаргой, а потым i другога: ён, як i першы, задымiўшыся, пайшоў да зямлi. I раптам сам адчуў удар, куля трапiла ў вока i выйшла праз патылiцу, кроў пачала залiваць твар... На нейкае iмгненне лётчык страцiў прытомнасць, але хутка апрытомнеў: “Што далей? Шмыгаць з парашутам?” Але ўжо неставала сiл, ён толькi змог адшпiлiць рамянi, а насустрач нясецца “юнкерс”. “Прабiтая галава, — перадаў на камандны пункт. – Iду на таран!” Ну i “тармазнуў” таго так, што разляцеўся на кавалкi. Праўда, i сваёй машыне дасталося, лiтаральна выкулiўся з яе. Нейкiм цудам паспеў раскрыць парашут. Упаў у балота, што, мабыць, i выратавала яму жыццё. Аднак пакалечыўся моцна: зламаў руку, нагу, рэбры... Дапамаглi выбрацца з багны лётчыку мясцовыя жыхары, якiя назiралi за паветраным боем, пераправiлi яго да партызан, адтуль даставiлi ў Маскву.

Ну а потым доўгае лячэнне. Думалi, нiчога з яго не выйдзе, аднак моцны арганiзм узяў сваё. Праўда, Коўзан застаўся без вока, здавалася, не ўзнiмацца больш у неба, але ён настаяў на вяртаннi яго ў дзеючую авiяцыю. Ды i як было не выканаць волю паветранага аса – Героя Савецкага Саюза! Збiў яшчэ 6 варожых самалётаў, а ўсяго на яго рахунку – 26. Адзiны ў свеце лётчык, якi здзейснiў чатыры паветраныя тараны! Чатыры разы мог загiнуць, але лёс уратаваў яго.

Барыс Васiльевiч даслужыўся да звання палкоўнiка, на працягу многiх год узначальваў Разанскае паветранае вучылiшча. Часта наведваўся ў горад свайго юнацтва, дзе меў шмат знаёмых, сяброў. Ён ведаў, i яго ведалi.

Iменем праслаўленага лётчыка названы гарадскiя вулiцы, ягоная выява на Алеi Герояў, якая адкрылася ў горадзе да 65-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў.

На прыкладзе такiх, як Барыс Коўзан, мы павiнны вучыць маладое пакаленне любiць Айчыну, мужнасцi, гераiзму. I хай ягоныя подзвiгi жывуць у вяках.

На здымку: ля помнiка на Алеi Герояў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter