Агульным аршынам не змераць Альшаны

Так, меў, відаць, падставу той чалавек, які некалі сцвярджаў, што ў Альшанах дзяцей знаходзяць не ў капусце, а ў... агурках! Здаецца, зусім нядаўна, у 1996 годзе, Беларуская энцыклапедыя паведамляла: у Альшанах жыве 5886 чалавек. Сёння ўжо 6240! Гэта ж больш, чым у некаторых раённых цэнтрах Беларусі! Альшаны маладзеюць, растуць хутка. Забудоўваюцца два новыя мікрараёны: Альшаны-2 – на 287 і Падгарадэчча – на 135 дамоў. Няма чаму здзіўляцца: толькі за першыя тры гады новага стагоддзя – 2001, 2002, 2003-ці – тут зарэгістравана шлюбаў (адпаведна) 72, 83, 78; нарадзілася немаўлят — 176, 179, 182, памерла жыхароў — 101, 96, 89. Калі і надалей нараджальнасць будзе настолькі пераўзыходзіць смяротнасць, то да 2010 года ў Альшанах будзе сем тысяч жыхароў.
Апошнім часам у Альшанах з’явіліся фермеры. Цяпер іх 14, а жадаючых імі стаць – звыш шасці дзесяткаў... Праўда, гэтае пытанне неадназначнае – далікатнае і балючае адначасова. Мяркуйце самі. У вялікім сяле, як і ў вялікім горадзе, кожны лапік зямлі на ўліку. Таму вяскоўцы і не сустрэлі на ўра вестку аб тым, што першыя фермеры-уласнікі займелі дзесяткі гектараў урадлівай зямлі паблізу вёскі, а дзецям ветэранаў вайны і працы адводзяцца прысядзібныя ўчасткі за кіламетры ад паселішча... Маўляў, “багатыя – багацеюць, бедныя – бяднеюць”. Вунь нават фермер-“піянер” Аляксандр Лявонавіч Патоцкі (“граф Патоцкі”, як завуць альшанцы дыпламаванага агранома) перадаў кіраванне гаспадаркай маладым «атожылкам», а сам уладкаваўся ў сельсавеце спецыялістам-землеўпарадчыкам. Пасада “гарачая”: тут толькі за апошнія гады адзін за адным менавіта па прычыне “зямельнага пытання” пазбавіліся кіруючых крэслаў тры кіраўнікі мясцовай “вертыкалі” і столькі ж старшынь у калгасе “40 год Кастрычніка” (цяпер – СВК “Альшанскі”). Ды, відаць, простай заменай аднаго чыноўніка на другога праблемы не вырашыць. Альшанцам заўжды было “...вузка! цесна! мала!”, як таму Мацею, літаратурнаму герою пісьменніцы Цёткі. Далібог, агульным аршынам не змерыць Альшаны. Гэтая максі-вёска даўно заслугоўвае асобнага статуса. Тут цэлы “букет” (апрача аграрнага) нявырашаных пытанняў. І на першым плане – працаўладкаванне мясцовай моладзі. У ваколіцах няма прамысловых прадпрыемстваў, дзе б маладыя людзі маглі прыкласці свае сілы і здольнасці. Справы — дрэнь, калі і надалей падрастаючае пакаленне будзе заложнікам “агуркова-парніковага эфекту”. Не аднымі ж агуркамі (капустай-морквай) жыве чалавек. Альшанам як паветра патрэбна другая сярэдняя школа (у сённяшняй у тры змены вучацца 1434 вучні!). Менавіта новая школа, а не прыбудова да існуючай, як мяркуюць некаторыя эканомныя чыноўнікі, якія нібыта забыліся на сумны “краснапольскі вопыт” даўгабудаў і прыбудоў. А пакуль будзе ўзводзіцца тая школа, трэба неадкладна наладзіць падвоз дзяцей да існуючай, каб малеча не хадзіла на заняткі зімою па марозе пяшком за 3—5 кіламетраў. Патрэбны і новыя дзіцячыя яслі-сад на некалькі соцень дашкольнікаў (сённяшняе “Сонейка” прымае толькі 100 дзетак і ніяк не задавальняе патрэбы ўсіх жадаючых). Добрым словам успамінаюць альшанцы былога старшыню Брэсцкага аблвыканкома Уладзіміра Заламая, які шмат чым дапамог вёсцы. Каштоўны пераднавагодні (2004 г.) падарунак для вучняў тутэйшай школы – быў абсталяваны сучасны камп’ютэрны клас. Яго зрабіў сталічны гарвыканком падчас дзён Мінска ў Брэсцкай вобласці (уручыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкома Леанід Цупрык). Нядаўна Альшаны наведалі і два высокія госці са сталіцы. Старшыня Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Георгій Кузняцоў вырашаў пытанні рэканструкцыі меліяраваных зямель і ўстаноўкі яшчэ адной помпавай станцыі. А міністр працы і сацыяльнай абароны Антаніна Морава завітала ў шматдзетную сям’ю (15 дзяцей!) Вольгі і Уладзіміра Лемязаў і ўручыла ім ключы ад мікрааўтобуса... Хто ведае, можа, як некалі “...Расія Сібір’ю і Далёкім Усходам”, наша сінявокая прыгажуня Беларусь будзе прырастаць Прыпяцка-Пагарынскім рэгіёнам. Знаходзіцца ж непадалёку ад Альшан яшчэ адна велізарная вёска Рубель з амаль пяцітысячным насельніцтвам...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter