Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Чорныя страусы ў Беларусі, якія тут прыжыліся, ледзь не трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінэса

Афрыканская экзотыка пад Кобрынам

Экзотыка бывае рознаю. Вось чорны афрыканскі страус — ну зусім не тыповая птушка для нашых шырот. А ў Беларусі прыжылася, прычым асабліва масава — на “Страусіным ранча” пад Кобрынам, у вёсцы Казішча.

Беларусь для страусаў — не чужая

Трохі гісторыі. Пра свайго асабістага страуса мой сын пачаў марыць шмат гадоў таму: у адным егіпецкім гатэлі сустрэўся з парачкай чароўных “птушачак”, кожная з бычка. Тыя гулялі па тэрыторыі, нібы куры, а за сынам, адчуваючы прыязнасць, увогуле хадзілі па пятах. Вядома ж, такую цацку малому дужа захацелася ўзяць с сабою. Ды з купляй страуса тады неяк не склалася, што вельмі расчаравала сына. І на многія гады ён збярог шчырае жаданне: паназіраць за гэтым цудам прыроды ў “натуральных умовах”. Ну не ў Афрыцы — дык на фермах у Беларусі. Вось таму не першы год мы на пачатку лета туды й выпраўляемся. Такіх фермаў, здаецца, у нашых краях ужо з пяць. Вось і нядаўна мы наведалі ў Брэсцкай вобласці страусіную ферму — самую вялікую, дарэчы, на тэрыторыі СНД.

“Страусінае ранча” — велізар­ная гаспадарка, разлічаная на 1000 страусаў. Размясцілася ў вёсцы Казішча: гэта Кобрынскі раён Брэстчыны, ад Мінска 350 км. Даехалі досыць хутка, але “зусім не афрыканскі” дожджык церусіў, і вырашылі мы крыху пазней сустрэцца з экзотыкай. А спачатку праехаць па вёсцы. І на ўскрайку яе, ля могілак, выявілі яшчэ адну славутасць Казішча: драўляную Траецкую царкву, пабудаваную ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Дарэчы, яна ўнесена ў Спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Да таго ж адзін тамтэйшы жыхар нам расказаў: настаяцелем царквы ў канцы XIX стагоддзя стаў Антоній Усакоўскі, ураджэнец Віцебшчыны. І што гэта, між іншым, — прадзед вядомага рок-музыкі Андрэя Макарэвіча. У Казішчы, па словах вяскоўца, нарадзілася і родная бабуля Андрэя, Лідзія Антонаўна, якая потым жыла ў Маскве. Так што не здзіўлюся, калі ў рэпертуары знакамітага гурта “Машина времени” з часам з’явіцца песня пра страусаў...

Ну а яны, нягледзячы на зусім не афрыканскае надвор’е, былі таварыскія і цікаўныя. Згледзеўшы нас, падышлі блізка: можна было нават пагладзіць. Але ўжо ведаючы і нават аднойчы зведаўшы на сабе вокамгненны ўдар дзюбай, мы не адважыліся. Між тым паводзіны страусаў на ферме — іншыя, чым у заапарку. Ну нам жа ёсць з чым параўноўваць. На “Страусіным ранча” яны як на тэрыторыі згаданага афрыканскага гатэля: какетліва робяць рэверансы, ганяюцца адзін за адным, распускаюць крылы і нават танчаць. З задавальненнем пазіруюць перад камерай. І калі страуса пакратаць страшнавата, то пабыць з іншымі жывёламі блізка — не праблема. Ослік Якаў і плямістая аленіха Сонечка з велізарным задавальненнем елі з рук моркву і хлеб. Камерунскі казёл некаторым дазваляе пачухаць у сябе за вухам. Не надта разумеў нас велізарны паўлін: яго мы так і не ўгаварылі распушыць хвост. Хадзіць па тэрыторыі можна толькі ў суправаджэнні экскурсавода, бо гэта ўсё ж вытворчая зона. Экскурсія доўжыцца каля гадзіны. Найбольш наведнікаў — у цёплую пару года: да 2000 у месяц. Прыязджаюць з Расіі, Польшчы, Германіі, Англіі, былі нават з Філіпін. Там можна спыніцца ў гасцявых хатках.

І не толькі дзівіцца можна на тых птушак. У іх карыснае мяса, і ацаніць яго смак можна ў мясцовым кафэ. Там гатуюць стэйкі, каўбаскі, шашлыкі, смажанку з гароднінай у гаршчочках. Мы елі стэйк з ананасам і каўбаскі. Мяса на смак — маладая цяляціна, па колеры — нібы ялавічына. Паспрабаваць можна і стравы з яек. Дарэчы, дзякуючы ім “Страусінае ранча” ледзь не трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Не хапіла ўсяго 50 грам: найвялікае яйка, знесенае ў Казішчы, заважыла 2250 грамаў, а яйка-рэкардсмен — 2300. Адно яйка мы прыхапілі з сабой, і ўжо ранкам згатавалі амлет, памерам з вялікую піцу: і самі паелі, і суседзяў частавалі. Нам яшчэ расказвалі, што на аснове тлушчу страусаў вырабляюць лячэбную касметыку — на адной з вытворчасцяў у Мінскай вобласці. А набыць яе можна і ў мясцовай краме. Як і... летнія туфлі з страусінай скуры. Колькі каштуюць — не ведаю. Пэўна, расхапалі: пры мне іх не было. Дарэчы, па трываласці скура страуса толькі слановай саступае…

Калі вярталіся ў Мінск, то настрой быў такі, як быццам пабывалі ў аздараўленчым цэнтры. Шмат уражанняў, і не скажаш, якія самыя-самыя. Зразумелі: страусы ў комплексе з козамі-курамі-ослікамі, з паўлінам у дадатак, з маляўнічымі краявідамі, сасновымі барамі, а таксама здаровае харчаванне, непаўторны вясковы каларыт — усё гэта дае магчымасць цалкам “адключыцца” ад жыццёвых праблем і гарадской мітусні. І не варта ляцець на сустрэчу з экзотыкай у гарачую Афрыку. Дастаткова з’ездзіць у наваколле Кобрына...

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter