Адзін медаль. Але залаты!

Аляксандра Герасiменя стала лепшай на «кароткай вадзе»

Беларуска Аляксандра ГЕРАСІМЕНЯ (на здымку) стала трыумфатарам чэмпіянату свету на «кароткай вадзе» на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем у турэцкім Стамбуле.

У кваліфікацыйных заплывах уладальніца дзвюх сярэбраных узнагарод Алімпіяды ў Лондане дэманстравала лепшы вынік сярод усіх саперніц, прычым увесь час яго паляпшала. Перамагла яна і ў вырашальным старце з вынікам 23,64 секунды, які стаў новым нацыянальным дасягненнем. “Серабро” на гэтай дыстанцыі заваявала англічанка Франчэска Халшал (23,87), “бронзы” ўдастоілася датчанка Джанет Отэсен Грэй (24,00).

Герасіменя выступіла ў Стамбуле яшчэ на дзвюх дыстанцыях, але менш удала. У комплексным плаванні на 100 метраў Саша заняла пятае месца, пры гэтым двойчы абнаўляла нацыянальны рэкорд, а на 50 метраў батэрфляем не змагла адабрацца ў фінал, замацаваўшыся на выніковай 11-й пазіцыі.

На гэтым турніры Беларусь таксама была прадстаўлена шасцю плыўцамі, але ні адзін з нашых мужчын не здолеў дайсці да рашаючай стадыі спаборніцтваў. Не атрымалася ў іх кваліфікавацца ў фінал і ў камбінаванай эстафеце 4х100, 12-ы вынік сярод 23 квартэтаў.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter