Адмаліла сваіх Акуліна

У гэтыя перадмайскія дні многа гавораць і ўспа­мінаюць пра вайну
У гэтыя перадмайскія дні многа гавораць і ўспа­мінаюць пра вайну. 1418 страшных дзён і начэй доўжылася Вялікая Айчынная. У іх — мужнасць, адвага, самаахвярнасць, гераізм, подзвіг. А разам з тым — гора, слёзы, пакуты, смерць. Ваеннае ліхалецце апаліла мільёны лёсаў. Рэдкую тагачасную сям’ю абмінулі незваротныя страты. Рэдка ў якой не аплаквалі блізкіх, якія загінулі. Мая бацькоўская радня — з ліку тых нямногіх, каму пашчасціла выжыць. Усім.



Калі пачалася Вялікая Айчынная, маёй бабулі Акуліне Пятроўне было крыху менш за пяцьдзясят гадоў, а дзеду Мікалаю Іванавічу — крыху больш за пяцьдзясят. Яны расцілі васьмярых дзяцей: тры сыны і пяць дачок. Звычайная справа для вясковай сям’і тых часоў.

У сорак першым двух сыноў мабілізавалі ў войска. Старэйшы, Ігнат, як і мноства іншых байцоў Чырвонай арміі, пры адступленні нашых часцей трапіў у акружэнне. Да пераможнага вызвалення адважна ваяваў у партызанах, быў разведчыкам. Пятра, студэнта-другакурсніка БДУ, на тэрміновую службу прызвалі яшчэ ў 1940-м, служыў на захадзе Украіны, у прыгранічным Уладзіміры-Валынскім, там і застала яго вайна. Расказваць пра яе мой дзядзька не вельмі любіў, але адзін эпізод узгадваў не раз. У самым пачатку вайны ў жорсткім баі пад Кіевам ён атрымаў цяжкае раненне. Пакідаючы маладога салдата медсанбату, больш сталы па ўзросце камандзір сказаў тады на развітанне: «Табе пашанцавала, хлопец. Можа, жывым застанешся». І ён сапраўды застаўся жывым, хоць за вайну быў паранены яшчэ двойчы. Вызваляў Прагу, Браціславу, быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

Дзеда майго на фронт не ўзялі па ўзросце. Але ў вайну чакала яго іншае выпрабаванне. Разам з малодшай дачкой, 12-гадовай Надзейкай, іх вывезлі ў Германію. Прайшлі праз некалькі фільтрацыйных канцэнтрацыйных лагераў, адкуль хворым і нямоглым адна была дарога — у крэматорый. Але абое былі здаровыя і гэтай згубы пазбеглі, з лагера іх выкупіў стары баўэр, даглядаць за жывёлай — свіннямі, каровамі, трусамі ў сваёй вялікай гаспадарцы. У няволі працавалі на яго каля двух гадоў. Вызвалілі палонных англічане. Дадому мой дзед і цётка вярнуліся ўжо пасля Перамогі, восенню 1945-га. У дашчэнту спаленую ворагам родную вёску на Бягомльшчыне. 

Край гэты — ге­раічны, партызанскі. Акупіраваны ў ліпені 1941-га, ужо ў снежні 1942 года ён быў вызвалены ад фашыстаў партызанамі брыгады «Жалязняк», стаў адным з першых савецкіх раёнаў у тыле ворага. Тут дзейнічалі з дзясятак партызанскіх брыгад і асобных атра­даў, працаваў аэра­дром, праз які пад­трымлівалася сувязь з Вялікай зямлёй.

Спробы ліквідаваць партызанскую зону фашысцкія карнікі рабілі не раз.  Знішчалі і народных мсціўцаў, і мірных жыхароў. Аблавы, абстрэлы, смерці. У маі 1943-га ў час карнай аперацыі «Котбус» запалалі тутэйшыя вёскі — Вускрам’е, Бабцы, Маргавіца, Юхнаўка, Бераснёўка... Яшчэ больш лютавалі гітлераўцы ў 1944-м, у час адступлення. Гэтая апошняя блакада была самай жорсткай.

Жыхары спаленых вёсак ратаваліся ў лесе, на балоце, куды немцы лезці баяліся. Жылі ў буданах, мерзлі, галадалі, хварэлі. Бедавалі там і мая бабуля з дзецьмі — Воляй, Гануляй, Лізай і Юркам, самым малодшым, маім бацькам, у той час яму было 10. Цудам выратавалася ад аблавы старэйшая дачка Кацярына з двума сваімі дзецьмі, мая цётка. Расказвала, людзі беглі хавацца ад немцаў глыбей у лес. Ёй бегчы не было як, сынка цягнула за руку, дачушка — на руках, за спінай — скатаны ў посцілку цяжкі кажух. Раптам малы пачаў енчыць, прасіцца па патрэбе, прыйшлося збочыць у кусты. Немца яна ўбачыла зусім недалёка. А ён — ці то не заўважыў, ці то пашкадаваў. Але не стаў чапаць, не стрэліў, пайшоў далей. Праўда, сваю ахвяру вайна ў цёткі Кацярыны ўсё ж узяла. У партызанскім атрадзе загінуў у баі яе муж. У 25 — удава. Партызанскай удавой засталася і на ўсе адведзеныя ёй больш за 90 гадоў.

У 1944-м, пасля вызвалення, лясныя жыхары вярнуліся на папялішчы родных хат. Капалі зямлянкі, паціху прымерваліся да нязвыклага ўжо мірнага часу, наладжвалі які-ніякі побыт.

…Мае баба і дзед пражылі кожны больш за 80. Вывучылі, вывелі ў людзі ўсіх дзяцей. Ад усіх дачакаліся ўнукаў. Вялікую, дружную, працавітую сям’ю ў вёсцы паважалі. А старыя жанчыны, я чула гэта не раз яшчэ дзяўчом, калі ўспаміналі жахі ваеннай навалы, гаварылі: адмаліла сваіх Акуліна.

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter