Чым жыве сучасная беларуская літаратура?

Аб чым шалясцяць кніжныя старонкі

Выдавецкі дом “Звязда” сёння значна ўплывае на літаратурную сітуацыю ў краіне. Менавіта ён, па вялікім рахунку, і вызначае кірунак літаратурнага развіцця. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы паразважалі з дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома “Звязда” Алесем Карлюкевічам аб супярэчнасцях літаратуры, сучаснага жыцця і чытацкіх чаканняў.


Дню беларускага пісьменства мы прысвяцілі і спецыяльны выпуск “НГ | ЛІТАРА” — у нашым 3-м сшытку вы знойдзеце шмат цікавага. Далучайцеся да свята, сталіцай якога сёлета стаў старажытны Рагачоў.

— Алесь Мікалаевіч, у кантэксце надыходзячага свята пісьменства так хочацца даць волю марам... Якой павінна быць ідэальная беларуская кніга?

— Пытанне гэтае настолькі складанае, наколькі складаныя зносіны пісьменніка з чытачом. Ідэальнай кнігі ў прыродзе не існуе, таму што любы мастацкі прадукт, любое мастацкае слова адразу падвяргаюцца крытыцы. Але, безумоўна, усё ж такі ёсць свае вяршыні, ёсць сусветная літаратура, ёсць нацыянальная класіка. І, зыходзячы з гэтых арыенціраў, мне здаецца, лепшыя беларускія пісьменнікі рухаюцца ў бок вельмі патрабавальнага чытача. Чытача, для якога сёння адкрыты ўсе літаратуры свету. Чытача, які ведае, што адбываецца ў самых розных асяродках — і ў нашай краіне, і на постсавецкай прасторы. Нават у той прасторы, якая складаецца і з англійскай, і з кітайскай моў. І кола такіх чытачоў будзе толькі павялічвацца. Ідэальная кніга — тая кніга, якая паказвае час, адносіны прасторы і часу. Хто з пісьменнікаў адпавядае гэтым патрабаванням, кожны чытач вырашае асабіста.

— Ці адбылася сёння ў літаратуры змена эліт?

— Эліта як у літаратуры, так і ў іншых відах мастацтва ў апошняе дзесяцігоддзе падвяргаецца крытыцы. На мой суб’ектыўны погляд, у сённяшняй беларускай літаратуры працуе шмат цікавых пісьменнікаў, проста неверагодная колькасць! Але я не магу сказаць, што адбылася нейкая змена, што паслядоўна перададзены традыцыі альбо пэўны мастацкі код з таго часу ў наш час.

Хачу назваць пісьменнікаў, якія мне цікавыя як чытачу. Я з задавальненнем чытаю прозу Алены Брава. Мне здаецца, многіх могуць зацікавіць мастацкія знаходкі і адкрыцці Уладзіміра Сцяпана і Уладзіміра Саламахі. Я лічу, што ёсць вельмі шмат цікавых паэтаў. Прычым і сярод тых, хто працуе ў традыцыйным рэчышчы, і сярод тых, хто вынаходзіць новыя формы.

З захапленнем як паэта і празаіка заўсёды чытаю Алеся Бадака. Шкада, што ён мала друкуецца. Гэты чалавек аднолькава таленавіты як у паэзіі, так і ў дзіцячай літаратуры, у прозе. Яго апавяданні, у тым ліку і апавяданне “Ідэальны чытач”, паказваюць высокі ўзровень мастацкай дасведчанасці, асэнсавання няпростага сённяшняга часу.

У дадатак да гэтых імёнаў хацеў бы назваць пісьменніка зусім іншага пакалення — Алега Аляксеевіча Ждана. Асабіста мяне ён уразіў гістарычным раманам “Князь Мсціслаўскі” і аповесцю “Геній”. Назаву таксама Алену Папову. Яна бліскучы драматург, але і ў сваёй прозе стварае дынамічныя і рэльефныя калізіі. У творах згаданых пісьменнікаў, ну і, натуральным чынам, Святланы Алексіевіч, ёсць галоўны адказ — ці адбылася змена творчай эліты і ці ёсць яна ўвогуле.

— Узгадаем Фолкнера, які ўсё жыцце пісаў пра сваё маленькае выдуманае мястэчка Йкнапатофу, але праз гэты вобраз змог выказацца пра ўсе сусветные праблемы. Вы таксама заўсёды “піярыце” Пухавіччыну...

— Я і сёння гатовы яе ўслаўляць. Гэта мая малая радзіма. Але ў адносінах да яе я выступаю хутчэй як краязнавец, публіцыст. Мастацкая публіцыстыка і мастацкае асэнсаванне той ці іншай прасторы — гэта ўсё ж настолькі непараўнальна.

Відаць, час сучаснага беларускага Фолкнера яшчэ не прыйшоў. Ці будучыя Фолкнеры яшчэ не змаглі асэнсаваць нашу краіну, свае гарадкі і мястэчкі на такім узроўні, на якім змаглі ў свой час асэнсаваць Палессе Іван Мележ, Іван Навуменка альбо Барыс Сачанка. Але я думаю, што менавіта элементы такога падыходу, такога асэнсавання сваёй малой радзімы і вылучэнне яе месца ў вялікім свеце ёсць у прозе Валерыя Гапеева, які жыве ў правінцыі. Гэта, магчыма, ёсць у прозе Генадзя Аўласенкі, які шмат працуе і ў дзіцячай літаратуры, і ў паэзіі. Так ці іначай у творах Васіля Ткачова, Васіля Жушмы, Анатоля і Расціслава Бензярукоў. Гэта жаданне прыўзняць свой край, сваю старонку. Такім пісьменнікам быў Мікола Купрэеў, які хадзіў па Пружаншчыне, па іншых мясцінах і, як некалі пісаў пра сваю паэзію Андрэй Вазнясенскі, нагамі выхадзіў сваю прозу. Хаця ў літаратуры ён застаўся больш як паэт.

— Алесь Мікалаевіч, а дзе сёння паміж вёскай і горадам месца сучаснага беларускага пісьменніка?

— Вельмі складанае пытанне...

З вышыні сённяшняга часу мне здаецца, што гэты водападзел вясковай і гарадской прозы штучны. Я маю на ўвазе той водападзел, что адбыўся ў 1960—70-я гады ў савецкай літаратуры. Ён быў навязаны. Калі нас цікавіць тая ці іншая тэма, мы звяртаемся да нон-фікшн, чытаем дакументальную літаратуру, газеты з артыкуламі таго часу. Сёння такога падзелу няма. Незалежна ад таго, дзе працуе пісьменнік і якія ён вылучае тэмы ў сваёй творчасці.

— Якія галоўныя тэмы вы вылучылі б у сучаснай беларускай прозе? Здаецца, што ў творах ёсць нейкая разгубленасць нашага сучасніка...

— Калі казаць пра прозу, якую пішуць Аляксандр Брыт, Анатоль Андрэеў, Сяргей Трахімёнак, Уладзімір Саламаха, Георгій Марчук, то відавочна, што элемент разгубленасці — гэта выразны герой сучасных твораў. Мне нават калі-нікалі здаецца, што гэта сапраўдны персанаж. Калі слова “разгубленасць” жаночага роду, то мы можам уявіць, што гэта жанчына, якая прысутнічае ў сучаснай прозе. І тут я магу пагадзіцца з вашым пытаннем.

Разам з тым пісьменнікі па-ранейшаму таленавіта і яскрава пішуць пра вайну, пра драматызм тых падзей. І вось што цікава — доўгія гады я з гонарам падкрэсліваў, што гэта ўласцівасць выключна беларускага літаратурнага працэсу. Тое, што новыя пакаленні не адышлі ад тэмы вайны. Узгадаем аповесць Алены Брава “Дараванне”. Але сёння ўжо разумею, што я памыляўся. Пісьменнікі, якія працуюць у Германіі, Францыі і іншых краінах Еўропы, таксама азірнуліся на вайну.

Пакаленне 40—50-гадовых беларускіх літаратараў спрабуе асэнсаваць перыяд злому савецкага часу. Добры прыклад у гэтым сэнсе — аповесць Андрэя Федарэнкі “Дзікі луг”. Гэта характэрная ілюстрацыя. Калі чалавек хоча асэнсаваць той час, няхай чытае гэты твор.

— Федарэнку называюць паслядоўнікам Васіля Быкава. Увогуле, ці павінны быць паслядоўнікі ў нашых класікаў?

— Ці з’яўляецца Федарэнка паслядоўнікам Быкава? Гэта для мяне пытанне з пытанняў.

— Журналісты любяць штампы: вось гэты — паслядоўнік, гэты — не. А часам для самой літаратуры гэта некарысна...

— Я супраць такіх штампаў.

— Кажуць, што літаратура — справа адзіночак. Навошта патрэбны творчыя саюзы?

— Ніякі саюз не дапаможа пісьменніку, калі ён садзіцца перад аркушам паперы ці клавіятурай камп’ютара. Але разам з тым саюз можа паўплываць на творчую атмасферу ў краіне, на арганізацыю творчага жыцця. Гэта патрэбная адміністрацыйная структура, але ў дататак да таленту і працавітасці.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter