Аб чым маўчаць каменныя таямнiцы

Нават калi Беларусь i не здзiвiць спешчанае чалавецтва нейкiм звышцудам, нам усё роўна не сорамна за “зямлю пад белымi крыламi”. У сённяшнiм падарожжы па беларускай поўначы нам хацелася б прыцягнуць увагу суайчыннiкаў i патэнцыяльных турыстаў да каменных скарбаў

Чалавеку ўласцiва прага да незвычайнага. Яму хочацца ўсё новых i новых цудаў. У сродках масавай iнфармацыi пачынаецца абмеркаванне арыгiнальнага праекта аб зацвярджэннi статуса сямi новых цудаў свету. Кожная краiна лiчыць за гонар удзел у такiм конкурсе, i ўсюды ёсць што паказаць, чым ганарыцца. Але ж вялiкiх i малых краiн на планеце – сотнi, а “падмуркаў” для цудаў толькi сем. Неверагодны конкурс! Не будзем журыцца. Нават калi Беларусь i не здзiвiць спешчанае чалавецтва нейкiм звышцудам, нам усё роўна не сорамна за “зямлю пад белымi крыламi”. У сённяшнiм падарожжы па беларускай поўначы нам хацелася б прыцягнуць увагу суайчыннiкаў i патэнцыяльных турыстаў да каменных скарбаў. 

Указальнiкi на  Iерусалiм?

Рэдка хто з нас не чуў пра Барысавы камянi. Прыемна, што i ў школьным курсе гiсторыi для дзяцей аб гэтым расказваюць. Каб не вырасталi “Иванами, не знающими родства”. Дык вось, на Барысавых камянях вучоныя i дагэтуль вывучаюць таямнiчыя надпiсы i знакi. Захавалiся таксама каменныя крыжы яшчэ з часоў старажытных полацкiх князёў. Хаця многiя з такiх помнiкаў некуды вывезены, узарваны цi апаганены iншымi спосабамi. 

Самымi знакамiтымi яшчэ ў ХIХ стагоддзi на паўночным Паазер’i лiчылiся толькi дзесяць валуноў — паблiзу Полацка, Дзiсны, Друi, Верхнядзвiнску, Даўгаўпiлсу… Ляжалi яны не проста так. Ёсць пераканаўчыя доказы, што гэта не толькi княжацкiя гранiцы. Валуны служылi свайго роду ўказальнiкамi гандлёвага шляху па Заходняй Дзвiне i Дняпру “ з варагаў у грэкi”. 

Не менш сур’ёзныя звесткi, што ў VI—IX стагоддзях  тут праходзiў усходнi “iерусалiмскi шлях”. Прасцей кажучы, паломнiкi са Сканды­навii i Англii падарожнiчалi iм на Святую зямлю. Летапiсы сведчаць, што пiлiгрымы рухалiся па гэтым шляху круглы год. Далей шлях пралягаў на Магiлёў, Рагачоў, Кiеў – да самай Вiзантыi. Аспрэчваць такое цяжка. У Еўропе амаль ня­спынна iшлi войны. Асаблiва на тэрыторыi сучаснай Чэхii, Поль­шчы, Германii. Для падарожнiкаў гэта было дужа небяспечна. Вось i выбiралi ўсходнi накiрунак. Нават дацкi кароль Эрых Добры iшоў з крыжакамi ў 1103 годзе па “iеру­салiмскiм шляху”. 

Таму не дзiўна, што лепшымi ўказальнiкамi для паломнiкаў былi вялiзныя камянi. Яны i сапраўды нечым нагадвалi (i сёння таксама!) нейкую таямнiчую кнiгу. Праўда, для гэтага неабходна ўменне яе чытаць. 

Як  вiцязi на  раздарожжы…

Яшчэ старажытныя грэкi i рымляне пазначалi шлях грудамi камянёў. Асаблiва на раўнiнах i ў  ваколiцах, дзе панавала бязлюддзе. На старажытнабеларускiх землях такую ролю выконвалi “капцы”. Прасцей кажучы, насыпы ў густых лясах i балотах. Магутныя ж валуны-камянi азначалi межы водападзелу памiж Балтыкай i Чорным морам. Ды i на рэках ставiлiся каменныя знакi для “гiблых мясцiн”. Нярэдка ў выгля­дзе крыжоў. А паколькi яны ўказвалi правiльны i бяспечны шлях, то часта станавiлiся святымi. 

Трохi бянтэжыць, што хрысцiян­скiя паломнiцтвы на Усход не маглi быць паспяховымi ў сувязi з захопам арабамi святых мясцiн. На гэта варта заўважыць, што раннiя халiфы не перашкаджалi хрысцi­янам-паломнiкам. Кожны сапраўдны мусульманiн таксама паважаў Iерусалiм i яго святынi. Цi не гэтым тлумачыцца, што Карлу Вялiкаму арабы дазволiлi пабудаваць на Святой зямлi гатэль-сад для паломнiкаў? I так было да 1071 года, пакуль туркi не захапiлi Iерусалiм. А вось Вiзантыя ўсялякiм чынам дапамагала хрысцiянам знаходзiць верны шлях да святых мясцiн. 

Пачатак жа ўсяму варта шукаць ад старажытных камянёў. Не ўсе яны захавалiся. Ёсць звесткi, што ў 1865 годзе на Вiцебшчыне была такая сухмень, што нават рака Вiцьба перасохла. Быццам жывая iстота, сасмяглая  рака выцiснула з дна вялiзны крыж-камень. 

Крыжы-ўказальнiкi часцей за ўсё стаялi на берагах рэк i ўзвышшах. Да iх, нiбы да маякоў, цягнулiся падарожнiкi. Iснавалi нават княжацкiя ўказы, каб у такiх месцах людзей не крыўдзiлi, а нават дапамагалi з ежай i начлегам. 

Вартаўнiкi  краю блакiтных  азёр

Асаблiва шмат каменных помнiкаў старажытнасцi на Лепельшчыне. Сапраўды энцыклапедычную працу па iх даследаванню выканаў нястомны краязнавец Валерый Тухта, вынiкамi якой з удзячнасцю карыстаюцца нават сталiчныя археолагi. Даследчыкамi ўстаноўлена, што многiя старажытныя захаваннi-магiлы абкла­д­валiся камянямi. З усталяваннем хрысцiянства яны часцей за ўсё мелi форму каменных крыжоў. Iх коратка i трапна назвалi ў народзе жальнiкi.  Верагодна такая назва мае суадносiны з беларускiмi словамi “жаль” цi “жальба”. 

У лепельскiм краi блакiтных азёр дагэтуль шмат старажытных захаванняў-жальнiкаў. Мясцовыя жыхары называюць такiя  апошнiя прытулкi продкаў “Галодныя магiлы“, альбо “Галоднiкi”.  Можна здагадвацца, што пахаваны тут людзi ад голаду цi нейкiх страшных эпi­дэмiй. Больш за ўсё валуны выкарыс­тоў­валiся для надма­гiлляў у ХV—ХVIII стагоддзях. На iх высякалi надпiсы цi прыналежнасць нябожчыка да пэўнага сацыяльнага слоя. У вёсцы Га­радчэвiчы захавалiся надмагiльныя плiты з надпiсамi на польскай мове, у вёсцы Слабодка i Лепелi – на iўрыце. 

Але не заўсёды адносiны да каменнай спадчыны ў нашых сучаснiкаў паважлiвыя i цывiлiза­ваныя. Шмат захаванняў напаткаў драматычны лёс. На той жа Лепельшчыне на ўскрайку вёскi Паддуб’е яшчэ да 1970 года зна­ходзiлiся старыя польскiя могiлкi. Аднак па iнерцыi атэiстычнай iдэалогii каменныя плiты з надпiсамi на польскай мове бяздумна выкарысталi пры будаўнiцтве дарогi Лепель—Валосавiчы. На месцы могiлак зрабiлi пясчаны кар’ер. Хiба можна так адносiцца да нашай этнiчнай i культурнай спадчыны? 

Пытанне рытарычнае. У тым сэнсе, што не стала былой улады i былой дзяржавы. А значыць, i спытаць за ўзаконенае дзiкунства няма з каго. Застаецца спадзявацца, што новыя пакаленнi будуць больш ашчаднымi да памяцi дзядоў i прадзедаў, што яны захаваюць рэшткi духоўнай культуры, увасобленай у самым трывалым прыродным матэрыяле. 

…Калi зыходзiць з агульначалавечых каштоўнасцей, то нельга падзяляць такую спадчыну на местачковую цi iншаземную. Для прыкладу, у Х стагоддзi пахаваны пад Полацкам у манастыры святога Iаана Прадцечы iсландзец Торвальд Вандроўнiк. Тагачасныя князi для ўсталявання мiру старалiся параднiцца з уладарамi замежных дзяржаў. Дачка Усяслава Чара­дзея стала жонкай iмператара Вiзантыi. Як i дочкi, унучкi Яраслава Мудрага былi замужам за каралямi Францыi, Нарвегii, Венгрыi, Чэхii, Данii. I таму не дзiўна, што менавiта праз Полаччыну пралягаў каменны шлях у Вiзантыю i на Святую зямлю. Шлях, якi аб’ядноўваў усе народы i краiны для авалодання агульначалавечымi духоўнымi скарбамi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter