56-я паралель

Вось, як цяпер, перада мною ўстае куточак той. Прыгожы край Верхнядзвiнскi, з багатай гiсторыяй. У летапiсах упершыню ўпамiнаецца паселiшча пад назваю Дрыса пры вусцi аднайменнай ракi яшчэ ў 1386 годзе. Шмат чаго змянiлася з таго часу ў жыццi тутэйшых жыхароў. Але самi людзi засталiся такiмi ж шчырымi, няўрымслiвымi, талерантнымi i працавiтымi. Так бы мовiць, вiзiтная картка Верхнядзвiнска – мясцовы масласырзавод. Не так даўно прадпрыемства атрымала сертыфiкат адпаведнасцi еўрапейскiм патрабаванням якасцi i бяспекi. Гэта першае ў рэспублiцы прадпрыемства галiны (будзем спадзявацца, што не апошняе), якое дабiлася гэткiх значных паказчыкаў. Каб iх дасягнуць, былi прыкладзены вялiкiя намаганнi ўсяго працоўнага калектыву. Адбылося поўнае тэхнiчнае абнаўленне ўсяго абсталявання, i як вынiк – прызнанне знакамiтых сыроў у Еўропе. Прадукцыя масласырзавода заўжды карыстаецца павышаным попытам, яе добра ведаюць у Расii, куды накiроўваецца значная частка вырабаў. Пройдзе пэўны час, i верхнядзвiнскiя сыры паспрабуюць i ў матухне-Еўропе: сертыфiкат жа ёсць... На здымку: ветэран Дзмiтрый ХАРОЛЬСКI з праўнукамi Максiмам i Любай.

Вось, як цяпер, перада мною ўстае куточак той. Прыгожы край Верхнядзвiнскi, з багатай гiсторыяй. У летапiсах упершыню ўпамiнаецца паселiшча пад назваю Дрыса пры вусцi аднайменнай ракi яшчэ ў 1386 годзе. Шмат чаго змянiлася з таго часу ў жыццi тутэйшых жыхароў. Але самi людзi засталiся такiмi ж шчырымi, няўрымслiвымi, талерантнымi i працавiтымi.

Так бы мовiць, вiзiтная картка Верхнядзвiнска – мясцовы масласырзавод. Не так даўно прадпрыемства атрымала сертыфiкат адпаведнасцi еўрапейскiм патрабаванням якасцi i бяспекi. Гэта першае ў рэспублiцы прадпрыемства галiны (будзем спадзявацца, што не апошняе), якое дабiлася гэткiх значных паказчыкаў. Каб iх дасягнуць, былi прыкладзены вялiкiя намаганнi ўсяго працоўнага калектыву. Адбылося поўнае тэхнiчнае абнаўленне ўсяго абсталявання, i як вынiк – прызнанне знакамiтых сыроў у Еўропе. Прадукцыя масласырзавода заўжды карыстаецца павышаным попытам, яе добра ведаюць у Расii, куды накiроўваецца значная частка вырабаў. Пройдзе пэўны час, i верхнядзвiнскiя сыры паспрабуюць i ў матухне-Еўропе: сертыфiкат жа ёсць.

На агрэгат, якi выпускае ААТ “Верхнядзвiнскаграсэрвiс”, звярнуў увагу сам Прэзiдэнт краiны. Раней такога ўсюдыхода ў краiне не было. А рэч у гаспадарцы вельмi патрэбная. Як вядома, каб атрымаць добры ўраджай, трэба добра падрыхтаваць глебу, у тэрмiн унесцi ўдабрэннi. А як гэта зрабiць, калi звычайныя трактары гразнуць i не могуць раскiдаць iх па раскiслай пасля зiмы зямлi. А выйсце – вось яно: усюдыход “Дзвiна”. Чапляй агрэгат i паехалi насустрач багатаму ўраджаю. Дарэчы, гэты ўсюдыход распрацаваны i выпушчаны на самiм прадпрыемстве. Пастаўлена задача цяпер зрабiць iх не менш чым 15 адзiнак. Попыт ёсць. Вясна не за гарамi. А пакуль ляжыць вялiкi снег, усюдыход вельмi патрэбны рыбакам. Можна даехаць да любога возера (а iх на Верхнядзвiншчыне тры дзесяткi), куды нават летам цяжка дабрацца.

Жыве на Верхнядзвiншчыне шчыры чалавек — Антон Францавiч Бубала. Энтузiяст, паэт, знаўца роднага краю. Антон Францавiч — пачынальнiк турысцка-краязнаўчага руху ў раё-не, удзельнiк злётаў, кiраўнiк шматлiкiх паходаў. Лепш за яго, напэўна, нiхто так добра i не ведае гiсторыю свайго роднага куточка. Яму было даручана пiсаць кнiгу славы раёна “Памяць”. У гады Вялiкай Айчыннай вайны тут было знiшчана 426 вёсак. Многiя не адрадзiлiся i да гэтага часу. Каб яны не знiклi з памяцi, Антон Францавiч займаецца iх адраджэннем — на самаробныя карты наносiць знiклыя паселiшчы. Карты вельмi дакладныя, маюць прывязку да мясцовасцi. Выкаростоўваючы iх на мясцовасцi, цяжка заблудзiць. Але ж аднойчы, шукаючы магiлы загiнуўшых воiнаў (дарэчы, iм устаноўлены iмёны пахаваных салдат 112-й дывiзii), ён сам заблукаў. Увесь раён сачыў за пошукамi. Праз два днi Антона Францавiча знайшлi. Але гэта не прычына засмучацца i адмаўляцца ад планаў, якiх у яго шмат.

Паглядзiце ўважлiва на фотакартку ветэрана вайны Дзмiтрыя Канстанцiнавiча Харольскага, якога так пяшчотна абдымаюць праўнукi. Мужны твар гэтага чалавека сведчыць аб тым нялёгкiм лёсе, якi выпаў танкiсту Харольскаму. Ён прайшоў усю вайну. Пачынаў ваяваць на танку Т-26, а закончыў вайну на магутным IС-2 пад Прагай 12 мая 1945 года. (Дарэчы, пра гэтыя танкi ў хуткiм часе будзе больш падрабязны расказ у рубрыцы “Р” “Зброя Перамогi”.) Ужо была перамога, усе яе адзначалi. I памiраць вельмi не хацелася. Але фашысцкiх недабiткаў трэба было знiшчыць. I ён рабiў сваю справу воiна добрасумленна, аб чым сведчаць шматлiкiя баявыя ўзнагароды.

Валерый Салаўёў пасля заканчэння маскоўскага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры па размеркаванню трапiў у Краснадарскi край. Не самае дрэннае месца на планеце, але ж корнi яго былi на Верхнядзвiншчыне. Што i казаць, цягнула на радзiму. Але… I тут здарыўся выпадак. Край з працоўным вiзiтам у той час наведваў былы губернатар Вiцебскай вобласцi Уладзiмiр Андрэйчанка. I неяк пайшла размова пра землякоў. А вось, кажуць, ваш зямляк у нас працуе. Слова за слова, i кiраўнiк вобласцi прапанаваў Валерыю вярнуцца дамоў. I цуд здарыўся. Сям’я Салаўёвых атрымала жыллё, гаспадар i жонка — працу. У iх чатыры дачкi-прыгажунi. Дзве ўжо вучацца ў сталiцы. Дзяўчаты маюць адметны музычны слых, граюць (вядома ж, мацi Iрына Мiкалаеўна выкладае музыку) на пiянiна, цымбалах, а тата, калi патрэба ёсць, i на гармонiку падыграе. Дарэчы, тады Валерый уладкаваўся працаваць фотакарэспандэнтам у мясцовую газету. Мiр цесны. Аднойчы, у час здымкаў, губернатар звярнуў увагу, што Валерый фатаграфуе вельмi ж прымiтыўнай камерай. Апраўданне адно: што зробiш, добры апарат каштуе i добрых грошай. Вы не паверыце, але ўжо праз тыдзень у Салаўёва была новая фотакамера. Не горшая, чым у сталiчных карэспандэнтаў. Вось такiя шчаслiвыя выпадкi.

Колькi шчэ забавiцца зiма на прасторах Верхнядзвiнска, дакладна не ведаюць нават сiноптыкi Белгiдрамета. Але кавалю мясцовага аграсэрвiсу Уладзiмiру Карпецкаму няма асаблiвых падстаў прыслухоўвацца да прагнозаў надвор’я. Вядома, вясна бу­дзе, хай крышку раней цi пазней. I таму самы час рыхтаваць тэхнiку да пасяўной кампанii. Уладзiмiр ужо восем гадоў працуе кавалём, кавальскаму майстэрству вучыўся ў Маскве. Так што кiруе горнам як сапраўдны дока. Можа i трактар цi шчэ якую жалязяку адрамантаваць, а таксама ў стане выкаваць i дэкаратыўныя вырабы. Каб вока цешыла i сабе, i людзям.

«А чаму б нам не схадзiць да «Бар­сiка»?» Такое пытанне-прапанову можна часта пачуць ад верхня­дзвiнцаў. Што за Бар­сiк? I чаго туды патрэба наведвац­ца? Адказ просты. «Барс» — гэта сетка магазiнаў, якiя ўзначальвае Сяргей Кухаронак. Экзатычная назва крам тлумачыцца вельмi проста. Сам Сяргей Фёда­равiч — заўзяты паляўнiчы. I больш за ўсё любiць кацiныя пароды драпежнiкаў. Калi ў верх­нядзвiнскiх лясах няма арэала барсаў, дык хай хоць будзе прыгожай i арыгiнальнай назва на шыльдзе крамы. Дык чаму ж гэтыя магазiны такiя папулярныя сярод тутэйшых жыхароў? I тут адказ просты: у гэтых крамах тавары дзешавейшыя, чым у iншых. Як гэта ўдаецца зрабiць — ужо сакрэт Сяргея Кухаронка. Але народ задаволены гэткiмi рыначнымi стасункамi, таму ахвотна i топча сцежкi ў напрамку да «Барса».

Конна-спартыўная школа створана ў Асвеi па iнiцыятыве дырэктара мясцовай гаспадаркi Мiкалая Пятровiча Мартынава. Школа з’яўляецца фiлiялам Вiцебскага абласнога цэнтра алiмпiйскага рэзерву па конным спорце i конегадоўлi. Калi Мiкалай Пятровiч узначалiў гаспадарку, конегадоўля была ў заняпадзе. Але ж добры конь ды добраму гаспадару заўжды патрэбны. Зараз тут налiчваецца 130 галоў i 15 чыстапародных рысакоў. З конь­мi ахвотна займаюцца i дзецi. Дырэктар школы Руслан Петухоў ахвотна вучыць дзятву, як трэба даглядаць жывёлiн, як трымацца ў сядле. Дарэчы, само сядло каштуе нi многа нi мала аж 1,5 тысячы долараў. Каб зменшыць кошт вупражы, Мiкалай Пятровiч гадуе яшчэ статак у 100 галоў авечак. Шляхам абменаў i г.д. скуры авечак у рэшце рэшт робяць набыццё амунiцыi таннейшым. Якая рознiца хлапчукам i дзяўчатам з шчаслiвымi вачыма, колькi што каштуе. Галоўнае — яны, займаючыся верхавой яздой, атрымоўваюць задавальненне i радасць, якую не купiш i за вялiкiя грошы. А чэмпiёны будуць, мажлiва нават алiмпiйскiя. Дайце час…

Назавi каго-небудзь белаю варонаю — пакрыў­дзiцца чалавек. I пра­вiльна зро­бiць. Але ўсе ўдзельнiкi народнага клуба «Белыя вароны» — выключэнне. Яны не крыўдуюць, а нават ганарацца, што iх так называюць. Удзельнiкi клуба з’яўляюцца паслядоўнiкамi Парфiрыя Iванова i прапагандуюць здаровы лад жыцця. У адрозненне ад звычайных варон яны купаюцца не толькi ўлетку, але i зiмой у сцюдзёнай вадзе палонкi. Трэба быць здаровым духам, каб было здаровае цела. Члены клуба не займаюцца марнаваннем часу. У iх заўжды ёсць чым заняцца. Яны могуць слухаць класiчную музыку ля камiна пасля лазнi, рабiць вандроўкi на веласiпедах (летам, зразумела) у далёкую Адэсу цi Карпаты, цi крыху блiжэй, у Пiцер. Здаецца, сам бы стаў белай варонай, але як гляну на гэты здымак купання… Ёсць людзi, моцныя духам. Так трымаць!..

А трымаць сябе ў форме заўжды дапаможа кiраўнiк клуба, галоўны ўрач бальнiцы Пётр Квяцiнскi. Каму як не яму вядома, што трэба рабiць, каб не абiваць парогi лекарскiх кабiнетаў. А аднадумцаў у белых варон шмат па ўсёй краiне.

Аляксандр Iванавiч Мядзюта — чалавек таксама творчы па натуры. На ягоны лёс выпала шмат выпрабаванняў. Былы падлетак – вязень канцлагера, цяпер ужо на заслужаным адпачынку. Працяглы час працаваў тэлемайстрам, а цяпер у вольны час (а шмат пенсiянеру не трэба) пiша вершы, малюе карцiны. Дарэчы, гэтаму яго нiхто не вучыў. Мажлiва, знаўцы ўсмiхнуцца, пабачыўшы творы мастака, але ж яны напiсаны шчыра, ад душы, таму ўсiм зразумелыя. “Чорны квадрат” Малевiча не адразу стаў шэдэўрам, а вось лубок Аляксандра Iванавiча з простай назвай “На пабыўку да дзеда” i не прэтэндуе на тое, каб сказаць “супер”. Але ж тут адлюстраваны жыццёвы момант: унук – сын палка – прыехаў у госцi да дзядулi з бабуляй. Старая пячэ блiнцы, а дзед вядзе “сур’ёзную” размову са сваёй крывiначкай. Самы звычайны рэалiзм. Цi не так? Дарэчы кажучы, у доме мастака няма нiводнай карцiны. Усе падараваў добрым лю-дзям. Вось i гэту мяркуе хутка аддаць роднаму гораду.

Не так даўно па адным з беларускiх ТБ-каналаў дэманстравалася захапляльная гульня пад назвай “Бiтва тытанаў”, якая здымалася ў Францыi. Беларусы разам з прадстаўнiкамi Расii, Кiтая i ЗША змагалiся за званне мацнейшай каманды. I даволi часта атрымоўвалi перамогу. Свой уклад у капiлку ўнёс i ўдзельнiк гульнi, прадстаўнiк Верхнядзвiнска Вячаслаў Багу-шэвiч. Ён зараз працуе начальнiкам аддзела фiз-культуры i спорту раённага выканаўчага камiтэта. Арганiзацыя ўсiх спартыўных мерапрыемстваў у раёне ляжыць на ягоных плячах. Можна пазайздросцiць, гледзячы, як Вячаслаў спрытна жанглiруе цяжкiмi гiрамi, адмыслова пачувае сябе i ў рукапашным баi, гуляе ў хакей. Добрым словам успамiнаюць яго верхнядзвiнцы, калi пад добрую музыку катаюцца на каньках па лядовай пляцоўцы, iнiцыятарам залiўкi якой быў ён. Гляньце на здымак, на якiм Вячаслаў i яго дачушка з вельмi ў наш час рэдкiм iменем – Славяна. Вось яно – бацькоўскае шчасце…

Матэрыялу з Верхнядзвiнска падчас камандзiроўкi сабралася шмат. Не ўсе людзi, якiя трапiлi ў кадр, убачаць сябе ў газеце. Дык жа жывём не апошнi дзень. Але напаследак хоць крыху пра Наталлю Палiкарпаву. Вельмi цяжка было прайсцi мiма яе твораў. А гэта сапраўды прыгожа. Гляньце самi, якiя арыгi-нальныя лялькi майструе мастачка. I ўсё робiць сваiмi рукамi: ад iдэi да гатовага вырабу. Здаецца, вось-вось гэта лялька пачне гаварыць i скажа табе нешта таям-нiчае, нязведанае, што ведае толькi яна…

Ля вёскi Кахановiчы ўжо 400 гадоў расце дуб-волат. Мясцовая славутасць, цар-дрэва. Ён — сведка часоў мiнулых i сучасных. Дык расцi ж, умацоўвайся, дрэва, гадоў жа столькi, а то i болей… 

P.S. Уважлiвы i дасведчаны чытач мае поўнае права спытаць, а пры чым тут назва артыкула, трошкi з iнтрыгай: “56-я паралель”? Адказ просты: Верхнядзвiнскi раён самы паўночны ў Беларусi. Яго з захаду на ўсход перасякае гэтая самая 56-я паралель. Не верыце? Гляньце на карту. А лепш за ўсё — наведайце гэтую славутую зямлю. Там добра, цiкава, спакойна, прывольна…

 

Новыя вiды сыроў распрацоўвала намеснiк генеральнага дырэктара масласырзавода Вольга ГОЛУБЕВА.

 

дырэктар КУПСХП «Асвейскi» Мiкалай МАРТЫНАЎ з Русланам ПЕТУХОВЫМ на конеферме.

 

Валерый САЛАЎЁЎ з жонкай Iрынай i дочкамi Iрынай, Веранiкай i Вiктарынай.

 

Краязнаўца Антон БУБАЛА.

 

Стваральнiкi “Дзвiны” (злева направа): выконваючы абавязкi генеральнага дырэктара Iван ГРЫНЬКО, галоўны iнжынер Яўген ЖУГIН i намеснiк дырэктара Генадзь ЛIТВIНАЎ.

 

каваль Уладзiмiр КАРПЕЦКI.

 

Настаўнiца школы № 2 Наталля ПАЛIКАРПАВА з лялькамi.

 

уласнiк крамы «Барс» Сяргей Кухаронак.

 

Самадзейны мастак Аляксандр МЯДЗЮТА.

 

Заняткi ў клубе “Белыя вароны”.

 

Вячаслаў БАГУШЭВIЧ з пяцiгадовай дачкой Славянай на трэнiроўцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter