І ў баль, і ў свет

Для смілавіцкіх вытворцаў валёнак зіма — самы гарачы сезон Традыцыйна ажыятаж з цёплым абуткам пачынаецца тады, калі «прыціснуць» першыя маразы. Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка да гэтага гатовая. Калі, напрыклад, у жніўні прадпрыемства рэалізуе прадукцыі на 1 мільярд рублёў, то ў кастрычніку — на 4 млрд., у лістападзе — на 8 млрд. рублёў, а да Новага года працуе літаральна з колаў. Якая б ні выдалася зіма, можна смела сцвярджаць, што за доўгія халодныя месяцы знойдзецца шмат дзён, калі мы будзем удзячныя валёнкам, гэтаму цёпламу, зручнаму, зноў актуальнаму і, як кажуць, самаму душэўнаму абутку. Таму і спяшаюцца модніцы за арыгінальнымі мадэлямі, мамы — за «мядзведзікамі» для сваіх дзяцей, паляўнічыя і рыбакі, шматлікія прамыслоўцы і ваенныя — за класічным і спецыяльным абуткам, якому не страшны ніякі мароз. Некалі ў 90-х гадах у вельмі няпростых эканамічных умовах у Чэрвеньскім раёне на Міншчыне змаглі захаваць унікальную вытворчасць. Як кажуць, ліха без дабра не бывае, у той час фабрыцы давялося асвоіць выпуск самай рознай прадукцыі — ад швейных вырабаў да дрэваапрацоўкі, а людзям — атрымаць па некалькі сумежных прафесій. І зараз усё гэта працуе, дапамагае падтрымліваць эканоміку прадпрыемства, гарантаваць работу і добры заробак калектыву... На здымку: майстар Кацярына КАЛАШОНАК. Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Для смілавіцкіх вытворцаў валёнак зіма — самы гарачы сезон

Традыцыйна ажыятаж з цёплым абуткам пачынаецца тады, калі «прыціснуць» першыя маразы. Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка да гэтага гатовая. Калі, напрыклад, у жніўні прадпрыемства рэалізуе прадукцыі на 1 мільярд рублёў, то ў кастрычніку — на 4 млрд., у лістападзе — на 8 млрд. рублёў, а да Новага года працуе літаральна з колаў.

Якая б ні выдалася зіма, можна смела сцвярджаць, што за доўгія халодныя месяцы знойдзецца шмат дзён, калі мы будзем удзячныя валёнкам, гэтаму цёпламу, зручнаму, зноў актуальнаму і, як кажуць, самаму душэўнаму абутку.

Таму і спяшаюцца модніцы за арыгінальнымі мадэлямі, мамы — за «мядзведзікамі» для сваіх дзяцей, паляўнічыя і рыбакі, шматлікія прамыслоўцы і ваенныя — за класічным і спецыяльным абуткам, якому не страшны ніякі мароз.

Некалі ў 90-х гадах у вельмі няпростых эканамічных умовах у Чэрвеньскім раёне на Міншчыне змаглі захаваць унікальную вытворчасць. Як кажуць, ліха без дабра не бывае, у той час фабрыцы давялося асвоіць выпуск самай рознай прадукцыі — ад швейных вырабаў да дрэваапрацоўкі, а людзям — атрымаць па некалькі сумежных прафесій. І зараз усё гэта працуе, дапамагае падтрымліваць эканоміку прадпрыемства, гарантаваць работу і добры заробак калектыву.

Прадмет асаблівага гонару, зразумела, валёнкі. Толькі за 9 месяцаў года выраблена 107,5 тысячы пар гэтай эксклюзіўнай прадукцыі. Дырэктару Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі Васілю Сабану (на здымку) ёсць што сказаць і пра асартымент, і пра вынікі работы:

— Калі раней гэта былі звычайныя чорныя валёнкі і валёнкі абгумаваныя — усяго дзве мадэлі, то зараз іх больш за два дзясяткі. Грубашэрсныя і паўгрубашэрсныя, з аздабленнем, аплікацыямі і без, з галёшамі і без, на ТЭП-падэшве, поліўрэтане і звыклай гуме, розных колераў і памераў, для мужчын, жанчын і дзяцей.

Купіць смілавіцкія валёнкі можна на шматлікіх кірмашах, куды фабрыка актыўна выязджае гандляваць. Ёсць секцыі ў буйных універмагах, а таксама фірменны магазін на самім прадпрыемстве. На жаль, канстатуе дырэктар, са спажыўкааперацыяй пакуль не ўдаецца наладзіць дынамічную работу, хаця ўласны выязны гандаль распрадае тавар нават у маі і чэрвені. Зараз прапрацоўваецца пытанне аб больш актыўным прасоўванні прадукцыі ў рэгіёны краіны, але па якой канкрэтна схеме гэта будзе адбывацца, пакуль не вырашана.

У самым разгары на фабрыцы зараз мадэрнізацыя, прычым не толькі вытворчая. Па цвёрдым перакананні дырэктара, першасная задача — паляпшэнне ўмоў працы, бо вытворчасць валёнак — працэс спецыфічны, дзе шмат ручной працы, асабліва на пачатковым этапе. Менавіта таму актыўна прыводзяцца ў адпаведнасць і праходзяць атэстацыю рабочыя месцы, затрачана каля двух мільярдаў рублёў. Частка работ ужо выканана, падрыхтаваны ўсе праекты, і хутка, як запэўнівае кіраўнік, у цэхах будзе зусім іншая абстаноўка. У тэхнічнае пераабсталяванне ўкладзена 800 млн. рублёў, асноўная ўвага — швейнаму цэху.

— Справа ў тым, што для прамысловай вытворчасці валёнак патрабуюцца спецыфічныя машыны. Тут нам пашанцавала — удалося наладзіць добрыя адносіны з адной італьянскай фірмай, якая вырабляе швейнае абсталяванне. Яе кіраўніка вельмі зацікавіла наша арыгінальная прадукцыя, і кампанія спецыяльна для нас распрацавала канструктыўныя рашэнні машын, падобных няма нідзе. Гэта дазволіла істотна пашырыць асартымент валёнак, — расказвае Васіль Сабан.

Такія магчымасці надзвычай важныя для прадпрыемства, якое клапоціцца пра якасць і прасоўванне тавару на рынкі. Дарэчы, фабрыка з’яўляецца экспартаарыентаваным прадпрыемствам, каля 70 % прадукцыі пастаўляецца за мяжу. Асноўны спажывец — гэта Расія, але, каб не губляць на пасрэдніках, вырашана больш цесна працаваць напрамую з яе рэгіёнамі. Омск, Хабараўск, Нарыльск і іншыя гарады — там ужо добра ведаюць смілавіцкія валёнкі. Сёлета вектар імпарту крыху змясціўся, але дырэктар падкрэслівае, што гэта ніяк не адбілася на выніку:

— Экспарт мы традыцыйна выконваем і перавыконваем, за 9 месяцаў — 115 % да мінулагодняга ўзроўню. Так, скараціліся пастаўкі ў Расію, але разам з тым мы ўмацаваліся на іншых рынках і адкрылі новыя: Казахстан, Украіна, Прыбалтыка, Польшча, Германія, Нарвегія, Швецыя і гэтак далей, узоры адпраўлены ў Фінляндыю. Пакрысе геаграфія пашыраецца, а гэта патрабуе ад нас новых падыходаў да якасці.

Апошнім часам на фабрыцы грунтоўна папрацавалі не толькі над асартыментам валенага абутку. Брэндавымі становяцца і коўдры розных памераў з воўны танкарунных парод, адпрацоўваюцца тэхналогіі вырабу падшываных падушак. У цэху па пашыве майстар участка Кацярына Калашонак расказвае пра тэхналогіі:

— Воўна ўнутры нашых коўдраў не сыпучая. Руно да выварату чахла прышываецца ўручную, таму яно не распаўзаецца. Затым выраб прашываецца разнастайнымі ўзорамі. Робіць гэта сучасная падшывальная машына, у камп’ютар закладваюцца неабходныя параметры, задаецца ўзор малюнка, а далей ужо справа тэхнікі.

Для вырабу коўдраў пераважна выкарыстоўваецца воўна беларускай вытворчасці — яна добрай якасці, аднак яе вельмі мала.

— Мы працуем з СВК «Канюхі» Брэсцкай вобласці, ён пастаўляе высакаякасную сыравіну, але пры нашых аб’ёмах гэта крыхі. У асноўным закупляем воўну ў Туркменіі, Таджыкістане, Узбекістане. Упэўнены, што ў Беларусі можна і трэба развіваць авечкагадоўлю, канстатую гэта з уласнага вопыту. Патрэбнасць фабрыкі — 40 тон штомесяц, але ёсць і іншыя прадпрыемствы, якім неабходна такая сыравіна, — выказвае сваё пажаданне кіраўнік адзінага вытворцы валенага абутку ў краіне.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter