Зямля “тэмпературыць”
07.02.2007 01:00:00
Пра тое, што ва ўсiм свеце адбываюцца сур’ёзныя клiматычныя змяненнi, гаворыць i такi факт: у лютым 2006 года ў пустынi Сахара выпалi вельмi моцныя дажджы, якiя выклiкалi буйную паводку. Клiматычныя праблемы летась былi i ў Еўропе. Усяго толькi праз некалькi месяцаў пасля разбуральнай летняй паводкi 2005 года ва Усходняй Еўропе моцныя лiўнi i раставанне снегу выклiкалi вялiзныя паводкi ўздоўж Дуная ў красавiку 2006-га. У вынiку рака дасягнула свайго самага высокага ўзроўню за апошняе стагоддзе.
Рэальная пагроза
Навукоўцы сцвярджаюць, што пагроза глабальнага пацяплення на планеце становiцца ўсё больш рэальнай. Гэта вiдавочна: птушкi мiгрыруюць раней, раней сталi расцвiтаць кветкi, зрушылiся тэрмiны змены пораў года. Ужо i нашу краiну закранулi гэтыя працэсы. I заўважаем мы гэта перш за ўсё па надвор’i. А яно сапраўды робiцца ўсё больш непрывычным для нас. Халодныя i цёплыя перыяды як зiмой, так i летам змяняюцца даволi рэзка, ападкаў становiцца больш, але яны нераўнамерныя. Пачасцiлiся пагодныя i клiматычныя экстрэмальныя з’явы.
Навукоўцы дагэтуль спрачаюцца, цi з’яўляецца парнiковы эфект вiнаватым у пацяпленнi клiмату, альбо галоўным чынам — гэта наступствы, напрыклад, росту сонечнай актыўнасцi, ваганняў зямной восi, геафiзiчных працэсаў у акiяне цi ў зямной кары. Да таго ж ёсць бясспрэчныя аргументы, што ў прыродзе iснуюць буйныя доўгачасовыя клiматычныя ваганнi, не звязаныя з дзейнасцю чалавека. Але, напэўна, нельга не пагадзiцца: актыўныя выкiды парнiковых газаў прыродныя эфекты толькi пагаршаюць.
Змяненнi ў глабальным клiмаце прымушаюць навукоўцаў сур’ёзна задумвацца над iх наступствамi. Сярод галоўных небяспек яны бачаць раставанне гiганцкiх ледавiкоў Грэнландыi, якое можа стаць незваротным ужо ў канцы гэтага стагоддзя, i тады ўзровень Сусветнага акiяна падымецца, затапiўшы шэраг прыбярэжных краiн.
Павышэнне тэмператур i памяншэнне атмасферных ападкаў можа прывесцi i да змяншэння водазабеспячэння i павелiчэння попыту на ваду, што можа выклiкаць панiжэнне якасцi вады ў прэснаводных вадаёмах. Нават там, дзе магчыма павелiчэнне ападкаў, няма гарантыi таго, што яны выпадуць у той час года, калi iх можна выкарыстаць.
Глабальнае пацяпленне рэальна пагражае захаванню бiялагiчнай разнастайнасцi на ўсёй планеце. Клiматычныя змяненнi могуць прывесцi да знiкнення ва ўсiм свеце мiльёна бiялагiчных вiдаў. Многiя з iх пазбавяцца прыдатнага асяроддзя для жыцця, а iншыя не змогуць мiгрыраваць на адлегласцi, дастатковыя для таго, каб знайсцi сабе новы дом.
Беларускiя сцэнарыi
Беларускiя навукоўцы таксама распрацавалi сцэнарыi змянення клiмату ў нашай краiне. Па самым рэальным варыянце тэмпература на нашай тэрыторыi павялiчыцца да сярэдзiны стагоддзя на 1—2 градусы, а да канца стагоддзя — на 3—4 градусы. Колькасць ападкаў у цэлым можа павялiчыцца, але працягнецца тэндэнцыя iх прасторавага размеркавання: на поўначы больш, а на поўднi менш. Некаторыя экасiстэмы не паспеюць прыстасавацца да хуткiх клiматычных змен, таму асобныя вiды флоры i фауны могуць цалкам знiкнуць.
Зменiцца структура лясоў, што паўплывае i на астатнюю раслiннасць. Ягад на нашых землях стане больш у асноўным з-за павелiчэння ўраджайнасцi чарнiц, а вось запасы журавiн i бруснiц, наадварот, знiзяцца. Менш стане i грыбоў. Пацяпленне можа стварыць iдэальныя ўмовы для размнажэння шкоднiкаў лесу, пагоршацца ўмовы зiмоўкi раслiн. Павялiчыцца працягласць пажаранебяспечнага перыяду. Усё гэта запатрабуе сур’ёзных капiталаўкладанняў для захавання лясоў.
Зменiцца i вiдавая разнастайнасць жывёльнага свету. Iстотных парушэнняў тут не прагназуецца, але скарачэнне ўвiльготненых лясоў розных тыпаў адмоўна адаб’ецца на драпежных птушках, совах, дзятлах, рукакрылых, фауне водных экасiстэм. Сярод млекакормячых найбольшыя змяненнi, верагодна, будуць адбывацца ў папуляцыях паляўнiча-прамысловых жывёл, колькасць якiх можа павышацца. У рэках i азёрах, магчыма, павялiчыцца колькасць цеплалюбiвых вiдаў рыб, а вось звычайных нашых вiдаў стане менш.
Асноўныя наступствы глабальнага пацяплення закрануць сельскую гаспадарку. Новы клiмат наўрад цi спадабаецца спрадвечна беларускiм культурам: бульбе, ячменю i лёну. Затое спрыяльным ён стане для вырошчвання сланечнiку, цукровых буракоў, соi, кукурузы. Аднак, па прагнозах навукоўцаў, калi iнтэнсiўнасць земляробства застанецца на сённяшнiм узроўнi, то пацяпленне клiмату прывядзе да падзення прадукцыйнасцi сельскагаспадарчых культур. Таму сельгасвытворчасць у Беларусi неабходна пачынаць адаптаваць ды змяненняў клiмату ўжо сёння.
А як адаб’ецца пацяпленне клiмату на здароўi людзей? Павелiчэнне колькасцi дзён з адлiгамi ў зiмовы перыяд прывядзе да росту прастудных захворванняў. Частая паўтаральнасць максiмальных тэмператур летам створыць перадумовы для росту захворванняў сардэчна-сасудзiстай сiстэмы i iнфекцыйных хвароб.
Праўда, нельга не адзначыць, што станоўчым наступствам глабальнага пацяплення для нашай краiны можа стаць эканомiя палiва, яна складзе да 15 працэнтаў пры павышэннi тэмпературы на 2—3 градусы. У цёплыя i бясснежныя зiмы не трэба змагацца з галалёдам, а значыць, знiкае праблема выкарыстання не заўсёды экалагiчна бяспечных супрацьгалалёдных сродкаў i iх змывання ў вадаёмы.
Сапраўды, мы жывём у часы клiматычных змен. I як будзе развiвацца далей узаемадзеянне чалавека з прыроднымi працэсамi i экасiстэмамi, пакуль дакладна не ведае нiхто. Таму чалавецтва вымушана ўважлiва сачыць за клiматычнымi феноменамi, каб мець магчымасць загадзя падрыхтавацца да iх.