Звязала не толькi барацьба, але i музыка
08.05.2004
Як паведамляла “Р”, сёлета поўным ходам ідуць узнаўленчыя работы ў радавым маёнтку Касцюшкаў ва ўрочышчы Мерачэўшчына бліз Косава ў Івацэвіцкім раёне. Час не пашкадаваў сядзібу, ад дома заста-ліся толькі фундаменты, але захаваліся малюнкі з натуры, якія дазволілі аднавіць воблік ся-дзібы ХVIII стагоддзя, дзе жыла сям’я Касцюшкаў.
Безумоўна, па заканчэннi работ Мерачэўшчына стане адной з прыцягальных мясцін на турыстычных маршрутах Беларусі.
І хацелася, каб пад саламянай страхой касцюшкаўскага дома прагучала музыка кампазітара... Тадэвуша Касцюшкі. Так, так, наш вялікі зямляк быў улюбёнцам муз. Ён вучыўся ў парыжскай акадэміі мастацтваў і цудоўна маляваў. У нацыянальным музеі Варшавы захоўваецца партрэт Томаса Джэферсана – гравюра, выкананая паводле малюнка Касцюшкі. Касцюшка добра валодаў навыкамі ігры на клавіры і нават сачыняў паланезы і вальсы, якія былі папулярнымі.
Як сведчыць даследчык музычнай культуры Беларусі ХVIII стагоддзя доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава, аўтарства тых музычных твораў доўгі час заставалася нявысветленым: спачатку яго прыпісвалі Міхалу Клеафасу Агінскаму, які неаднойчы адхіляў гэтае дапушчэнне. Потым твор сталі лічыць ананімным, і толькі ў рэдкім лондан-скім выданні
аўтарам паланеза названы ме-навіта Касцюшка. Упершыню на радзіме Тадэвуша Касцюшкі яго паланез для голасу і фартэпіяна быў выкананы нашым вядомым піяністам Ігарам Алоўнікавым.
У тым уяўным канцэрце па-вінны былі б прагучаць і творы паплечнікаў Касцюшкі па барацьбе Міхала Клеафаса Агінскага, камандзіра беларускага паўстанцкага аддзела, сёння больш вядомага як кампазітар, аўтар знакамітага паланеза “Развітанне з Радзімай”, а таксама Мацея Радзівіла, які горача падтрымаў паўстанне і нават узброіў на свае грошы некалькі паўстанцкіх атрадаў, а тым сваім сялянам, якія вырашылі ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях, дараваў вольную. Творы гэтых двух кампазітараў гучалі на знакамітых фестывалях камернай музыкі, якія наладжвае ў малых гістарычных гарадах Беларусі Дзяржаўны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга.
Свет шануе памяць аб выдатным сыне зямлі беларускай. Гэта памяць жыве ў мностве твораў мастацтва, у помніках, што ўзведзены па абодва бакі акіяна, у многіх краінах Еўропы і Амерыкі. Будзем спадзявацца, што такі помнік з’явіцца нарэшце і ў нашай краіне, незалежнасць якой адстойваў Тадэвуш Касцюшка.