Майстар Аляксандр Ісаковіч вырабляе з дрэва ўнікальныя цацкі для дзяцей і дарослых

Зрабіў нам тата слоніка

Няма лепшых цацак за драўляныя, упэўнены майстар

Прылаўкі дзіцячых секцый магазінаў стракацяць рознакаляровым пластыкам. На гэтым фоне цацачныя зайчыкі, конікі, слонікі з натуральнага дрэва — як глыток свежага паветра. Мала таго, што іх проста прыемна мацаць, дык і зусім нястрашна даць у рукі немаўляці, якое любіць усё спрабаваць на смак. Дарэчы, у многім нараджэнне трэцяга дзіцяці і паўплывала на рашэнне Аляксандра Ісаковіча заняцца рамесніцтвам.

Фота аўтара
Доўгі час Аляксандр працаваў прарабам на будоўлі. Прыходзілася часта ездзіць ў Расію — два тыдні там, два тыдні тут. Калі з’явілася малодшая Эвеліна, на сямейным савеце вырашылі: хопіць матацца па свеце, зарабляючы грошы, трэба быць бліжэй да дома. Уладкаваўся ў мінскую фірму менеджарам са зменным графікам, які дазваляў яшчэ займацца і хобі.

— Калі набываў электрычны лобзік, сапраўды не думаў, што простая забава можа перарасці ў нешта большае, — гаворыць Аляксандр. — Памятаю, як змайстраваў першую цацку. У мяне тады і ніякага спецыяльнага памяшкання не было — зрабіў навес на ўчастку ў Калодзішчах і выразаў пад ім некалькі драўляных зайчыкаў. Прывёз дадому — дзеці ў захапленні! Пасля зайчыкаў з’явіліся конікі, слонікі і іншыя звяркі. Зняў гараж, кінуў офісную працу, аформіў рамесніцтва і стаў працаваць сам на сябе, пра што наша сям’я даўно марыла.

Жонка Алена, па прафесіі ландшафтны дызайнер, галоўны памочнік і кампаньён Аляксандра. Гэта яна распрацоўвае дызайн усіх драўляных звяркоў і канструктараў — з драўляных фігурак, выразаных Аляксандрам, можна сабраць цэлы лес, замак, горны ланцуг, вясёлку. Ёсць работы для самых маленькіх — грызункі. Для дзяцей старэйшага ўзросту і дарослых — японская гульня на баланс “Тумі Ішы” (“Гара камянёў”). Яе мэта — збудаваць вежу са шматгранных драўляных камянёў. Цікава, што кожны камень выразаны з асобнай пароды дрэва. У наборы Ісаковічаў — да 15 парод, з распаўсюджаных — дуб, ясень, вольха, бяроза, бук (гэта самы папулярны і прыдатны матэрыял для дзіцячых цацак). З больш рэдкіх — чаромха Маака, акацыя, амерыканскі арэх. Апошні, дарэчы, амаль на вагу золата.

— Калі вольха і бяроза каштуюць па 300 долараў за кубаметр, бук, які ў нас не расце, — 700, то амерыканскі арэх — каля 4,5 тысячы долараў. Вельмі рэдкае дрэва. Адрозніваецца непаўторным пахам, цікавай фактурай і чорным колерам, — тлумачыць майстар. — Вядома, у буйных маштабах я сыравіну не набываю. Але ў якасці эксперымента купляю маленькую дошку арэха за 25 долараў, рэжу яе на невялікія кавалачкі і раблю з іх нешта цікавае.


Некаторыя пароды дрэў, такія як алыча, сліва, груша, дастаюцца Аляксандру ад бацькоў або знаёмых, у якіх ёсць уласныя дамы. Майстар жартуе: цяпер лепшы падарунак для яго — кавалак дрэва. І хваліцца, што нядаўна стаў уладальнікам паўтараметровай галіны бэзу і невялікага лаўра. Рамесніку цікавыя не толькі новыя пароды дрэў, але і іх незвычайная фактура:

— Расколіны, сучкі, неаднароднасць па колеры многія лічаць бракам. Але для мяне гэтыя дэфекты вельмі каштоўныя. З такіх экзэмпляраў абавязкова атрымліваецца штосьці рэдкае і неардынарнае.


Прадметы, прызначаныя для самых маленькіх, Ісаковічы пакрываюць натуральным ільняным маслам. Яно не толькі прамочвае дрэва, але і выконвае функцыю антысэптыка — вядома, што малыя любяць усё пагрызці. Цацкі для больш старэйшых дзетак апрацоўваюцца ільняным маслам і пчаліным воскам. Аляксандр тлумачыць, што воск у разы паскарае працэс сушкі. Ёсць у рамесніка і каляровыя версіі работ:

— Яшчэ на пачатковым этапе дзейнасці вырашылі, што будзем рабіць выключна экалагічныя і натуральныя цацкі. Мне падабаюцца нефарбаваныя работы, дзе добра бачна фактура дрэва. Але дзеткі любяць і каляровае. Доўга шукалі бяспечную фарбу. Спыніліся на нямецкай biofa, сертыфікаванай для афарбоўкі драўляных дзіцячых цацак. Плюс яе ў тым, што яна не толькі не наносіць шкоду маленькім арганізмам, але і не перакрывае поўнасцю фактуру дрэва.


Усе работы Ісаковічы “правяраюць” на сваіх дзецях — 2-гадовай Эвеліне, 4-гадовым Леанардзе і 11-гадовым Канстанціне. Часам, расказвае Аляксандр, трацяць на гульні з дзеравяшкамі цэлыя вечары — будуюць вежы, выконваюць хітрыя заданні з фігурамі і гэтак далей. Драўляныя цацкі развіваюць логіку, бліжэй знаёмяць дзяцей з прыродай і проста выконваюць дэкаратыўную ролю.


Паспрабаваць вырабіць драўляную цацку кожны можа і ў сябе дома. Але наўрад ці атрымаецца стварыць без спецыяльнага абсталявання складаную фігуру. Звычайны лобзік рэжа па прамой з невялікім закругленнем. А такія цацкі, як елачкі, зайчыкі, слонікі, маюць няпростыя крывалінейныя контуры.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter