Зорачкі свежага выпуску

Заўтра празвiнiць апошнi званок для 140000 хлопчыкаў i дзяўчынак. «Рэспубліка» зазiрнула ў незвычайную школу, якую заканчвае ўсяго сем чалавек

Вёска Крупец, што пад Добрушам, не самы маленькі населены пункт. І размешчаная ў ім сярэдняя школа ўражвае незвычайнай архітэктурай, велізарнай тэрыторыяй і маштабным пералікам пазавучэбных заняткаў. Але, як і ў большасці вясковых школ, выпускны клас тут маленькі. У мінулым годзе 11-га класа ўвогуле не было, а зараз альма-матар пакідаюць усяго сем хлопцаў і дзяўчынак. Карэспандэнт «Рэспублікі» пасядзела на апошніх уроках выпускнікоў і даведалася, што значыць вучыцца ў маленькім калектыве.

Сем — лiчба шчаслiвая, менавiта столькi выпускнiкоў пакiдаюць сёлета сцены Крупецкай сярэдняй школы
Фота Івана КУЗМЯНКОВА

Экахарчаванне і мотагонкі

«Крупецкая сярэдняя школа — самая звычайная школа, у якой вучацца самыя звычайныя вучні, але ў кожным вучні мы бачым індывідуальнасць» — такой інфармацыяй на галоўнай старонцы адкрываецца сайт школы. Дырэктар установы Святлана Гарбачова пачынае пералічваць, чым, акрамя ўрокаў, займаюцца яе «звычайныя» вучні, і становіцца зразумелым, што школа не такая ўжо і простая:

— Кожны год нашы юныя інспектары дарожнага руху прывозяць прызавыя месцы з абласных спаборніцтваў. У нас добрая пляцоўка для трэніровак, дастаткова веласіпедаў. Ёсць і матацыклы! Гадоў шэсць на базе нашай школы цэнтр дадатковай адукацыі адкрыў мотагурток. На мінулым тыдні зборная каманда рэгіёна, у склад якой уваходзілі і два нашыя адзінаццацікласнікі, перамагла на рэспубліканскім першынстве. 

Зараз у школе рэалізуецца італьянска-французскі праект па вырошчванні экалагічна чыстай гародніны. Замежныя спонсары ўстанавілі за школай сучасную цяпліцу на 100 квадратных метраў з капельным палівам. Капуста, цыбуля, памідоры, агуркі — усё ідзе на тое, каб зрабіць школьнае харчаванне больш танным і разнастайным. 

— Агародчык у нас і без таго заўсёды быў. Кожны клас даглядае за сваім надзелам — паліў, праполка, угнаенні. Вясковыя дзеці да працы прывучаны!

«Вы стужкі не згубілі?»

А вось на ўроку беларускай літаратуры, на якім мы папрысутнічалі разам з маленькім класам выпускнікоў, іх прывучаюць за глыбокага свету драматургіі. Настаўніца Таццяна Рыгораўна пытае:

— Хто такі Сяргей Кавалёў?

І тут праяўляецца галоўнае адрозненне маленькіх вясковых класаў. Вучні, канешне, прытойваюцца і за чацвёртай партай, але ад пільнага вока настаўніцы ніхто з сямі выпускнікоў не схаваецца.

— Таня, у якім годзе на сцэне паставілі п’есу «Драўляны рыцар»? Каця, у якіх краінах ішлі спектаклі па творах Сяргея Кавалёва? Дзіма, на якія тэмы пісаў драматург?

І так некалькі разоў па кругу. Кожны з выпускнікоў за ўрок паспявае адказаць на дзясяткі пытанняў: 1988-ы, філолаг па адукацыі, спектаклі ставяць у Расіі, Польшчы, Славакіі, пісаў пра страту гістарычнага мінулага, быў літаратурным крытыкам…

Сямёра адзінаццацікласнікаў амаль заўсёды разам. Агульныя дні нараджэння, па вечарах прагулкі да дзіцячай пляцоўкі, дзе можна пасядзець і, нягледзячы на ўзрост, на арэлях пагушкацца. Зараз пасля ўрокаў яны ўвогуле не расходзяцца. Трэба абмеркаваць самае важнае — выпускны баль. Без спрэчак, як і ў кожнай сям’і, не абыходзіцца, закаціў вочы Уладзіслаў Фралкоў:

— З нашымі дзяўчынкамі цяжка! Яны ўпартыя, выбралі музыку на выхад, а нам не падабаецца. Мы спрабуем растлумачыць — ніяк! І вальс не жадаюць танцаваць. Пайшла з работы педагог, якая раней усіх вучыла, а зараз няма нікога. Я знайшоў у інтэрнэце вальс з простымі рухамі: давайце самі навучымся! А яны — не!

— Мы ў класе галоўныя! — упэўнена Юлія Бараш. — Хлопцаў трэба трымаць у кулаку!

Класны кіраўнік Ганна Гуцава перажывае за сваіх выхаванцаў:

— Нервы вялікія! Пастаянна абмяркоўваюць сукенкі, сцэнарый, прыбягаюць да мяне: «А вы стужкі выпускнікоў не згубілі?» 

З маленькім класам, прызнаецца Ганна Анатольеўна, лягчэй. Адзін аднаго дасканала ведаюць: хто бацькі, хто сябры. 

— Мікіту я ведаю з першых дзён, мы з яго мамай у адной радзільні былі. Я сказала: «Мікіта, я бачыла, як ты нарадзіўся, таму як хочаш, але вальс мы танчым з табою!»

«Мы няшумныя, але на нас скардзяцца»

Жыццё ў маленькім калектыве накладвае свой адбітак — яны ўсе адзін пра аднаго ведаюць. Дзіма Каваленка, кажуць, любіць па вечарах паганяць на байку, бо лічыць, што гэта дазваляе забыцца пра ўсе праблемы. Яго «калега» па мотагуртку Улад Фралкоў з гонарам паказвае ўсім фота свайго новага матацыкла «Мінск»: «125 кубоў, праўда. Да спартыўнага пакуль не дарос». Для Тані Меранчук асалода — палюбавацца на навакольныя лясы і прыгоркі, бо прырода каля вёскі надзвычай прыгожая.

— А Мікіта Бондараў у нас вельмі сціплы, — «па сакрэту» расказвае Дзіма. — Ён нават з вамі баіцца размаўляць. 

Толькі калі справа тычыцца свавольства, яны адразу пачынаюць адзін аднаго прыкрываць.

— Мы няшумныя, але настаўнікі на нас скардзяцца, — прызнаюцца Юлія Бараш і Каця Сілява.

— А за што?

— Не скажам! — смяюцца дзяўчынкі. 

— Гэта яны толькі звонку сціплыя, — дадаюць хлопцы.

І зразумела, расказваюць адзін аднаму пра планы на будучыню. Дзяўчынкі як адна збіраюцца паступаць у медкаледж.

— Толькі мы не дамаўляліся, кожная сама вырашыла, — запэўнівае Таня Меранчук. — У мяне самой праблемы са здароўем, таму паспрабую дапамагчы і сабе, і людзям.

Юля Бараш марыць працаваць у дзіцячым аддзяленні бальніцы.

— Я дзяцей люблю! І сваіх завяду, толькі не ў бліжэйшыя дзесяць гадоў. Колькі хачу дзяцей? Траіх дастаткова!

Каця Сілява, як і аднакласніцы, паспрабуе пасля каледжа працягваць адукацыю і скончыць ВНУ. Ці атрымаецца паступіць адразу пасля школы ў медуніверсітэт, яна не ўпэўнена, магчыма, балаў хопіць толькі на каледж, аднак дзяўчынкі працягваюць займацца з рэпетытарамі. І ўтрох мараць пераехаць у вялікі горад: хочацца, каб пасля цішыні роднай вёскі вакол было бурнае жыццё, бесперапынны рух і яскравыя падзеі.

Уладзіслаў Фралкоў збіраўся паступаць у Інстытут пагранічнай службы. З дзяцінства марыў насіць форму, жыць па строгім распарадку. На адной з ім вуліцы жыве палкоўнік пагранвойскаў. Пасля расповедаў дзядзькі Андрэя Улад толькі яшчэ больш захацеў атрымаць самую лепшую прафесію — Радзіму абараняць! Толькі пры паступленні гісторыю замянілі на англійскую мову, з якой хлопец зусім не сябруе, і вырашыў Улад абраць фізіка-матэматычны накірунак. А праз некалькі гадоў плануе пачаць свой бізнес і калі-небудзь стаць дырэктарам банка. 

Дзіма Каваленка збіраецца ў машынабудаўнічы каледж. Якія менавіта машыны ён будзе будаваць, хлопец пакуль не ведае, аднак ужо ўпэўнены, што трэба перабірацца ў Добруш ці Гомель — з аднаго боку, і горад, а з другога — не так далёка ад малой радзімы:

— Тут дачу можна пакінуць!

Мікіта Бондараў і Мікалай Крукаў ідуць вучыцца на праваднікоў — на чыгунцы зараз даволі добрыя зарплаты. Да таго ж ёсць велізарнае жаданне падарожнічаць! Мікалай увогуле гатовы жыць і працаваць у любым кутку краіны, галоўнае — разам з каханай дзяўчынай Дашай.

valchenko@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...