Жывая вада крыніц
19.06.2009 01:00:00
Народныя лекары лічылі, што найбольш эфектыўнымі будуць тыя рытуальныя дзеянні, якія выкананы непасрэдна каля крыніцы, прычым употай і ў начны час: “Адкуль прыйшло (з падземнага свету), туды і сыходзь”.
На Беларусі паўсюдна лічылася, што асаблівая гаючая моц крыніц раскрывалася пасля першых вясенне-летніх грымотаў: “маланкі разганяюць усю нячыстую сілу пасля зімы, а значыць, ачышчаюць і крыніцы”.
Існавала абавязковае пра-віла: набіраць ваду неабходна было толькі па ходу яе цячэння, адліваць “лішнюю” ваду назад у крыніцу катэгарычна забаранялася (ваду дазвалялася выліць побач, на зямлю).
У паўсядзённым жыцці пазбягалі хадзіць да крыніцы пасля заходу сонца. Народны этыкет забараняў мыць бялізну ў крынічнай вадзе, купацца ў ёй парадзіхам, “нячыстым жанчынам”, кідаць у іх смецце і г. д. Нездарма казалі: “Плюнуць у ваду — што маці ў вочы”.
Нашы продкі былі перакананы: каб крынічная вада дапамагала і ніколі не знікала, ёй неабходна абавязкова прыносіць ахвяру, напрыклад кінуць манету; каля крыніц ставілі крыжы з іконамі, і тыя, хто прыходзіў да крыніцы, павязвалі на іх ручнікі, хусткі, паясы, рознакаляровыя стужкі. Гэта традыцыя жыве на Беларусі і сёння.