Гісторыя ў нашу скарбонку добрых спраў
14.08.2015 20:23:43
Такіх людзей, як мая суседка, цяпер лічаць дзівакамі. Валянціна Міхайлоўская не пройдзе міма, калі камусьці патрэбна дапамога. Не пашкадуе свайго часу, сіл, а калі спатрэбіцца, то і грошай. І тычыцца гэта не толькі людзей. Колькі бадзяжных ці выкінутых «гаспадарамі» братоў нашых меншых яна падняла, вылечыла і ўладкавала ў нармальныя сем’і! Вось апошні прыклад.
Спяшалася неяк Валя па сваіх справах, не забыўшыся прытым пра «ссабойку» для нічыйных коцікаў. І раптам убачыла, што па двары носіцца кацяня. Вочы ў яго нібыта два шарыкі, запоўненыя гноем. За, лічы, сляпым катом ганяюцца сабакі, а нейкі п’яны недавярак шпурляе ў яго палкі. Словам, жыць гэтай мішэні заставалася нядоўга. Суседка хуценька вярнулася дадому, схапіла старую камуфляжку і злавіла бедную жывёліну. Адмыла кацяня і павезла на ветэрынарную станцыю Першамайскага раёна. Думала, што сляпое і давядзецца яго ўсыпіць. Але ветурач Алена Міхайлаўна Філіпенка сказала, што гэта не так, прызначыла лячэнне. Цэлы тыдзень суседка вазіла коціка на ўколы, прамывала яму вочы і закладвала мазь. Словам, даглядала яго, нібыта хворае дзіця. І калі праз некалькі дзён кацяня ачуняла і пачало есці, мы былі так рады, бо Валя і нас прыцягнула да вырашэння лёсу гэтага небаракі. Разам падрыхтавалі абвестку пра нашага мурмістара на розныя сайты. А пушысцік з задавальненнем нам папазіраваў. Ніколькі не сумняваюся, што для такога прыгожага і ласкавага кацяняці знойдуцца гаспадары.
Адна наша знаёмая, яна не любіць хатніх гадаванцаў, упікнула Валю: «Колькі ж ты грошай са сваёй пенсіі ўпаліла на лячэнне гэтага блыхасціка? Лепш бы ягад нарыхтавала на зіму».
А тая толькі ўсміхнулася, маўляў, будуць і ягады...
Вось такая гісторыя ў нашу скарбонку добрых спраў.

Ларыса ПУШЧЫКАВА, Мінск