«Жабінкаўскія» высоты
12.07.2011 12:04:33
За пяць месяцаў гэтага года ў гаспадарцы атрымалі амаль 2,8 тоны малака ад кожнай каровы
Гэта на 166 кілаграмаў больш, чым за адпаведны леташні перыяд. Сёння ў ААТ «Жабінкаўскі» Жабінкаўскага раёна адны з самых высокіх надояў па рэспубліцы. Адпаведна, і рэалізавалі малака больш, чым у мінулым годзе, — 1889 тон супраць 1822.
— Сапраўды, надоі нас радуюць, — расказвае галоўны заатэхнік Аляксандр Лайчук. — Задавальняе і якасць малака. З пачатку года вышэйшым гатункам рэалізавалі 84 прац., а ў маі – усе сто. Аснова дасягненняў — добрая кармавая база і зладжаны калектыў. Не магу не адзначыць выдатную работу лабаранта гаспадаркі Мансуры Голуб. А дзякуючы галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу Аксане Нябогавай, якая працуе ў нас чатыры гады, сур’ёзных праблем з захворваннямі жывёлы няма. А гэта таксама немалаважна. Пра травастой паклапаціліся загадзя: своечасова падкармілі тукамі пашы, якія ў асноўным злакава-бабовыя.
Найлепшыя вытворчыя набыткі — на ферме “Навасады”, дзе звыш 530 галоў: 200 дойных кароў, цялушкі, цяляты. Штодзень тут атрымліваюць у сярэднім 22 кілаграмы малака ад каровы, што на 2,7 кілаграма больш, чым за адпаведны леташні перыяд. За 5 месяцаў навасадскія даяркі атрымалі на карову 3107 кілаграмаў — на 705 больш, чым у мінулым годзе.
Чым адметны калектыў фермы? Тут малады загадчык Яўген Кароткі, які прыйшоў на працу пасля Пінскага сельскагаспадарчага каледжа. На гэтым малады спецыяліст не спыніўся і зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Працоўныя абавязкі выконвае сумленна: кантралюе раздачу кармоў, даенне, расцёлы, дбае пра ўзнаўленне статка. Маладому спецыялісту выдзелена службовая кватэра, і ён мае намер і далей працаваць у гаспадарцы.
Малады, згуртаваны і калектыў фермы, які складаюць восем даярак. Дарэчы, найбагацейшыя набыткі акурат у самай маладой з іх — Святланы Бягун: 142 тоны малака за пяць месяцаў, што на 21 тону больш, чым летась.
— Акрамя зялёнай масы, жывёла атрымлівае яшчэ і камбікорм: на літр малака 200—250 грамаў, — гаворыць Аляксандр Лайчук. — З 28 красавіка яна выпасваецца кругласутачна. У агульным поспеху жывёлаводаў ёсць пэўная доля і даглядчыкаў-пастухоў, якія ўважліва сочаць, каб была вада ў паілках, соль, своечасова перастаўляюць электраагароджу. Першачкі выпасваюцца толькі днём — з дзевяці гадзін раніцы да пяці вечара. А дойныя каровы — іх 3 статкі — кругласутачна. Даенне зараз двухразовае.
Неабходна адзначыць, што зладжаная праца жывёлаводаў ААТ “Жабінкаўскі” была б немагчымай, каб не ўмелае кіраўніцтва і кантроль з боку спецыялістаў гаспадаркі, яе дырэктара Івана Кужко.
Аляксандр ЯРМАШУК
НА ЗДЫМКУ: загадчык фермы “Навасады” ААТ “Жабінкаўскі” Яўген КАРОТКІ з галоўным ветурачом гаспадаркі Аксанай НЯБОГАВАЙ.
Фота Ірыны ЖУК