Заданні хросных бацькоў

Адным з самых важных момантаў у жыцці хрысці­яніна з’яўляецца хры­шчэнне. Праз яго мы становімся вучнямі Хрыста. Кожны вучань патрабуе пад­трымкі, асабліва на самым пачатку, таму родныя бацькі і бяруць сабе ў дапамогу ў выхаванні дзіцяці хросных бацькоў.


Мы адказваем перад Богам за тое, як выконваем заданне хросных бацькоў. Нездарма Касцёл (або Царква) гаворыць пра канкрэтныя крытэрыі, якім павінны адпавядаць хросныя бацькі і якія абавязкі яны маюць.

Напачатку давайце паразважаем, як мы выбіраем хросных бацькоў. Часта просім стаць імі блізкіх нам людзей — родных ці сяброў. Часам гэты выбар прадыктаваны хутчэй сяброўскімі або сямейнымі абавязацельствамі, чым рысамі характару чалавека, якога мы просім аб гэтым заданні. Самае горшае, калі адзіным крытэрыем выбару хросных з’яўляецца іх фінансавая заможнасць. На жаль, здараюцца выпадкі, калі яўна няверуючыя людзі становяцца хроснымі бацькамі.

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла запісана, што хросныя павінны быць глыбока веруючымі людзьмі, здольнымі і гатовымі дапамагаць дзіцяці ці даросламу на дарозе хрысціянскага жыцця. Іншыя крытэрыі для хроснага, напрыклад, такія як дасягненне 16-гадовага ўзросту (хоць могуць быць і выключэнні), не будзем пералічваць. Узгадаем толькі пра яшчэ адно патрабаванне: «весці жыццё, згоднае з верай і тым заданнем, якое ён [хросны] павінен выконваць».

Ад хросных патрабуюцца блізкасць і кантакт, таму лепш добра падумаць перад тым, як выбіраць на гэтую ролю тых, хто жыве далёка ад дзіцяці.

Людзям, у якіх хрэснікаў ужо шмат і некаторым з іх удзяляецца недастаткова ўвагі, варта асабліва падумаць перад тым, як даць згоду стаць хросным наступнага дзіцяці.

Ёсць святыя, што называюць хросных паручыцелямі дзяцей перад Богам. Хросныя павінны быць для іх настаўнікамі малітвы і даваць добры прыклад хрысціянскага жыцця.

Быць хросным — адказнае і ўзнёслае заданне. Роля хросных бацькоў можа натхняць нас узрастаць у веры, малітве, любові да Бога і бліжняга.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter