В Верхнедвинске прошел праздник «Верхнедвинщина рабочая-2018»
19.03.2019 08:05:00
Владимир САУЛИЧ
Напрыканцы мінулага тыдня ў Верхнядзвінску прайшло свята «Верхнядзвіншчына працоўная-2018», на якім падведзены вынікі года. Урачыстасць прымеркавана да 100-годдзя ўтварэння БССР і 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Старшыня райвыканкама Ігар МАРКОВІЧ (у цэнтры) з «Сем’ямі года» — Сяргея і Святланы НАВІЦКІХ, Таццяны і Уладзіміра ЗУБРЫЦКІХ
Хто год таму быў у Верхнядзвінску і наведаў яго сёння, не можа не здзівіцца — як горад фенаменальна абнавіўся! Зусім іншы воблік набылі цэнтральная Юбілейная плошча, гарадскі сквер, набярэжная Дзвіны, адміністрацыйныя і жылыя будынкі, Цэнтр культуры, сярэдняя школа № 2.
З’явіліся гульнёвыя пляцоўкі, добраўпарадкавана зона адпачынку для міні-заапарку «Лясная казка». Вырас фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, адзін з лепшых у вобласці, які актыўна наведваюць не толькі тутэйшыя жыхары, але і з суседніх раёнаў. А ўсяго некалькі дзён таму расчыніла дзверы новая паліклініка, пра што паведамляла чытачам наша газета.
Пахарашэлі аграгарадкі, вуліцы вёсак.
— Год 2018-ты стаў для раёна знакавым, — падкрэсліў у выступленні на ўрачыстасці старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар Марковіч. — Мы максімальна выкарысталі час і сродкі, якія выдзелілі нам летась для падрыхтоўкі да абласнога фестывалю «Дажынкі».
I гэта пры тым, што і на сваіх непасрэдных працоўных месцах — у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, бізнесе, іншых сферах жыцця — верхнядзвінцы дасягнулі значных зрухаў. Раён у 2018 годзе спрацаваў рэнтабельна, з чыстым прыбыткам. Сёння тавары з маркай верхнядзвінскіх вытворцаў адпраўляюцца ў 16 краін свету. Упершыню гадавы экспарт склаў 34 мільёны долараў. За год створана 8 прадпрыемстваў і арганізацый у сферы гандлю, будаўніцтва, дрэваапрацоўкі, што стварыла 100 новых рабочых месцаў.
Лаўрэаты звання «Чалавек года Віцебшчыны-2018» аператар машыннага даення ААТ «Шайцерава» Ала СЫРЭВІЧ і фрэзероўшчык ААТ «Інвет» Руслан ГУРЧАНОК
Больш чым на 80 мільёнаў рублёў далі валавай прадукцыі працаўнікі вёскі і заслужана занялі другое месца ў вобласці па зерневых і зернебабовых культурах.
Не было роўных на хлебнай ніве хлебаробам ААТ «Шайцерава». За 7 тысяч кілаграмаў малака пераваліў тут гадавы ўдой ад каровы. Паспяхова развіваецца свінагадоўчая галіна. Гаспадарка занесена на Рэспубліканскую дошку гонару, а яе дырэктар Міхаіл Гумнянкоў, які аддаў гаспадарцы 15 гадоў, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».
Трэцяе месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур рапсу, нарыхтоўцы кармоў заняло ААТ «Прудзінкі». Яго дырэктар Васіль Краснік не толькі прызнаны гаспадарнік, але і настаўнік моладзі. Менавіта з яго гаспадаркі «вырас» сённяшні начальнік Верхнядзвінскага райсельгасхарчу Васіль Шылаў.
Двор ААТ «Сакалоўшчына» выйшаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў». Дарэчы, дырэктар гаспадаркі Уладзімір Корсун быў піянерам укаранення робатаў на малочна-таварнай ферме не толькі ў раёне, але і вобласці, рэспубліцы.
На свяце выклікалі на сцэну прадстаўнікоў магутнага дырэктарскага корпуса гаспадарак, якія занялі прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве па вытворчасці збожжа, насення рапсу, малака, нарыхтоўцы кармоў, уздыме зябліва: Васіль Губанаў з КУП СГП «Дрысенскі», Дзяніс Душанкоў з ААТ «Нурава», Аляксей Гарбуль з УПП «Вужыца-Агра», Вячаслаў Казура з ААТ «Баліны», Андрэй Шацёр з ААТ «Антонава-Агра», Жанна Тарлецкая з КУП СГП «Лявонішана», Альберт Махмудаў з КУП СГП «Каханавічы».
Трымаюць перадавыя пазіцыі ў вобласці і рэспубліцы работнікі прамысловасці раёна. Залаты і бронзавы медалі за сыры «Пармезан класічны, вытрыманы» і «Маасдамер» прывезлі з самай прэстыжнай выставы «Прадэкспа-2019», якая прайшла нядаўна ў Маскве, работнікі Верхнядзвінскага масласырзавода. А да свята яны выпусцілі навінку — сыр «Філадэльфія». За мінулы год прадпрыемства павялічыла перапрацоўку малака са 180 тон у суткі да 240 тон. 70 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт.
У Швейцарыю, Італію, Нідэрланды, Турцыю і 60 рэгіёнаў Расіі пастаўляе свае вырабы ААТ «Інвет». І калі пры Савецкім Саюзе гэта прадпрыемства займалася выпускам выключна зааветінструментаў, то цяпер дзякуючы капітальнаму перааснашчэнню, дзяржаўнай падтрымцы паставіла на канвеер домікі і клеткі для маленькіх цялят, паліўныя бакі для машынабудавання, тавары для добраўпарадкавання. І вельмі сімвалічна, што прадстаўнік гэтага прадпрыемства, фрэзероўшчык Руслан Гурчанок, які зрабіў значны ўклад у тэхналогію ратацыйнага фармавання вырабаў, стаў «Чалавекам года Віцебшчыны-2018».
Было пра што пагаварыць на свяце дырэктарам сельгаспрадпрыемстваў Васілю КРАСНІКУ (ААТ «Прудзінкі»), Жанне ТАРЛЕЦКАЙ (КУП СГП «Лявонішана»), Васілю ГУБАНАВУ (КУП СГП «Дрысенскі»), Уладзіміру КОРСУНУ (ААТ «Сакалоўшчына»).
На сцэну для ўшанавання выклікалі лепшых з лепшых у розных намінацыях. Гэта аграном Вольга Вялюга, механізатары Раман Размысловіч, Дзмітрый Гласка і Расціслаў Міхайловіч, вадзіцель Аляксей Прошка, пагранічнікі Сяргей Пятрухін і Юрый Навіцкі, педагогі Галіна Мацкевіч і Сняжана Рубайла, работнікі культуры Святлана Малахоўская і Мая Рубель, прызёры міжнародных алімпіяд па матэматыцы Макар Матэленак, вучань СШ № 2 Верхнядзвінска, і Аліна Хацько, вучаніца Боркавіцкай сад — сярэдняй школы.
Шквалам апладысментаў зала вітала каманду раёна па хакеі (трэнер Руслан Куксёнак, капітан Арцемій Замбер), якая стала чэмпіёнам вобласці на спаборніцтвах «Залатая шайба», і зборную каманду раёна, якая заняла першае месца на абласной спартакіядзе «Сельскія гульні-2018».
На свяце можна было ўбачыць кавалера ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга ветэрана Вацлава Сяргушку, які 30 гадоў узначальваў калгас імя Леніна, першым у вобласці ўкараніў цэхавую арганізацыю працы, стварыў сельскім жыхарам умовы такія ж, як у горадзе. Сёння яго справу ў ААТ «Антонава-Агра» (так называецца цяпер гаспадарка) працягвае дырэктар Андрэй Шацёр.
Закончыць гэтыя нататкі хочацца словамі дырэктара Сар’янскага дома культуры Алены Мінчанкі:
— Чым жа падсілкоўваецца чалавек працы? Канечне, любоўю да сваёй маленькай радзімы. Яна — крыніца натхнення, радасці, самааддачы. І хочацца сказаць вялікі дзякуй нашаму кіраўніцтву, што ўмее своечасова заўважыць адданасць сваёй справе людзей і ўшанаваць іх!
saulich@bk.ru
Фота аўтара і Ксеніі ТАМАШЭВІЧ