Што за ўнікальны праект звяжа школы Вільнюса і Ліды
25.05.2016 19:56:05
БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКІ дыялог па лініі культурных сувязяў, як я змагла пераканацца падчас падрыхтоўкі цыкла матэрыялаў “Паралелі”, мабыць, адна з самых яркіх старонак у адносінах дзвюх краін. Можна не артыкул, а цэлы трактат прысвяціць разнастайным акцыям, накіраваным на папулярызацыю нашай спадчыны, якія аб’ядноўваюць беларусаў і літоўцаў, што робяць іх жыццё насычаным, змястоўным, цікавым, напоўненым падзеямі. Немалаважнае месца ў працы пасольства займаюць сумесныя культурныя акцыі з арганізацыямі беларускай дыяспары Літвы. Сярод знакавых, самых любімых і папулярных праектаў можна назваць, безумоўна, Свята беларускай песні.
СЁЛЕТА юбілейны XX фестываль пройдзе ў кастрычніку, распавядае мне Ларыса Слесарава — прэзідэнт Аб’яднання грамадскіх арганізацый беларусаў у Літве, куды ўваходзіць 17 суполак і вось-вось прымуць у склад 18-ю. Актывісты толькі што вярнуліся з Клайпеды, дзе суполка “Крыніца” адзначала 15-гадовы юбілей, і з гэтай нагоды ад тамтэйшай мэрыі атрымалі памяшканне для офіса. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль. Сіламі дыяспары правялі выдатны канцэрт. У Клайпедзе наогул адна з самых шматлікіх і актыўных суполак, і, безумоўна, да свята песні яна падрыхтуеццца адмыслова і знойдзе, чым здзівіць гасцей. Але і іншыя аб’яднанні не спяць, кожнае 10—15 розных мерапрыемстваў у год праводзіць. Ларыса Слесарава пацвярджае, што жыццё ў аб’яднанні віруе:
З пасольствам беларуская дыяспара ў Літве супрацоўнічае цесна, дыпмісія дапамагае часткова фінансаваць святы, іншыя акцыі, у тым ліку турыстычныя, экскурсіі напрыклад. Нядаўна 60 чалавек ад розных суполак праехалі ў Беларусі па шляхах Агінскага.
Колькі чалавек у арганізацыях аб’яднання? Па-рознаму. Самыя шматлікія, да дзвюх тысяч чалавек, у Вільнюсе, у Клайпедзе і Вісагінасе па тысячы, астатніх ад 50 да 500. Але гэта і не так важна. Галоўнае — беларусы знаходзяць магчымасць самавызначэння, аб’ядноўваюцца, маюць зносіны, дапамагаюць адзін аднаму. Ну а культурныя акцыі яшчэ больш згуртоўваюць людзей.
АДНА з такіх вельмі папулярная — свята хлеба, якое аб’ядноўвае ўсе нацыянальныя меншасці Літвы: татар, палякаў, беларусаў і г.д. Тут частуюць унікальнымі нацыянальнымі стравамі. І абавязкова хлебам, выпечаным па сваіх, ад продкаў яшчэ, рэцэптах. Сёлета беларусы частавалі ўдзельнікаў свята стравамі з бульбы, нарачанскім хлебам, іншымі прысмакамі.
А ёсць жа яшчэ свята грыбоў. “Мы збіраемся на беразе аднаго з азёр, збіраем грыбы, потым іх гатуем, смажым-варым, спяваем беларускія песні, танцуем, — ахвотна тлумачыць Ларыса Слесарава. — Усё шыкоўна і хораша. Адзначаем абавязкова ўсе разам Купалле, на азёрах недалёка ад Тракайскага замка. Святаў і культурных акцый столькі, што на ўсе я не магу трапіць. Мая задача — быць сувязной паміж суполками. Наогул, мы разам з пасольствам нязменныя ўдзельнікі праходзячых у Літве міжнародных фэстаў, такіх як ”Світанкі Балтыі", “Пакроўскія званы”, “Арт-Вільнюс”, Вільнюскі кніжны кірмаш…
Ларыса Слесарава як прэзідэнт аб’яднання прадстаўляе ўсіх беларусаў Літвы на грамадскіх зборах у сейме, іншых структурах. У Доме нацыянальных меншасцяў разам са старшынёй беларускага клуба “Сябрына” Валянцінам Сцехам адстойвае інтарэсы беларусаў, праекты (у фінансаванні якіх таксама бярэ ўдзел і Літва). Летась пабывала на кансультацыйнай радзе ў МЗС Беларусі, дзе сабраліся прадстаўнікі дыяспар з розных краін. Казалі пра набалелае, уздымалі праблемы, абмяркоўвалі шляхі іх рашэння.
— Магу сказаць, да нас прыслухоўваюцца. Мы ўдзячныя Беларусі, нашай дыпмісіі за ўсебаковую падтрымку, удзел. Што датычыцца Літвы, то дыскрымінацыі беларусаў тут няма, а мы самі вельмі дружна жывём з усімі меншасцямі, літоўцамі. Да нас вельмі добра ставяцца на розных узроўнях. І той факт, што ў Вільнюсе працуе ўнікальная адзіная дзяржаўная гімназія ў Літве з беларускай мовай навучання, якой у 1997 годзе было нададзена імя Францыска Скарыны, кажа сам за сябе. Дарэчы, будынак яе часцяком выкарыстоўваецца для культурных акцый дыяспары.
— Не так даўно ў падарунак пасольства нам перадало бібліятэку на беларускай мове (без кніг, якія нам паступаюць з Беларусі, не ведаем, што і рабілі б), а яшчэ вырабы народных майстроў, нацыянальныя гарнітуры для нашага музея. Спонсарская дапамога ад Беларусі велізарная. Напрыклад, у нашых дзяцей ёсць выдатная магчымасць бясплатна адпачываць улетку ў аздараўленчых лагерах.
Школа, якая адкрылася ў 1919 годзе і перапыніла адукацыйны працэс у 1944-м, перажыла другое нараджэнне ў 1994-м. Якраз тады ў Літве на хвалі нацыянальнага адраджэння з’явіліся і першыя беларускія грамадскія арганізацыі, дарэчы, пры самым актыўным удзеле выпускнікоў той самай гімназіі. Ішлі сюды тыя, хто жадаў адправіць вучыцца дзяцей на сваю гістарычную радзіму. У тыя гады вельмі моцным было жаданне ў беларусаў Літвы вярнуцца да сваіх вытокаў, каранёў. Прыцягвала і тое, што і тады, і цяпер у выпускнікоў ёсць выдатная магчымасць вучыцца ў любых вышэйшых навучальных установах нашай краіны бясплатна. Па міжурадавай дамове паміж дзяржавамі штогод 20 абітурыентам з беларускімі каранямі прадастаўляецца магчымасць без конкурсу вучыццца ў ВНУ на бюджэтнай аснове.
Цяпер у гімназіі ўвогуле 190 навучэнцаў. Калі бацькі прыходзяць сюды знаёміцца з калектывам (тут 30 выкладчыкаў), іх уражвае добразычлівая, амаль хатняя атмасфера. Вучні неаднаразова перамагалі на прадметных алімпіядах рознага ўзроўню, станавіліся прызёрамі міжнародных конкурсаў, адна з выпускніц мінулага года Дзіяна Загайнава — чэмпіёнка Літвы па лёгкай атлетыцы. Ва ўсіх настаўнікаў беларускай мовы па дзве спецыяльнасці: беларуская і руская мова і літаратура. Арганізавалі тры вакальныя ансамблі дзяцей розных узростаў, і ўжо пачынаючы з першага класа ўсе вучні далучаюцца да культурнага жыцця з нацыянальным каларытам: спяваюць, танцуюць, удзельнічаюць у тэатральных пастаноўках.
Тут развіта сацыяльнае партнёрства — супрацоўнічае гімназія з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і беларускімі гімназіямі і сярэднімі школамі, Універсітэтам культуры і іншымі. Дзяцей гістарычная радзіма запрашае на святы, фэсты, экскурсіі, кожны год — на Прэзідэнцкую ёлку ў Палац Рэспублікі. Навучэнцы ездзяць у Беларусь на канферэнцыі, конкурсы, святы, экскурсіі, у летнія лагеры адпачынку. Для паездак ёсць спецыяльны школьны аўтобус, які атрымалі ў падарунак ад Мінгарвыканкама. Прынамсі, адзін раз у год у гімназіі праводзяцца сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Знаёмства з культурай, традыцыямі адбываецца на святах, якія праводзіць пасольства Беларусі ў Літве і куды яно абавязкова запрашае прадстаўнікоў унікальнай установы адукацыі.
– МЫ падтрымліваем беларускую дыяспару ва ўсіх пачынаннях і заўсёды рады паўдзельнічаць у сумесных акцыях, — рэзюмуе Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль. — Аб’яднанне грае важную ролю ў падтрымцы міжкультурнага дыялогу на высокім узроўні. Тое ж можна сказаць і ў дачыненні да гімназіі імя Скарыны. А сёння мы актыўна прасоўваем праект трансгранічнага супрацоўніцтва “Стварэнне сучаснага этнакультурнага асяроддзя ў Вільнюскай гімназіі імя Скарыны (Літва) і ў дзяржаўнай СШ № 4 горада Ліды (Беларусь)”. Фінансаванне складзе 2,7 мільёна еўра. Завяршыць працу мяркуецца да 2017 года. Мэта — стварыць міжрэгіянальную сістэму сталага супрацоўніцтва ў вобласці адукацыі, спорту і культуры. У дзвюх школах будзе арганізавана пад гэта адмысловая інфраструктура. Заўсёды запрашаем прадстаўнікоў дыяспары і гімназіі на нашы акцыі ў гонар знакамітых суайчыннікаў. У прыватнасці, на памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 175-годдзю з дня нараджэння Ф.Багушэвіча і 525-годдзю з дня нараджэння беларускага першадрукара Ф. Скарыны. А ў верасні запросім на ўсталяванне мемарыяльнай дошкі з нагоды 110-й гадавіны з дня выхаду ў Вільнюсе першага легальнага перыядычнага выдання на беларускай мове “Наша дзель”, у якой апублікаваны першы верш Я.Коласа “Наш родны край”.
У ТЭМУ
28—29 красавіка ў Літве прайшлі перамовы міністра культуры Беларусі Барыса Святлова з міністрам культуры Літвы Шарунасам Біруцісам. Па выніках падпісана Праграма супрацоўніцтва ў вобласці культуры на 2016—2018 гады. З іх удзелам таксама адбылося адкрыццё выставы «Час і творчасць Льва Бакста» ў Вільнюскай мастацкай галерэі. Праект прымеркаваны да 150-годдзя з дня нараджэння вядомага мастака і сцэнографа, юбілей якога святкуецца пад эгідай ЮНЭСКА. З беларускага боку ўдзельнікамі праекта выступілі ААТ «Белгазпрамбанк», Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Вільнюс—Мінск
Фота аўтара і з архіва беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, г. Вільнюс