Как житель Ошмян начал собственное дело по ремонту бытовой техники за субсидию
17.01.2019 06:49:00
Вероника УЛАСЕВИЧ
Яшчэ некалькі гадоў назад гэты малады хлопец не мог нават уявіць, што калі-небудзь будзе працаваць з задавальненнем – сам на сябе. Уладзіміру Мінову даводзілася працаваць лабарантам у тэхнікуме, потым займацца сэрвісным абслугоўваннем тэхнікі на самых розных аб’ектах. Аднак прага ўдосталь пакалупацца ў электроніцы, надаючы ёй другое жыццё, перамагла: хлопец арганізаваў ІП, арандаваў памяшканне і закупіў неабходнае абсталяванне. Сёння ў прадпрымальніка ўжо каля сотні пастаянных кліентаў. З карэспандэнтам «Р» майстар падзяліўся сакрэтам канкурэнтаздольнасці на вельмі актыўным рынку.
За ўвесь час існавання ІП ва Уладзіміра Мінова назбіралася каля сотні пастаянных наведвальнікаў.
Нізкі заробак і высокая адказнасць
Пасля заканчэння чатырох курсаў тэхнікума ва Украіне Уладзіміру прапанавалі застацца ў навучальнай установе лабарантам па спецыяльнасці «Канструяванне, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне радыёэлектроннай апаратуры».
— Памятаю, як праводзіў пары, нават дзве групы студэнтаў выпусціў, — узгадвае цікавыя часы хлопец. – Тады на мне вісела надта шмат адказнасці, асабліва пільна прыходзілася сачыць за падлеткамі амаль майго ўзросту, каб не сунулі пальцы ў разеткі, каб ніхто з iх не траўміраваўся. Але заробак у настаўнікаў там нізкі, ды і заўсёды жадаў паспрабаваць сябе ў iншых справах. Таму я ўсё часцей пачаў задумвацца пра новае месца працы.
Абвастрэнне палітычнай сітуацыі ў суседняй краіне прымусіла майстра змяніць месца жыхарства: ужо трэці год ён разам з сям’ёй жыве ў Ашмянах – пераехалі бліжэй да сваякоў жонкі. Першыя часы Уладзімір працаваў у Смаргоні сэрвіс-інжынерам па ўсталяванні і абслугоўванні ахоўна-пажарных сістэм і сістэм відэаназірання.
— Аднак заробку на ўсе патрэбы маладой сям’i не хапала, плюс да ўсяго – гэта не зусім мая спецыфіка. Я больш люблю пакалупацца ў электроніцы. Захацелася стварыць нешта сваё ў гэтай сферы, — расказвае суразмоўца. – Пачаў знаёміцца з заканадаўчай базай, кансультавацца з юрыстамі. Знаёмы падказаў, што ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама выдаюць субсідыю на адкрыццё ўласнай справы. Менавіта тады я загарэўся ідэяй пачаць сваю справу.
Рабочы беспарадак у міні-майстэрні
Перспектыўны стартапер звярнуўся ў мясцовы цэнтр занятасці. А праз месяц – у сакавіку мінулага года – зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік па рамонце камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання. Ён атрымаў падтрымку ад дзяржавы ў памеры каля 2 тысяч рублёў. На што пайшлі гэтыя грошы?
Майстар паказвае на касавы апарат, за які на той час прыйшлося аддаць каля 300 рублёў. Потым пераводзіць тэму на спецыялізаваны рабочы фен — ён таксама каштаваў каля 300 рублёў.
— Глядзіце, гэта сістэмная плата ноўтбука. Вось такія элементы навяснога мантажу не адрамантуеш звычайным паяльнікам, таму выкарыстоўваецца тэрмафен. Прынцып дзеяння ў яго такі ж, як і ў звычайнай прылады, толькі тут можна рэгуляваць напрамак і тэмпературу.
Астатнія грошы субсідыі разышліся на самыя розныя спецыялізаваныя штукі, а таксама на першачарговыя ўзносы за арэнду памяшкання.
Ноўтбукі, чайнікі і электрамясарубкі
— Такі від дзейнасці заўсёды будзе запатрабаваны. Людзі з нашым сярэднім заробкам у рэдкім выпадку купяць новую рэч, не паспрабаваўшы адрамантаваць старую. Канкурэнтаў шмат, аднак у мяне свая спецыфіка работы — я бяру заказы самай рознай складанасці. У мяне няма разумення, што нейкую рэч адрамантаваць немагчыма. Наладзіць можна ўсё, пытанне – якой цаной, — раскрывае сакрэт сваёй канкурэнтаздольнасці Уладзімір Міноў.
Часцей за ўсё ў майстэрню прыносяць ноўтбукі і камп’ютары. На другім месцы – пыласосы. Таксама кліенты часта патрабуюць рамонту чайнікаў, сушылак, а зусім нядаўна прынеслі рарытэт – айчынную электрамясарубку 1989 года. Не атрымлівалася ў спецыяліста адрамантаваць тэхніку толькі ў некалькіх выпадках: гэта было проста немэтазгодна, бо цана рамонту амаль раўнялася кошту новай прылады.
Цяжка паверыць, аднак рамонт тэхнікі – справа сезонная. Як правіла, зімой заказаў менш. У цэлым штомесячная выручка прадпрымальніка вар’іруецца ад 600 да 1000 рублёў.
— Канешне, працаваць на сябе вельмі зручна: ніхто не пагражае пазбаўленнем прэміі, не напружвае, сам вызначаеш рэжым працы. Пакуль я не збіраюся арандаваць большае памяшканне ці нанімаць напарніка: спраўляюся сам. Аднак планую пашырыць радыус абслугоўвання, выязджаць у бліжэйшыя пасёлкі і гарады – тыя ж Астравец, Смаргонь, — расказвае пра аптымістычныя планы прадпрымальнік. А нам застаецца толькі па-добраму яму пазайздросціць і пажадаць поспехаў.
КАМПЕТЭНТНА
Галіна ЯШЫНА, кіраўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ашмянскага райвыканкама:
— У базу незанятых у эканоміцы грамадзян патрапіла каля 1290 жыхароў нашага раёна. Пры гэтым у рэгіёне ёсць каля 360 актуальных вакансій. Патрабуюцца спецыялісты высокай кваліфікацыі па будаўнічых спецыяльнасцях. Сярод іх – муляры, абліцоўшчыкі-плітачнікі, бетоншчыкі, тынкоўшчыкі, электрагазазваршчыкі, архітэктары, інжынеры вытворча-тэхнічнага аддзела, прарабы. У галіне сельскай гаспадаркі патрабуюцца спецыялісты з вышэйшай адукацыяй – інжынер, заатэхнік, жывёлавод, ветэрынарны ўрач. У рэгіёне знойдуцца свабодныя месцы для спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй – энергетыкаў, эканамістаў, юрысконсультаў і нават намесніка кіраўніка па ідэалагічнай рабоце. Не хапае ўрачоў і медсясцёр, запатрабаванымі з’яўляюцца прадаўцы.
Служба занятасці прапануе выдатную магчымасць атрымаць кваліфікацыю па будаўнічых спецыяльнасцях, вывучыцца на прадаўцоў, машыністаў-качагараў кацельні, повара, вадзіцеля пагрузчыка, аператараў газавай кацельні. Таксама жадаючыя могуць звярнуцца ў службу па атрыманне субсідыі на развіццё ўласнай справы.