Новый фонтан, гала-концерт, залпы фейерверков: какие еще сюрпризы ждут минчан в День независимости

Яркія фарбы ліпеня

Галоўнае свята дзяржаўнасцi — Дзень Незалежнасцi — важная дата для кожнага беларуса. Мы традыцыйна адзначаем гэта свята ўрачыста. Гэты год — не выключэнне. Карэспандэнт «Р» даведалася, якiя сюрпрызы рыхтуюць да свята, i як мы яго будзем адзначаць?

minsknews.by

Ручная работа

Мiнск ужо зараз практычна гатовы да свята. Сярод знаёмых вулiц i дамоў ужо калышуцца на лёгкiм летнiм ветрыку нядаўна высаджаныя яркiя кветкi, на плошчах стаяць святочныя канструкцыi, развешаны банеры i пано. Дух гэтага дня адчуваецца ўжо цяпер.

За жывыя фарбы адказвае УП «Мiнскзелянбуд». Яго супрацоўнiкi ў любое надвор’е сваiмi рукамi ствараюць неверагодную прыгажосць. Дарэчы, ужо практычна скончылi пасадкi як звыклых нам раслiн, так i навiнак. Анжалiка Пузанкова, кiраўнiк службы па добраўпарадкаваннi i ўтрыманнi аб’ектаў зялёнай гаспадаркi УП «Мiнскзелянбуд» расказала «Р» аб тым, чым папоўнiлiся гарадскiя пляцоўкi:

— Падрыхтоўку да азелянення i кветкавага афармлення 3 лiпеня мы пачынаем традыцыйна за год. Ствараюцца праекты, падлiчваецца неабходная колькасць кветак, робiцца заяўка на iх i гэдак далей. Ужо цяпер завяршаецца кветкавае афармленне горада. Усе кампазiцыi, якiя планавалiся да высаджвання, ужо гатовыя. Калi да 75-годдзя Вялiкай Перамогi мы стваралi тэматычныя кветнiкi, то тыя цыбульныя раслiны, якiя высаджвалiся да 9 мая, ужо адцвiлi, i цяпер заменены на летнiя раслiны: бягонii, петунii, аксамiткi i iншыя. У гэтым годзе зноў вярнулiся да раслiн, якiя высаджвалi некалькi гадоў таму: дэкаратыўная капуста, гайлардыя — яркiя кветкi, гацанiя — тыя, што раскрываюцца на сонцы, сальвiя фарынацэя. Больш дадалi мнагалетнiх раслiн, пашырылi iх асартымент. Што датычыцца руж, то iх высадзiлi на праспекце Незалежнасцi, ад цырка да моста праз Свiслач, у кампанii з мнагалетнiмi раслiнамi — сальвiяй дуброўнай i спiрэяй японскай.

Усяго ж 2 мiльёны кветак упрыгожылi Мiнск! Для вертыкальнага азелянення на ўездах у горад, месцах правядзення святочных мерапрыемстваў выкарыстоўвалi каля 16,5 тысячы кашпо. Кветкавыя пано i кампазiцыi ўжо таксама iграюць фарбамi. Свежае кветкавае афармленне — на вулiцы Прытыцкага, каля гасцiнiцы «Арбiта», i на праспекце Пераможцаў. У цэлым, у кожным раёне цi з’явiлася нешта новае, цi засталося ад таго, што рыхтавалi да 9 мая. Дарэчы, кветкi не толькi ўпрыгожваюць Мiнск, але i дапамагаюць перашкаджаць з’яўленню стыхiйных сцежак пешаходаў каля прыпыначных пунктаў, праезджай часткi.

Новае ўбранне

Кожны год спецыялiсты ДП «Мiнскрэклама» ствараюць канцэпцыi, працуюць над дызайнерскiмi рашэннямi, графiкай для ўпрыгожвання горада, застаючыся пры гэтым вернымi традыцыйным колерам i сiмволiкам. Аднак у гэтым годзе ў вонкавай рэкламе выкарысталi яшчэ i сiнi колер, якi нагадвае васiлёк, а таксама белы — рамонкавы. Гэтыя кветкi будуць глядзець на нас з бордаў, стэндаў.

Распрацоўка альбома эскiзных прапаноў да 3 лiпеня пачалася ў лютым, а да рэалiзацыi прыступiлi адразу пасля 9 мая. Усе канструкцыi практычна ўстаноўлены, урачыстае маштабнае пано на будынку БДПУ iм. М. Танка, якое складаецца з тысячы сцяжкоў, iх манцiравалi да 66 модуляў, ужо гатова. Панарама афармлення плошчы Незалежнасцi пералiваецца зялёным i чырвоным колерамi сцяжкоў, устаноўленых на металiчныя канструкцыi. Пасярэдзiне плошчы — 12-метровая арт-свечка, якая 9 мая ўпрыгожвала Кастрычнiцкую плошчу.

— Кубiкi гэтай канструкцыi да 9 мая былi ўпрыгожаны кадрамi самых памятных момантаў Вялiкай Айчыннай вайны, а да 3 лiпеня — знакавымi эпiзодамi з жыцця краiны, якiя адлюстроўваюць працэс развiцця народа, станаўленне незалежнасцi, — патлумачыла Таццяна Калiцiна, дырэктар ДП «Мiнскрэклама». — На Кастрычнiцкай плошчы ля Палаца Рэспублiкi ўжо ўсё гатова: усталяваны пано на калонах Палаца, флагавыя палавiнкi шароў у колерах сцяга, святочныя борды.

Дарэчы, вялiкiя лiтары слова «Minsk» на прыступках ля Палаца спорту таксама атрымалi новае афармленне: упрыгожаныя сцягам i васiлькамi з рамонкамi.

Кветкі да манумента

Сам дзень святкавання незалежнасцi краiны стартуе з урачыстай цырымонii ўскладання кветак да манумента Перамогi, паведамiлi ў Мiнгарвыканкаме. Пасля пройдзе святочны гала-канцэрт ля стэлы «Мiнск — горад-герой», а вечарам неба над горадам упрыгожыць феерверк. Яго можна будзе ўбачыць у 8 кропках горада. Але да гэтага раiм зазiрнуць у абноўлены парк iмя Янкi Купалы, дзе прама на рацэ Свiслач пачнецца воднае шоу святломузыкальнага фантана: 200 струменяў будуць бiць увысь да 30 метраў, ствараючы цiкавыя эфекты. У Мiнгарвыканкаме адзначылi, што комплекс фантана абсталяваны вiдэапраектарам i лазернай сiстэмай для праецыравання малюнка на водную роўнядзь.

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter