Якуб і Янка

Мінулы год быў асвечаны двума юбілеямі — 125-годдзем з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы. Іх звязвала не толькі творчасць, але і сяброўстваАдносіны, як людзі, не бываюць ні выключна добрымі, ні вельмі дрэннымі. Амаль што тры дзесяцігоддзі гэтыя два чалавекі абвяргалі аксіёму жыцця — што менш за ўсё сяброўскіх адносін паміж роўнымі. Купала і Колас. Адны лічылі іх дзвюма палавінкамі аднаго творчага месяца, другія — адной душой, якая жыве ў двух целах, а трэція — лёдам і полымем беларускай літаратуры.

Яны пазнаёміліся завочна ў 1907 годзе, калі Колас працаваў у рэдакцыі газеты “Наша Ніва”, — расказвае Ганна Зайцава, намеснік дырэктара Літаратурна-мемарыяльнага музея Я.Коласа. — І першыя вершы Купалы рэдагаваў менавіта Колас. Тады яны прыйшлі за подпісам “Янук Купала”.
Вечар на хутары паблізу Нёмана
Іх сустрэча адбудзецца крыху пазней. Купала прыедзе ў радавы маёнтак Міцкевічаў — на хутар Смольня — познім вечарам. Вялізны дом (былая школа), дзе з лёгкасцю размясцілася ўся сям’я, бацька пісьменніка называў яе не інакш як палацам.
Сам Колас прыехаў у фамільнае гняздо адразу ж пасля вызвалення з-за кратаў у 1911 годзе. Тут жа праз гады і адбылася сустрэча двух “літаратурных тытанаў”.
У той вечар Янка вырашыць зэканоміць на рамізніку і дабрацца да Смольні пешшу, заблудзіць, ды і падвядзе абутак — новыя туфлі, якія пясняр спецыяльна купіў да гістарычнай сустрэчы. Коласа не было дома, але калі ён прыйшоў праз некаторы час, то, убачыўшы Купалу, адразу ж абняў яго, як брата, а хатнія пачалі накрываць на стол.
Ежа была самая звычайная, якая на той момант мелася ў сялянскай хаце, — расказвае траюрадная пляменніца Якуба Коласа Соф’я Міцкевіч. — Маці Коласа адразу ж пачала паіць Купалу свежым малачком, паклала на стол яйкі, нарэзала сала і хлеба, затым падала яечню. І калі ўсе селі за стол і пачалі вячэраць, заўважылі, што Купала бярэ ежу толькі каля сябе. Як высветлілася пазней, новы пінжак, куплены паэтам спецыяльна да гэтай сустрэчы, быў з кароткімі рукавамі, і калі б Купала дацягваўся да ежы, якая стаяла крыху далей, яго рукавы зацягваліся б да самага локця.
Купала таксама не мог прыйсці да Міцкевічаў з пустымі рукамі. На апошнія тры рублі ён купіў бутэльку горкай, і, калі ў хаце ўсе паснулі, будучыя класікі, каб нікому не перашкаджаць сваімі размовамі, перамясціліся на вышкі.
— Вось тут гэта было, — паказвае гістарычнае месца пляменніца Коласа Соф’я Міцкевіч. — У савецкі час, асабліва калі сухі закон уступіў у сілу, мы што казалі? Казалі, што два класікі ляжалі на вышках і чыталі адзін аднаму вершы — усю ноч чыталі. Але вы ж зразумейце, пісьменнікі таксама жывыя людзі. Яны ўзялі бутэлечку, якую прывёз Купала, і, як пісаў дзядзька Якуб, “кулялі чаркі адна за другой”. І вершы, вядома, чыталі, але яшчэ больш абмяркоўвалі лёс беларускай мовы і літаратуры. Разважалі аб сваіх чытачах, аб тым, якімі павінны быць сучасныя героі, шмат спрачаліся.
Затым яны на нейкі час расстануцца, каб зноў сустрэцца ў Мінску ў пачатку дваццатых.
Ёсць аб чым... памаўчаць
— Як успамінае сам Колас, калі яны жылі ўжо ў Мінску, часта наведвалі адзін аднаго, амаль што кожны вечар, — гаворыць вучоны сакратар Літаратурнага музея Я.Купалы Алена Бурбоўская. — Яны вельмі любілі гуляць у шахматы, і Колас часцей за ўсё прайграваў, а Купала яго ўсё суцяшаў і жартаўліва падсмейваўся з сябра. Дарэчы, у госці Янка ніколі не прыходзіў з пустымі рукамі, дзеці Коласа заўсёды ведалі, што Купала прынясе ім гасцінцаў — смачных цукерак ці пячэння. Паэтам было не толькі аб чым пагаварыць, але і аб чым памаўчаць. Яны сустрэнуцца, пасядзяць, а потым кажуць: “Добра так сёння памаўчалася!”
Іх размовы сведкі называюць думкамі ўслых, а ўчынкі — тое невялікае, чым адзін можа дапамагчы другому: для сябра нельга зрабіць вельмі шмат. Калі сям’ю Купалы прылічаць да ворагаў народа, маці Янкі вызваляць менавіта дзякуючы Коласу. А пасля паводкі ў Мінску ў 30-я гады сям’я Купалы будзе жыць менавіта ў Міцкевічаў.
З падачы Купалы Колас зоймецца перакладам твораў Шаўчэнкі на беларускую мову і крытыкі назавуць іх лепшымі. Амаль што адначасова ім дадуць званне “народных” і нават падораць аднолькавыя “Шэўрале”.
— Колас праведваў Купалу, калі той хварэў, — успамінае сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. — Часта яны адзін аднаму чыталі вершы. І, як успамінаў бацька, Купала вельмі не любіў, калі яму рабілі заўвагі па толькі што напісаных вершах.
“Мы ніколі не поўзалі па строфах адзін аднаго”
Была ў класікаў творчая рэўнасць ці творчае спаборніцтва — даследчыкі спрачаюцца дагэтуль. Напрыклад, у сваіх успамінах памочнік Коласа Максім Лужанін узгадвае гутарку з дзядзькам Якубам на гэтую тэму. Колас скардзіўся на тое, што многія хочуць сутыкнуць двух класікаў лбамі, і заўсёды заўважаў, што для гэтага не было ніякіх падстаў. Колас вельмі цаніў творчасць Купалы...
“Мы з Купалам думалі толькі аб адным — каб народ больш упэўнена стаяў на нагах. Мы ніколі не поўзалі па строфах адзін аднаго, але заўсёды раіліся, — гаварыў Колас Лужаніну. — Бывае, паслухаеш новы верш Янкі, і неяк слабавата. Потым убачыш яго ў часопісе або кнізе, зноў перачытаеш і здзіўляешся: проста і хораша, а ты не заўважыў. Праходзіць час, і твор табе быццам бы адкрыўся, павярнуўся да цябе тым самым, глыбокім бокам”.
Неяк Купала падарыў Коласу новую кнігу з паэмай “Курган”. Колас перачытаў твор, у якім былі радкі, што запалі яму ў душу. Вечарам ён вырашыў падзяліцца ўражаннямі ад прачытанага са сваім сябрам, выйшаў з дому, а насустрач яму — Купала. Аказваецца, Янка перачытаў паэму Коласа “Сымон-музыка” і таксама ішоў да яго падзяліцца сваімі думкамі. Класікі пасмяяліся і адразу ж “замачылі” гэта.
“Часам сустрэнемся з ім дзе-небудзь, проста павітаемся і разыдземся, нават не пагаварыўшы толкам, — спраў вельмі шмат, — успамінаў Колас. — А дзень пройдзе, і так весела на душы і добра — значыць, Янка мне пра сябе дабра пажадаў. Чалавек жа заўсёды адчувае, хто да яго добра ставіцца. Вось і Янка, не скажа, але ты ведаеш, што нутром прырасце да тваёй радасці ці да бяды”.
Класікі “на водах”
— Неяк разам яны знаходзіліся на лячэнні, — расказвае Ганна Зайцава. — І адтуль Колас пісаў сваёй жонцы, што яны ходзяць з Янкам на працэдуры, “на воды”. І вось гэтыя воды трэба было прымаць праз трубачку. Колас пісаў, што ён іх п’е проста так, без усялякай саломінкі, бо ніякай розніцы, лічыць ён, няма. А інтэлігентны Купала добрасумленна выконваў усе прадпісанні ўрачоў і піў менавіта праз трубачку. У гэтым і быў увесь Купала-педант. Колас быў прасцей.
Цхалтуба, Есентукі... На савецкіх курортах яны часта разам, і менавіта там Колас заўважаў яшчэ адну якасць свайго сябра Янкі — таварыскасць. Дзядзька Якуб успамінаў, што ўжо праз некалькі дзён каля Купалы “круцілася” мноства так званых сяброў, хоць сапраўдных з іх былі адзінкі. Але нават нягледзячы на гэта, па словах Коласа, Купала “любіў частаваць, а не частавацца”.
З камандзіроўкі яны прывозяць адзін аднаму розныя падарункі. Асабліва часта — сцізорыкі, пасля чаго параўноўваюць іх на унікальнасць і эксклюзіў. Праўда, часам іх дружба слабее. Але, нават нягледзячы на гэта і насуперак агульначалавечай традыцыі, не ператвараецца ў цырымонную ветлівасць.
Вочы дружбы зрэдку, але памыляюцца
— Часта ў сваіх пісьмах Колас выказваў незадаволенасць тым, што Купала доўга не адказваў на яго пісьмы, — адзначае Алена Бурбоўская. — Але, як вядома, Купала не любіў эпісталярны жанр, не любіў пісаць пісьмы і, мала таго, часам проста не падыходзіў да тэлефона. У адным з пісьмаў Колас паведамляў Міхасю Лынькову, што ўсё звоніць Купалу, а той спіць. Але такія крыўды былі нядоўгія, яны зноў сустракаліся.
Вочы дружбы зрэдку памыляюцца. Сур’ёзна класікі пасварацца толькі аднойчы — незадоўга да гібелі Купалы. Дзядзька Якуб пакрыўдзіўся на Купалу за тое, што той быццам бы ведаў адрас сына Коласа Юркі і не паведаміў яго бацьку.
— Колас напісаў Янку вельмі халоднае пісьмо, — успамінае Міхась Міцкевіч. — Праўда, ужо пасля гібелі Купалы напісаў Лынькову, што вестка пра смерць песняра вострым нажом кальнула яго сэрца, і калі б Янка жыў, яны выпілі б па міравой, і ўсё было б у парадку.
Два яблыкі на адной галінцы
Да гадавіны гібелі песняра Колас напіша артыкул, прысвечаны Купалу. Ён будзе думаць аб ім у перапынках паміж работай. На сваіх чарнавіках адной з частак трылогіі “На ростанях” — на адваротным баку — накіды таго самага артыкула з добрымі словамі пра сябра. Праз некалькі гадоў  пасля гэтага на адрас Коласа прыйдзе пісьмо, дзе дзіцячым почыркам будзе напісана “Янку Купалу”. На пісьмо дзядзька Якуб адкажа сам, назаўсёды вызначыўшы для гісторыі месца Купалы ў сваім жыцці.
Па словах Ганны Зайцавай, у сваім адказе дзецям Колас напісаў, што растуць два яблыкі на адной галінцы — і не зрастаюцца. Так і яны з Янкам, кожны з іх — асоба, кожны — асобны творчы лёс. “Але ў той жа час мне, — пісаў Колас, — вельмі прыемна, што ў сваім пісьме вы пераблыталі мяне з такім вядомым чалавекам і маім сябрам”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter