Брестский художник подарил родной деревне музей крестьянского быта и поставил памятник погибшим на войне землякам

Вёска як памяць

Анатоль Жалудка — вядомы брэсцкі мастак. Даўно жыве ў горадзе. Але шмат на якіх яго жывапісных палотнах — гісторыя малой радзімы, беларускай вёскі. У тым ліку і сумная гісторыя знікнення хутароў, занядбання сялянскіх двароў… Праўда, песімістам гэтага чалавека ніяк назваць нельга, бо столькі ў ім энергіі і любові да жыцця, што не дзіва: менавіта Анатоль Жалудка стварыў першы ў Бярозаўскім раёне недзяржаўны музей. У роднай вёсцы Сабалі з’явіўся «Сабалёўскі маёнтак». Ужо потым адчыніўся музей у суседніх Міхалках — «Хата дзеда Хвэдара», а мінулым летам і ў Пешках — «Далёкае-блізкае». Дзе яшчэ можна сустрэць такое, каб працавалі ажно тры прыватных музеі на тэрыторыі аднаго сельсавета — Сігневічскага? Менавіта Анатоль Жалудка падаў землякам добры прыклад.

Анатоль Жалудка не толькі асобны падворак — усю вёску пакрыху робіць музеем. Паглядзець на пярсцёнкі, прасы, калыскі, рэтра-аўтамабілі водзяць сюды шматлікія экскурсіі.

Заходзьце! — Жалудка адчыняе вароты сялянскага двара. Заходзім. І становімся як укапаныя на адным месцы. Вочы разбягаюцца ў розныя бакі ад убачанага. Падвор’е — скансэн!

Гаспадар бачыць нашу з фатографам разгубленасць і дадае, што яго музей сапраўды адмысловы:

— У звычайным музеі ўсё статычна, пад шклом. Могілкі. А ў мяне — жыццё. Экспанаты дазваляю браць у рукі, і нават можна паспрабаваць працаваць імі, як гэта рабілі нашы продкі.

Нас з фатографам у першую чаргу цікавяць рэтра-аўтамабілі. Пад навесам — «Запарожцы» і «Масквіч», матацыкл і «Пабеда».

На падворку таксама — падводы, стары млын, калоды для пчол і сучасныя вуллі. Сцены хлява і іншых гаспадарчых пабудоў — як музейныя стэнды.



— Вось сякера, вось вілы, вось мех для кузні. Глядзіце яшчэ, гэтая барана зроблена без адзінага цвіка, — Анатоль звяртае ўвагу на цікавыя, на яго думку, экспанаты.

А мяне ўражваюць лыжы і канькі. Глядзіш на драўляныя самаробныя і думаеш, што дзеці ў любы час — дзеці, якім хочацца павесяліцца. Не было грошаў на дарагую пакупку, дык ладзілі рукамі: жалезныя палазы канькоў мацавалі да кірзавых ботаў.

А галоўныя і самыя цэнныя экспанаты — у хаце. Купіў гэтую хату Анатоль некалі ў сваяка. Менавіта для таго, каб размясціць у ёй шматлікія рэчы з вясковага побыту, што збіраў усё жыццё, і не толькі ў Сабалях.



Адчыняем дзверы веранды. На сценах тут — фотаздымкі. На стале — манеты, пярсцёнкі, іншая драбяза, за якую Анатоль не шкадуе грошаў, купляючы знаходкі ў шукальнікаў. А вось перад намі вайсковая каса, грошы таго часу — барацінкі віленскай чаканкі…

Грошы з канала Вінец, які некалі быў ракой, кажа Анатоль:

— 1664 год. Арміі Рэчы Паспалітай другі дзясятак гадоў вядуць кровапралітныя войны з магутнымі суседзямі за існаванне сваёй дзяржавы, адначасова на два, а то і тры бакі. Арэнай баявых дзеянняў становіцца і Вялікае Княства Літоўскае. Змучаныя і выматаныя войскі патрабуюць жалавання. Ваенная каса, прызначаная аднаму з вайсковых злучэнняў, не даходзіць да адрасата. Па дарозе ад Віленскага манетнага двара яна патоплена ў рацэ Вінец каля вёскі Сабалі. У 1975 годзе падчас чысткі ракі грошы знойдзены. Музейшчыкаў знаходка чамусьці не зацікавіла. Я сабе набыў.

Калыска, прасы, газавыя лямпы, ткацкі станок, адзенне — такое адчуванне, што іх гаспадыня адлучылася з дому зусім нядаўна і вось-вось вернецца... Шмат чорнага керамічнага посуду, што вырабляўся пераважна на тэрыторыі Палесся. Камора цалкам аддадзена пад сталярны інструмент. Бочкі, кадушкі, куфры і многае іншае, што выраблялася з яго дапамогай, таксама прадстаўлены тут жа.

— А гэта біўні маманта. Яны былі знойдзены ў ваколіцах вёскі, у полі, калі бульбу капалі. Гэта даказвае, што ў дагістарычны перыяд тут вадзіліся маманты. Ну хіба не цікава такое хвалюючае падарожжа ў мінулае? Не дзіва, што да мяне возяць экскурсіі з усяго Бярозаўскага раёна.



У музеі строгая перыядызацыя: каменны век на Палессі, польскі перыяд, савецкі, сабраны абразы ўсіх палескіх канфесій, партрэты сабалеўцаў, адзенне, посуд і ёсць нават раздзел «Спойванне палешукоў».

Анатоль не толькі асобны падворак — усю вёску пакрыху робіць музеем. Шыльды-паказальнікі ўстанавіў на вуліцах. Драўляныя фігуры. На скрыжаванні дарог паставіў камень-валун і прымацаваў да яго мемарыяльную пліту з прозвішчамі аднавяскоўцаў, загінуўшых на вайне. Сам змайстраваў крыж. Кажа:

— Вайна закранула і маю сям’ю. У вёску прыйшлі карнікі і за сувязь з партызанамі майго дзеда, брата, жонку і ўсіх іх дзяцей забралі і расстралялі... А дзе спачываюць іх целы, невядома. І шмат нас, такіх, хто не можа пакланіцца праху родных. Таму я задумаў і ўсталяваў у родных Сабалях мемарыяльны знак у памяць аб загінуўшых падчас вайны.

Калі зачыніўся вясковы клуб, яго перадалі Анатолю. Там ён зрабіў ваенны музей і музей знакамітых землякоў.  



— Калі на клуб павесілі замок, я вырашыў, што нельга пазбаўляць магчымасці хай нават нешматлікіх жыхароў вёскі такога месца, як клуб. Людзі павінны мець свайго роду святліцу, куды можна і трэба зайсці перадыхнуць і пагутарыць. Ідэя, як я і чакаў, прыйшлася ўсім да спадобы. На чыстым энтузіязме я збіраю тут бібліятэку, знайшоў тэнісны стол, сябар з Брэста піяніна прывёз.

Памагаюць і падтрымліваюць, дарэчы, усе. Сельсавет, мясцовая гаспадарка. Аднавяскоўцы.

— А як жа інакш, калі ў чалавека столькі цікавых ідэй? — кажа старшыня Сігневічскага сельсавета Алена Луцкевіч.

У Сабалях брэстчанін Жалудка — часты госць, бо тут жывуць яго старэнькія бацькі. Бо не адпускае малая радзіма, дае сілы і натхненне. На развітанне Анатоль даў нам дзве каляровыя стужкі і параіў завязаць на дрэве ў цэнтры вёскі і загадаць жаданне. Мы зразумелі, што гэта новы арт-аб’ект у Сабалях. Я падумала, безумоўна, і пра Сабалі: каб не знікла вёска, каб доўга жылі такія людзі, як Анатоль Жалудка, і каб неабыякавых да малой радзімы было больш…

kozlovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter