Вы ўсё яшчэ спяваеце?
28.03.2013
Беларусь сёлета прыме ўдзел у конкурсе маладых танцораў «Еўрабачанне-2013»
Прадстаўнікі 10 краін — Арменіі, Беларусі, Швецыі, Германіі, Славеніі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Украіны, Польшчы і Чэхіі — будуць спаборнічаць за перамогу ў Міжнародным конкурсе маладых танцораў «Еўрабачанне-2013», які адбудзецца 14 чэрвеня на сцэне Дзяржаўнай Балтыйскай оперы ў Гданьску (Польшча).
Нашу краіну на конкурсе прадставіць 18-гадовая Яна Штангей, навучэнка 3-га курса Беларускага харэаграфічнага каледжа (клас заслужанай артысткі Расіі, народнай артысткі Беларусі Клары Малышавай).
У танцавальным «Еўрабачанні» ўдзельнічаюць маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 21 года, толькі сола-танцоўшчыкі, якія не задзейнічаны на прафесійнай аснове, маюць адукацыю класічнай або сучаснай танцавальнай школы, валодаюць базавымі навыкамі класічнага балета.
У адпаведнасці з правіламі, у час конкурсу кожны ўдзельнік выконвае адзін сольны танец. Таксама ў шоу будзе прадстаўлены групавы танец, пастаноўку якога ажыццяўляюць харэографы конкурсу. Двое ўдзельнікаў, якiя ў фінале набіраюць найбольшую колькасць балаў прафесійнага журы, выконваюць танец-«дуэль», які і вызначае пераможцу.
Конкурс маладых танцораў «Еўрабачанне-2013» праводзіцца пад эгідай Еўрапейскага вяшчальнага саюза з мэтай паказу ўзроўню сучаснага мастацкага танца і прыцягнення ўвагі міжнароднай грамадскасці і тэлевізійнай аўдыторыі да лепшых маладых танцораў Еўропы. Заснаваны ён быў у 1985 годзе, першыя спаборніцтвы прайшлі ў Італіі. З тых часоў маладыя танцоры спаборнічалі ў майстэрстве кожныя два гады. З 2005-га па 2011 год рашэннем арганізатараў у танцавальным «Еўрабачанні» быў абвешчаны перапынак.
Сёлетні конкурс 15-ы па ліку.
Правы на паказ танцавальнага «Еўрабачання» належаць Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь як члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС). Як паведамілі «Р» у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, прамую трансляцыю конкурсу будзе весці тэлеканал «Беларусь 1».