Больш за сотню арыгіналаў акварэляў Напалеона Орды прадставяць у Мінску ўпершыню
12.09.2017 07:46:14
Ў першыню арыгіналы акварэляў Напалеона Орды пабывалі ў Мінску летась. Тады гэта былі толькі 12 твораў з выявамі Гродна XIX стагоддзя. І вось – новая сустрэча. На гэты раз геаграфія — ад Беластока, Гродна і Вільна да Віцебска, Магілёва і Гомеля. І — 110 графічных аркушаў, якія будуць прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі з 15 верасня. Убачыць арыгіналы, прычым у такой вялікай колькасці — магчымасць для нас унікальная. У музеях і архівах краіны арыгіналаў твораў мастака, на жаль, няма. Маюцца толькі літаграфіі, зробленыя па яго малюнках Алоізам Місяровічам. З 1873 да 1883 года ў Варшаве Напалеон Орда выдаваў іх за ўласныя сродкі ў васьмі серыях пад агульнай назвай «Альбом гістарычных відаў Польшчы, прысвечаны суайчыннікам».
Новая выстава ў Мінску прымеркавана да сёлетняга святкавання 210-й гадавіны з дня нараджэння славутага мастака, кампазітара, піяніста, літаратара, якога ведаюць і шануюць ва ўсім свеце. Экспазіцыя «Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны» наладжана сумесна з Нацыянальным музеем у Кракаве, які валодае самай вялікай калекцыяй арыгінальных твораў Напалеона Орды – у фондах іх 1027. Большую частку гэтага збору — 977 аркушаў — падарыла Кракаўскаму музею ў 1886 годзе Канстанцыя Скірмунт, публіцыстка і гісторык, якая даводзілася мастаку ўнучатай пляменніцай.
Напалеон Орда – наш знакаміты зямляк, ураджэнец вёскі Варацэвічы цяперашняга Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У Іванаве, колішнім Янаве, у фамільным склепе ён і пахаваны ў адпаведнасці з уласным завяшчаннем.
Пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў, ратуючыся ад рэпрэсій, Орда быў вымушаны выехаць за мяжу, дзе набыў вядомасць у шырокіх колах еўрапейскай інтэлігенцыі. Назад, пакінуўшы ў Парыжы сям’ю, наладжаны быт і забяспечанае жыццё, вярнуўся 49-гадовым, у 1856-м, як толькі расійскім імператарам была аб’яўлена амністыя.
Мастацкая спадчына Напалеона Орды налічвае звыш 1150 акварэляў і графічных работ, зробленых ім падчас падарожжаў па Заходняй Еўропе і тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай — Украіне, Польшчы, Літве, Беларусі. Больш за 200 замалёвак – адлюстраванні роднага краю: палацы, маёнткі, храмы, сядзібы, памятныя мясціны, звязаныя з жыццём выдатных людзей — Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшкі, Уладзіслава Сыракомлі і многіх іншых дзеячаў культуры.
Напалеон Орда – вядомы майстар архітэктурнага пейзажа. Яго творы адрозніваюцца строгай дакладнасцю і дакументальнасцю, яны і сёння служаць гістарычнай асновай для рэстаўрацыйных работ на многіх знакавых архітэктурных аб’ектах.
Пазнаёміцца з экспазіцыяй «Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны» можна да 3 снежня.
Цытата
Напалеон Орда ў лісце да Ігната Дамейкі, 28 сакавіка 1876 года: «Пасля вяртання мне ў галаву прыйшла шчаслівая думка наведаць нашу правінцыю, такую дарагую нашаму сэрцу, але так мала вядомую нашым суайчыннікам. Падарожнічаючы з алоўкам у руцэ, намаляваў рэшткі нашага мінулага і цывілізацыі».
svirko@sb.by
Напалеон ОРДА. Райцы, Карэліцкі раён, царква Святой Варвары.