Дырэктар вядомай сталічнай клінікі мог бы стаць і журналістам, але галоднае вясковае дзяцінства падштурхнула набыць прафесію з рэальнымі заробкамі

Вiшнёвы сад, што спадчынаю зваўся

Сяргею Карыцьку, доктару і паэту, ён сніцца да гэтае пары
ТРЫЦЦАЦЬ гадоў таму, у красавіку 1986 года, свет ускалыхнуў выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Для лячэння ахвяр тэхнагеннай катастрофы санаторый у Аксакаўшчыне перапрафілявалі ў клініку Навукова-даследчага інстытута радыяцыйнай медыцыны. Больш як паўтара дзесяцігоддзя кіраваў ёю сялянскі сын, выпускнік Гродзенскага медыцынскага інстытута, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей КАРЫЦЬКА, які на працягу амаль дваццаці гадоў узначальвае Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння. Дзяржава высока ацаніла яго адданасць справе. Сяргей Сяргеевіч узнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, Граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалём “За працоўныя заслугі”. Яму прысвоена званне “Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь”. Самастойна і ў суаўтарстве з іншымі спецыялістамі падрыхтаваў звыш сарака навуковых медыцынскіх артыкулаў. Мае патэнт на вынаходніцтва. Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выдаў шэсць зборнікаў паэзіі, лаўрэат прэміі сталічнай вобласці за кнігу вершаў “Зачараваны родным краем”. 


НЕПАДАЛЁКУ ад гістарычнага мястэчка Любча ўздоўж левага берага Нёмана ланцужком выцягнуліся вёскі Панямонь, Шчорсы з вядомым палаца-паркавым комплексам роду Храптовічаў. Лапікамі туліліся ў рачной пойме зямельныя надзелы сялян. Згуртаваліся рашучыя мясцовыя гаспадары і дамовіліся з палескім памешчыкам Скірмунтам выкупіць глухую вёсачку Калоднае, што на шляху паміж старажытнымі Пінскам і Столінам. Чарада павозак з сялянскім скарбам рушыла на Палессе. Сем’і братоў Фёдара і Змітрака Карыцькаў, як і іншыя з таго згуртавання перасяленцаў, развіталіся з дарагім сэрцу Панямоннем. У вялікай сям’і Карыцькаў бацька не змог забяспечыць усіх сыноў зямлёю. Малодшым, Фёдару і Змітраку, сабраў грошы, за якія яны  прыдбалі  ў  далёкім  Калодным  сядзібы. Больш як паўсотні навагрудскіх сялян разам з імі перабраліся на новае месца жыхарства. Сярод палескай гаворкі загучала нязвычная для гэтых мясцін беларуская мова. Нават сёння, праз паўтара стагоддзя пасля тых падзей, нашчадкі перасяленцаў захавалі спадчынную культуру. Садамі і шчодрымі агародамі закрасавала невялікая вёска Калоднае, былая летняя рэзідэнцыя Скірмунтаў. Прадавалі садавіну і гародніну на палескіх кірмашах. Вёска пашыралася маладымі сем’ямі Вішнеўскіх, Яваровічаў, Лецкаў, Карсекаў, Самайловічаў, Рамановічаў, Сазановічаў, Карыцькаў. Выбралі вясковае веча, якое вырашала важныя пытанні. Адкрылі беларускую школку, якую яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі закончыў народжаны ў Калодным Ёў Карыцька, сын перасяленца Фёдара. Пры панскай Польшчы тут вучыліся і двое ўнукаў Фёдара Карыцькі, Сяргей і Валянціна.

— І я з гэтай пачатковай школкі пачынаў шлях да ведаў, — адзначае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргей Карыцька. — Першую вясну без гаспадароў сустрэне наш вялікі сад, які пасадзіў бацька. Праз два тыдні пасля майго нараджэння ён памёр ад завароту кішак. Вёз на пінскі базар садавіну. Па шляху падсілкаваўся грушамі, і ад іх стала дрэнна. Пінскія медыкі зрабілі абязбольваючы ўкол, і ён адправіўся дамоў, дзе зноў пагоршала. На кані адвезлі ў бальніцу. Праляжаў некалькі дзён, і як зусім дрэнна стала, урачы кінуліся аперыраваць. Але было позна. Дваццацісямігадовая маці аўдавела, трое дзяцей на руках. Выхоўваць нас дапамагаў дзядуля Іван Вярбіцкі. Маці працавала даяркай на калгаснай ферме.

— Дапамагалі ёй?

— Старэйшыя сястра Галя і брат Лёня часцей бывалі на ферме. Мы з дзедам больш па хатняй гаспадарцы ўпраўляліся. Ён мяне ўсю сялянскую работу выконваць навучыў. З пятага класа я разам з дарослымі стаяў у пакосе. У пойме ракі Стыр травы раслі высокія і густыя. Часта даводзілася спыняцца і мянціць касу. Мы нарыхтоўвалі сена на трэцюю частку: два стажкі калгасу, адзін для сваёй каровы. На касавіцу маці наймала мужыкоў, якія звычайна пыталіся, ці будзе дзед Іван. За ім у пакосе было не ўгнацца.

— А дзеда па бацькавай лініі памятаеце?

— У час вайны мужчыны нашай вёскі падаліся да партызан у балоты. І дзед Ёва таксама быў там, дзе і захварэў на брушны тыф. Лячыць не было чым, і ён не выжыў. Бабуля Параска тулілася ў кухні сваёй хаты з двума дзецьмі, сынам Сяргеем і дачкой Валянцінай. У вялікім пакоі атабарыліся акупанты. Але вайна вайною, а жыццё дыктавала сваё. Сяргей у час акупацыі ажаніўся з дзяўчынай з суседняй вёскі Жолкіна. Нарадзілася ў іх дзяўчынка. Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй нашых мясцін ад ворагаў у ліпені 1944 года гаспадара прызвалі на фронт, і пасля Перамогі яшчэ некалькі гадоў дапамагаў усталёўваць савецкую ўладу ў Прыбалтыцы. Вярнуўся дамоў у 1948 годзе і ўзначаліў паляводчую брыгаду. Нарадзіўся мой старэйшы брат Лёня, а праз два гады і я.

Бабуля Параска з першага дня ў калгасе ў перадавіках хадзіла. Мяне і брата Лёню раненька будзіла і сарамаціла, што доўга спім. Казала, што прачынацца трэба цёмненька і да сняданку паспець нарабіцца.

У калгасе грошай не плацілі, жылі са сваёй гаспадаркі. На нашым агародзе добра родзілі агуркі, памідоры, буракі, цыбуля, капуста. Трымалі хатнюю жывёлу, птушку. У хрушчоўскія гады нечакана з’явілася камісія з раёна і паабрэзвала агароды. Пустазеллем зараслі адрэзаныя ўчасткі.

Маё дзяцінства прайшло ў бабулінай хаце, дзе да апошніх дзён жыла маці. На пачатку гэтага года яе не стала, і назаўсёды зачыніліся дзверы. Брат Лёня да пенсіі працаваў сталяром-чырванадрэўшчыкам у Пінску. Сястра Галя шыла адзенне вяскоўцам у Радчыцкім камбінаце бытавога абслугоўвання. Атрымала пенсію і пераехала ў Пінск. Усяго дзве сотні жыхароў засталося ў Калодным, дзе ў гады майго юнацтва было амаль паўтары тысячы сялян. Механізатары СВК “Фядорскі” навакольныя лугі перааралі і вырошчваюць кармы для жывёлы.

— Сяргей Сяргеевіч, калі ў вас абудзілася жаданне пісаць вершы?

— У Каладнянскай васьмігодцы цудоўна выкладала беларускую мову Зінаіда Паўлаўна. Яна чароўна ўводзіла нас у краіну паэзіі. Па начах пры святле месяца чытаў кнігі дома. Толькі ў 1968 годзе ў нашу вёску правялі электрычнасць, і мы ўпершыню слухалі рэпартаж з Алімпійскіх гульняў у Мехіка. Пасярод хаты вісела газавая лямпа, а на кухні па вечарах гарэла лучына. Паліць газу маці не дазваляла, бо нялёгка было яе купіць. Прыладжваўся каля вакна і зачытваўся. Часта пачуцці выліваліся ў рыфмаваныя радкі. Першыя мае вершы друкавала столінская раённая газета “Навіны Палесся” і абласная “Заря”. Пасля заканчэння Радчыцкай сярэдняй школы ў раёнцы далі рэкамендацыю паступаць на факультэт журналістыкі. Але маці пераканала, што лепш вучыцца на доктара. Восем маіх аднакласнікаў сталі ўрачамі.

— Дзе вы вучыліся на ўрача?

— У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. Да паступлення я нідзе, акрамя райцэнтра, не быў. Гродна сваімі высокімі будынкамі мяне напалохала, засумаваў па вёсцы. Паспяхова здаў тры ўступныя экзамены, заставаўся апошні пісьмовы па беларускай мове і літаратуры. Пачынаўся ён у дзесяць гадзін раніцы і доўжыўся чатыры гадзіны. А ў мяне ўжо ляжаў у кішэні білет на аўтобус да Пінска, які  адпраўляўся ў палове першай гадзіны дня. Сачыненне хутка напісаў і панёс здаваць камісіі, а выкладчыкі здзівіліся, што яшчэ дзве гадзіны ёсць, і параілі праверыць на памылкі. Я ім адказаў, што спяшаюся на аўтобус. На мяне паглядзелі як на дзівака. Дома маці пацікавілася, як здаў экзамены. Здзівілася, што не дачакаўся выніку апошняга. Шчыра прызнаўся, што засумаваў па вёсцы. Да 30 жніўня не ведаў, ці паступіў. Пагнаў кароў пасвіць, увечары вяртаўся са статкам з луга. Мяне паклікаў паштальён і перадаў канверт, у якім ляжаў выклік на вучобу.

— Паспелі на заняткі?

— За адзін дзень сабраў неабходныя даведкі. Маці і дзед благаславілі ў дарогу, і адправіўся ў Гродна. Вучыцца было лёгка і цікава. З першага курса падзарабляў і забяспечваў свае патрэбы ў грашах. Па начах з аднакурснікамі разгружалі вагоны. Удалося мне ўладкавацца вартаўніком. Цяжка было спачатку, калі ахоўваў фабрыку дзіцячых цацак. Усю ноч выстойваў у прахадной, а раніцай ішоў на заняткі. За працу атрымліваў 75 рублёў штомесячна. Лягчэй было на старэйшых курсах, калі вартаваў абласную санстанцыю, дзе мог ноччу паспаць. Ніхто не перашкаджаў вечарамі займацца вучобай. За сем гадоў студэнцтва ўсе экзамены здаваў толькі на выдатна.

— Пэўна, маці атрымлівала з інстытута пісьмы падзякі за сына-выдатніка?

— Былі такія пісьмы, але аднойчы мяне выклікалі ў рэктарат і папракнулі, чаму камсамольскі актывіст і выдатнік вучобы маўчыць, што яго маці наведвае секту адвентыстаў сёмага дня. Сабраўся камсамольскі сход, і ад мяне патрабавалі публічна асудзіць маці. Я не пагадзіўся і патлумачыў, што гэта як адракчыся ад яе. Абараніў загадчык кафедры навуковага атэізму Удавенка. Потым я даведаўся, што ён з баптысцкай сям’і, і зразумеў мой стан душы. У парткаме інстытута таксама настройвалі мяне асудзіць за сяктанства маці. Узгадаліся словы дзеда Івана Максімавіча, які быў асуджаны на 25 гадоў лагераў за тое, што не данёс на знаёмага. Пяць гадоў на лесапавалах Комі АССР ён адпрацаваў. Як даведаўся, што памёр яго зяць, дзеда паралізавала. Вырашылі, што мёртвы, і вынеслі ў трупарню. Пяць сутак там праляжаў і стаў падаваць прызнакі жыцця. Пасля смерці Сталіна дзеда адпусцілі дамоў. Толькі ў 1992 годзе рэабілітавалі. Многія гады працаваў у калгасе. Захварэў, але ў бальніцу не лёг, бо трэба было агарод узараць і пасадзіць. Вывез конікам арганіку, заараў яе, усё пасеяў і толькі потым пайшоў у бальніцу, дзе праз некалькі дзён памёр. Запомніліся яго словы: наш род такі, калі ніхто не кранае, і мы нікога не зоймем, а як зачэпяць, то здачы атрымаюць. Парткамаўцам я сказаў, што, пэўна, выдатнікі вучобы, грамадскія актывісты, а я быў старастам групы, рэдактарам насценнай газеты інстытута, не патрэбны. Мяне адпусцілі і больш не чапалі. Інстытут закончыў з адзнакай.

— Маглі працягваць вучобу ў ардынатуры?

— Вырашыў працаваць. Размяркоўваўся адным з першых. У камісіі прапанавалі спіс вясковых бальніц. Выбраў Парэчскую бальніцу на Піншчыне, каб бліжэй дамоў было. Мястэчка, як і мая вёска Калоднае, некалі належала Скірмунтам. Вяскоўцы ветліва сустрэлі мяне. На вуліцы паклонам віталіся, мужчыны здымалі галаўныя ўборы. Мяне звалі доктарам.

— Вясковы доктар у наш час — гэта…

— …да статусу якога вяртаемся. Сямейны доктар ці ўрач агульнай практыкі, які ведае ўсё. Спецыялізацыя патрэбна на больш высокім узроўні. А калі ў чалавека забалела нешта, то ў першую чаргу звяртаецца да агульнага ўрача. Такім я адчуваў сябе ў вёсцы. Даводзілася лячыць лёгкія, сэрца, жывот, усё, што непакоіла хворага. Для мяне было вялікім гонарам быць вясковым доктарам. І ў гарадах пачынаюць адкрывацца амбулаторыі агульнай практыкі. За мяжою спецыялізаваны ўрач толькі там, дзе неабходна ўмяшальніцтва ў арганізм чалавека.

У вольныя хвіліны ў Парэччы, дзе стужкай уецца рэчка Ясельда, узнікала жаданне пісаць. Там пазнаёміўся са школьным настаўнікам Фёдарам Цудзілам, які вучыў Яўгенію Янішчыц. Яна часта наведвалася да маці. Памятаю, як прывезла сваю першую кніжку “Снежныя грамніцы”. З цікавасцю слухала мае вершы. Калі паступіў у ардынатуру, паэтка пазнаёміла мяне ў Мінску з народнай артысткай Беларусі Марыяй Захарэвіч, са сваім творчым настаўнікам Нілам Гілевічам. Іх цікавіла жыццё інтэлігенцыі ў Парэччы. Расказваў ім пра настаўніка Фёдара Цудзілу, які стварыў тэатр, дзе я прымаў удзел у пастаноўках. Выконваў ролю нямецкага афіцэра. Дэкарацыі да спектакляў ствараў мясцовы мастак Шпакоўскі. 

— Не затрымала вас Парэчча. Чаму?

— Можа дагэтуль там працаваў бы, але, калі прыязджаў фельчар з санстанцыі правяраць бальніцу, адчуваў сябе самым нізкім звяном у медыцыне. Над сабою пастаянна працаваў, выпісваў шмат спецыялізаваных часопісаў. Чытаў манаграфіі. Пазнаёміўся з аспірантам Іванам Кандрацюком, бацькі якога жылі ў Парэччы. Выказаў яму задуму вучыцца ў ардынатуры. Ён дапамог сустрэцца з прафесарам Рыгорам Матвеюковым, у якога вучыўся ў ардынатуры. Пасля заканчэння вучобы мяне прызначылі загадчыкам аддзялення рэабілітацыі ў санаторыі “Аксакаўшчына”. 

— Так захапіліся медыцынай, што пра асабістае жыццё не было калі падумаць?

— Лічыў, што маю права завесці сям’ю, калі змагу яе матэрыяльна забяспечыць. Наш інстытуцкі куратар Колесаў пераконваў, што сесці на галаву бацькоў і размнажацца — сапраўднае злачынства. У Парэччы мясцовыя начальнікі, у якіх былі на выданні дочкі, імкнуліся пазнаёміць мяне з імі. Трымаўся ў халасцяках да трыццаці гадоў. Маці стала хвалявацца. Закахаўся ў белгарадскую дзяўчыну Ніну на курсах павышэння кваліфікацыі ў Мінску. Запрасіў у тэатр і пасля спектакля зрабіў прапанову. Пажаніліся, дзве дачкі выхавалі. Абедзьве, Ірына і Лена, — урачы. Зяці — інжынеры. Трох унукаў маем. Малодшая дачка, Надзейка, ад другога шлюбу, вучыцца ў сталічным медуніверсітэце. Сем’і старэйшых дачок жывуць у прасторным доме, які дваццаць гадоў будаваў у Аксакаўшчыне. І сад цудоўны побач, дзе чатыры дзясяткі розных пладаносных дрэў. У нас спадчыннае — садзіць сад. Сэрцам выпеставаны радкі:

Сярод лясоў, лугоў, балот і рэк

Няпросты мне жыццёвы лёс дастаўся.

Глядзець, як памірае, быццам чалавек,

Вішнёвы сад, што спадчынаю зваўся.

— Верыце ў лёс?

— Пры нараджэнні кожнаму ўсё прадвырашана. Ці мог я ў сваім басаногім дзяцінстве падумаць, што буду лячыць эліту Беларусі. У санаторыі “Аксакаўшчына”, які мне даверылі ўзначаліць у 35 гадоў, папраўлялі здароўе Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай Працы, дзяржаўныя кіраўнікі, вядомыя вучоныя, пісьменнікі, артысты, перадавікі вытворчасці.

— Паджылкі дрыжэлі, калі прымалі ў кабінеце паважаных асоб?

— Для мяне яны былі пацыентамі. Гэта сціплыя, інтэлігентныя людзі. Нічога лішняга не дазвалялі. 

— Гэты час можна назваць зоркавым у вашым жыцці?

— Шкадую, што не занатоўваў размовы таго сапраўды зоркавага часу, які абарвала чарнобыльская трагедыя. Беларускі ўрад тэрмінова прыняў рашэнне на базе санаторыя “Аксакаўшчына” стварыць чарнобыльскую бальніцу. Праблемамі радыяцыі беларускія медыкі раней не займаліся. На ўвесь Саюз была толькі клініка ў Маскве. Пачыналі мы з нуля. Выпрацавалі структуру. Заняліся падрыхтоўкай кадраў. Засвойваў і будаўнічую тэхналогію. Паднімаўся новы бальнічны корпус. Трэба было ведаць, як весці будоўлю, і не самы лепшы час быў. Пачынаўся распад СССР, і цэнтралізаванае фінансаванне парушалася. Але выстаялі, і клініка працавала без перабояў. Супрацоўнічалі з замежжам па аказанні дапамогі людзям, што пацярпелі ад атамнага выбуху. Нашы спецыялісты вучыліся ў лепшых еўрапейскіх клініках. Міністэрства аховы здароўя шмат старання прыклала для арганізацыі лячэння ахвяр Чарнобыля ў спецыялізаваным навукова-даследчым інстытуце радыяцыйнай медыцыны. Закуплялася самае сучаснае абсталяванне. Многае паступала па гуманітарнай дапамозе. Імкнуліся выстаяць перад шквалам чарнобыльскай трагедыі.

— Чаго вы больш атрымлівалі: падзяк ці скаргаў?

— Людзі дзякавалі за дапамогу. Калі хто і скардзіўся, то на сацыяльныя льготы, а не на працэс дыягностыкі і лячэння. Узровень медыцынскай дапамогі трымалі высока.

— Столькі вамі здзейснена, можна было б дазволіць расслабіцца, а вы за штурвалам кіраўніка адной з вядучых клінік беларускай сталіцы, дзе папраўляюць здароўе жыхары з усіх куткоў Беларусі.

— Кіраваць калектывам высокапрафесійных работнікаў адно задавальненне. Раней тут была Мінская гарадская гразелячэбніца. Пасля Чарнобыля сюды перавялі Рэспубліканскі дыспансер радыяцыйнай медыцыны, дзе абслугоўваюцца пацярпелыя ад катастрофы на атамнай станцыі. Перададзена клініцы і функцыя эндакрыннага дыспансера. Па пуцёўках аздараўляем жыхароў з усёй рэспублікі.

— Сяргей Сяргеевіч, вы марылі пра журналістыку, а сталі доктарам. Не шкадуеце?

— Лёсам не пакрыўджаны. Трыццаць гадоў на кіруючай працы ў медыцыне. Але мог большага дасягнуць і ў медыцыне, і ў літаратуры. У маладыя гады мы не надта цэнім час.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter