Іван ды Надзея з Любушаншчыны
31.03.2012 17:26:43
Усё ў іх па-гаспадарску. У выдатнай майстрыхі па-іншаму і быць не можа.
ДВУХПАВЯРХОВЫ домік ЛІТВІНЕНКАЎ, што размясціўся на беразе любушанскага азярца, выдзяляецца адразу: вясной, летам і да глыбокай восені патанае ў зеляніне. Усё тут зроблена па-гаспадарску. Надзея Мартынаўна і Іван Андрэевіч — вядомыя ў аграгарадку Любушаны Бярэзінскага района як дбайныя людзі, а гаспадыня да таго ж пяюха і майстрыха абласнога маштабу.
А для іх знаёмства пачалося…з «Экстры». Надзея працавала ў магазіне ў вёсцы Буркі. Неяк туды заглянуў хлопец: «У вас «Экстра» ёсць?» Прыгожы, ветлівы, ён адразу прыглянуўся дзяўчыне. Яна працягнула «Экстру» — пачку пральнага парашку. А хлопец засмяяўся: «Бульбу садзім. Трэба памочнікаў частаваць, «Экстра» трэба другая — у бутэльцы!». Так Надзея ды Іван пазнаёміліся. А праз год і вяселле справілі.
— У мяне муж — золата, — гаворыць Надзея Мартынаўна. — Траіх дзяцей з ім выгадавалі. І ў радасці, і ў горы — заўсёды разам. Год пражылі ў Казахстане, я працавала птушніцай на дзяржплемзаводзе «Юбілейны», было нядрэнна, але клікалі родныя мясціны. Дзве сястры засталіся ў Астане, а мы вярнуліся ў Беларусь.
Надзея ўладкавалася выхавацелем у дзіцячы садок, дзе працавала да пенсіі, і адначасова ў СДК — майстрам па вышыўцы і вязанні, а яшчэ спявала ў фальклорным гурце «Купалінка».
— Дзякуючы мужу раскрыліся ўсе мае творчыя таленты. Я спяваю, ён на бубне грае, я вышываю, ён па гаспадарцы першы памочнік, — дадала майстрыха.
Зараз у Надзеі Мартынаўны і Івана Андрэевіча пяцёра ўнукаў і два праўнукі. Старэйшая дачка Ірына жыве побач, у Любушанах, а працуе медсястрой у Пагосце. Марына — у Мінску, настаўніца, зараз у дэкрэтным водпуску. А сына давялося пахаваць: падвёў сардэчны клапан, а было ўсяго 26 гадоў. Засталіся дзве яго дачушкі — Таня і Наташа.
Кожны вечар бярэ Надзея Мартынаўна пруткі або іголку ў рукі: глядзіш, за вячэрнія гадзіны сурвэтка атрымаецца ці сцяжок да сцяжка — карціна вышыта. Работы любушанскай майстрыхі пабывалі не толькі на раённых выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а і ў Слуцку, Маладзечне на “Дажынках”. Дарэчы, летась за зберажэнне і творчае развіццё традыцый прадзення нітак, высокае прафесійнае майстэрства, падтрымку культурных традыцый Міншчыны на першым абласным свяце-конкурсе па ткацтве і пляценні паясоў «Беларускі пояс» дыпломамі былі адзначаны чатыры «любушаначкі»: Надзея Маркоўская, Зінаіда Карэнька, Вольга Макарэвіч і Надзея Літвіненка.
Алена ГРОМАВА
Фота аўтара