ТОП-темы

Усё лепшае — ад зямлі

08:27, 7 марта 2025
Временная экспозиция «Літаратурная брама ХХІ стагоддзя» открылась в музее истории белорусской литературы
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачала працу літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Літаратурная брама ХХІ стагоддзя»

Урачыстае адкрыццё аб'яднала літаратараў і аматараў мастацкага слова. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі, ушанаваныя за творы, напісаныя ў 2023 го­дзе. Гэта Фёдар Гурыновіч з кнігай «Паляўнічая паэма» (намінацыя «Лепшы твор, зборнiк твораў паэзіі»), Віктар Кунцэвіч са зборнікам аповесцей, апавяданняў і абразкоў «Калі чужая душа — твая» («Лепшы твор прозы»), Сяргей Міховіч з кнігай «Нам силы дает земля» («Лепшы твор публіцыстыкі»), Мікола Мікуліч з кнігай «Максім Танк.

Уладзімір Мазго, Ірына Князева і Сяргей Міховіч.

Асоба, паэзія, лёс» (намінацыя  «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства»), Уладзімір Мазго з кнігай «Загадка — розуму зарадка» («Лепшы твор для дзяцей і юнацтва»), Алеся Кузняцова з кнігай «Когда трещит лед» («Дэбют»).

Не сакрэт, што літаратура была і застаецца люстэркам, у якім можна ўбачыць тэндэнцыі і выклікі часу, а таксама актуальныя тэмы, якія хвалююць чалавека і раскрываюць яго асобу.

Як распавяла куратар выставы, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Ірына Князева, стварыць «Літаратурную браму» было вырашана на аснове творчых набыткаў вядомых беларускіх майстроў слова, лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, чые кнігі, архіўныя фотаздымкі, газеты, часопісы з публікацыямі, рукапісы, дакументы і нават уласныя рэчы можна ўбачыць на прыгожа аформленых стэндах, размешчаных на першым паверсе музея.

— Разам з калегамі мы звязваліся з шаноўнымі лаўрэатамі, збіралі цікавыя экспанаты, афармлялі ўсё набытае ў адзіную кампазіцыю, — расказала Ірына Расціславаўна. — Напрыклад, да Віктара Кунцэвіча на Магілёўшчыну ездзілі асабіста, каб пазнаёміцца і забраць тыя цікавыя рэчы, што вы можаце бачыць сёння на выставе. Пісьменнік, які сам сябе называе марудным творцам, у паўсядзённым жыцці вельмі рухавы чалавек, які не толькі стварае цікавыя творы прозы і паэзіі, але і займаецца дабрачыннасцю, не пакідае без увагі людей з асаблівасцямі, хворых і тых, хто па розных прычынах патрабуе падтрымкі і элементарнай чалавечай увагі. Віктар Кунцэвіч па магчымасці сустракаецца з чытачамі, дапамагае слушнымі парадамі аўтарам-пачаткоўцам і абавязкова прыедзе да нас з прэзентацыяй кнігі «Калі чужая душа — твая» ў бягучым годзе.

А вось Сяргей Міховіч і Уладзімір Мазго не толькі асабіста прыехалі на цырымонію адкрыцця экспазіцыі, але і з задавальненнем выступілі перад прысутнымі.

— Я шчаслівы, што маю магчымасць сустрэцца з людзьмі, якія паважаюць літаратуру, цікавяцца навінкамі кнігавыдання, уважліва сочаць за падзеямі жыцця нашай краіны, у тым ліку культурнымі, — адзначыў Сяргей Міховіч. — Хачу падзякаваць усім, хто так высока ацаніў маю працу, якая ўвасоблена ў кнізе «Нам силы дает земля». Маё жыццё цесна звязана з журналістыкай. Я працую галоўным рэдактарам «Сельской газеты», якая больш за сто гадоў распавядае пра руплівыя будні, таленты, дасягненні, праекты і магчымасці жыхароў беларус­кай вёскі. Перакананы, што ўсё лепшае ў нашай краіне — ад зямлі. Гэта таксама неаднаразова падкрэсліваў наш паважаны Прэзідэнт. Аб гэтым сведчыць і само жыццё, якое адкрывае магчымасці для кожнага, хто не баіцца працы і шчыра стварае нашу прыгожую, мірную рэальнасць. Менавіта пра такіх людзей мая кніга, якая прадстаўлена вашай увазе.


Са словамі падзякі і аўтарскім вершам выступіў Уладзімір Мазго.

— Так сталася, што мяне добра ведаюць як паэта і паэта-песенніка. А вышэйшую ў краіне літаратурную ўзнагароду я атрымаў за кнігу для дзяцей, — распавёў Уладзімір Мінавіч. — Для маленькіх чытачоў я пішу таксама. Некаторыя вершы ўключаны ў школьную праграму. Я ўпэўнены, што любоў да Радзімы, сям'і, роднай мовы — ад калыскі, ад роднага парога. Менавіта таму пры любой магчымасці я прыязджаю на родную Зэльвеншчыну, каб наталіцца свежым павет­рам, убачыць родныя твары, прайсціся сцежкамі дзяцінства і юнацтва. І з года ў год на маёй малой радзіме ладзіцца прыгожае свята мастацкага слова «Сакавіны», якое збірае і мясцовых жыхароў, і запрошаных пісьменнікаў з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны.

Штогод у родныя мясцiны

Прыходзiць свята «Сакавiны».

Зямлi заспанай абуджэнне,

Вясны жаданай нараджэнне.

Пад небам, светлым i высокiм,

Абсяг прапах вясновым сокам,

Дзе радасць вершамi разлiта

На роднай мове сакавiтай.

— Шануйце свае карані і чытайце беларускія кнігі! — шчыра параіў Уладзімір Мазго.

Пазнаёміўшыся з цікавай экспазіцыяй, паслухаўшы водгукі гасцей, арганізатараў і паважаных аўтараў, уганараваных самай прэстыжнай літаратурнай узнагародай краіны, прыйшлі да высновы, што пры ўсёй іх, падавалася б, рознасці пісьменнікаў «Літаратурнай брамы» аб'ядноўвае адно — любоў да роднай зямлі і павага да традыцый, закладзеных слыннымі папярэднікамі нацыянальнай літаратуры.

ДАРЭЧЫ

Нацыянальная літаратурная прэмія заснавана ў 2015 годзе. Праект скіраваны на падтрымку развіцця айчыннай мастацкай літаратуры для дарослых, дзяцей і юнацтва, розных жанраў пісьменніцкай творчасці — паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама на папулярызацыю кніг і чытання ў грамадстве.
Выстава будзе дзейнічаць да 22 лютага 2026 года па адрасе: Мінск, вул. Максіма Багдановіча, 13. Уваход вольны.
rovdo@sb.by





Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Нравится читать наши новости и материалы? Добавьте нас в «Google Рекомендации» по ссылке.


Анна ЭЙСМОНТ
Анна ЭЙСМОНТ
Что такое осень?
Ирина ОВСЕПЬЯН
Ирина ОВСЕПЬЯН
Англичанка тырит