Узнали, какие изменения предлагается внести в указ о ремесленной деятельности

Усё ў іх руках

У Беларусi налiчваецца больш за 42 000 рамеснiкаў па вынiках 2019 года. За 15 гадоў iх колькасць узрасла ў больш чым 180 разоў. Такому росту шмат у чым паспрыяў прыняты ў 2005 годзе Указ Прэзiдэнта № 225 «Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення фiзiчнымi асобамi рамеснай дзейнасцi». Ужо тады, каб стаць рамеснiкам, неабходна было толькi падаць заяву ў падатковую iнспекцыю i выплацiць збор у памеры адной базавай велiчынi. Прыняты ў 2017 годзе Указ № 364 «Аб ажыццяўленнi фiзiчнымi асобамi рамеснай дзейнасцi» выдатна дапоўнiў папярэднiка — спрасцiў умовы дзейнасцi i пашырыў спосабы рэалiзацыi прадукцыi народных майстроў. На мiнулым тыднi Мiнiстэрства эканомiкi прадставiла на публiчнае абмеркаванне праект змяненняў ва Указ № 364. «Р» даведалася, што прапануецца ў праекце, i сабрала меркаваннi ўдзельнiкаў.

«Інструмент рамесніка», «стварэнне прадметаў творчасці»: праект змяненняў ва ўказ канкрэтызуе паняцці.

Лагічны працяг

У Міністэрстве эканомікі сцвярджаюць, што развіццё рамесніцтва, народных промыслаў акрамя чыста эканамічнай функцыі (стымуляванне самазанятасці) выконвае яшчэ адну важную — захаванне ідэнтычнасці ў свеце, багатай і разнастайнай гістарычнай спадчыны беларусаў. Таму на працягу 15 гадоў удасканальваюцца прававыя ўмовы для рамеснікаў. Напрыклад, рамеснік можа не рэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік. Ён не выплачвае падаходны падатак і адзіны падатак, не вядзе дзяржаўную статыстычную справаздачнасць і мае права самастойна выплачваць абавязковыя страхавыя ўзносы ў ФСАН.

Праект змяненняў ва ўказ улічвае практыку прымянення Указа № 364, і ў першую чаргу, звароты грамадзян.

— У дакуменце мы канкрэтызавалі паняцце «інструмент рамесніка», растлумачылі, што лічыць «стварэннем прадметаў творчасці», удакладнілі магчымасці рэалізацыі рамеснікамі сваіх тавараў юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам у выпадках, калі тавары набываюцца для патрэб, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці, — распавялі спецыялісты мініс­тэрства.

Так, у праекце змяненняў указа прапануецца пад інструментам разумець прыладу, механізм, станок, іншае абсталяванне (за выключэннем прамысловых машын і абсталявання, прызначаных для выкарыстання ў прамысловай вытворчасці), без выкарыстання якіх ажыццяўляць прадугледжаныя гэтым дакументам віды рамеснай дзейнасці не ўяўляецца магчымым.

Многія рамеснікі з-за пандэміі і адмены выстаў губляюць магчымасць рэалізаваць сваю прадукцыю.

Адсеяць лішняе

Старшыня грамадскага аб'яд­нання магілёўскіх рамеснікаў «Шчырая майстэрня» Ала Смалякова адзначае, што ўказ аб рамеснай дзейнасці ў свой час быў абсалютнай навінкай.

— Змены ва ўказ невялікія, але тым не менш дастаткова важныя. Доўгі час ішлі спрэчкі пра тое, што такое інструмент. Напрыклад, ці мае права рамеснік выкарыстоўваць швейную машынку, альбо яго работы павінны быць выключна ручнымі? У зменах ўдакладняецца, які інструмент можа сабе дазволіць рамеснік ў сваёй майстэрні.

На яе думку, рамеснікі — гэта не толькі майстры народнай творчасці. Большасць з іх працуюць у дызайнерскім кірунку. Таму досыць добрае ўдакладненне, дзе ўказваецца, што дзейнасць, прадуктам якой з'яўляецца стварэнне творчых вырабаў, з'яўляецца рамесніцкай. Старшыня аб'яднання падкрэслівае, што гэта дапаможа змагацца з той сітуацыяй, калі пад выглядам рамеснай дзейнасці закупляецца кітайская сувенірная прадукцыя і прадаецца пад відам hand made.

— На жаль, прадажы прадукцыі рамеснікаў у інтэрнэце, магчыма, не атрымліваюць такога развіцця, як у іншых краінах. Многія рамеснікі з-за пандэміі і адмены выстаў губляюць магчымасць рэалізаваць сваю прадукцыю. І тое, што змены ва ўказе дазволяць юрыдычным асобам і ІП набываць тавары — выдатная дапамога для рамеснікаў, — кажа Ала Смалякова.

У заключэнне яна адзначае: працаваць над удасканаленнем Указа № 364 прыйдзецца яшчэ не адзін год. Напрыклад, аб'яднанне ўносіла два гады таму прапанову старшыні Магілёўскага аблвыканкама — дазволіць рамесную дзейнасць у дэкрэтным адпачынку без 50-працэнтнай страты грашовай дапамогі.

Змены ва ўказе дазволяць юрыдычным асобам і ІП набываць тавары рамеснікаў.

Ёсць пытанне

Прадпрымальнік Валерый Колдачаў, распрацоўшчык і экс-уладальнік інтэрнэт-пляцоўкі для больш чым 1500 рамеснікаў Беларусі, звяртае ўвагу:

— Прапануецца пад прымяненнем ручной працы ра­зумець ажыццяўленне рамеснай дзейнасці з выкарыстаннем самых простых прыстасаванняў і абсталявання, якія прыводзяцца ў дзеянне мускульнай сілай чалавека, альбо без іх выкарыстання. Дадзеная фармулёўка аўтаматычна выключае некаторыя віды рамесніцтва. Напрыклад, вырабы з дрэва робяцца з дапамогай цыркулярнай пілы або свердзела, з палімернай гліны — духоўкі або шліфавальнай машынкі, для варэння мыла выкарыстоўваюцца пліта ці мікрахвалеўка.

Таксама, паводле яго слоў, адна з фармулёвак выключае дробнасерыйную вытворчасць. Так, у праекце гаворыцца, што крытэрыем для аднясення вырабленых тавараў да прадметаў творчасці з'яўляецца іх унікальнасць — немагчымасць вырабу цалкам ідэнтычных вырабаў, пры гэтым унікальным можа быць як адзінкавы выраб, так і камплект, які складаецца з некалькіх вырабаў (напрыклад, унікальны гарнітур, набор).

— Да святаў і ўрачыстасцяў у рамеснікаў часта заказваюць партыю аднолькавых тавараў. Напрыклад, запрашальныя лісты і паштоўкі на вяселле, бамбаньеркі. Таксама дробнымі партыямі вырабляецца мыла, — адзначае Валерый.

Пазітыўная прапанова

Рамеснік Вольга Мельнікава з Мінска больш за 10 гадоў працуе ў двух напрамках — майстар работы са скурай і майстар пераплетнай справы. Стварае і ўпрыгожвае нататнікі, альбомы, кнігі, паштоўкі і вырабы са скуры на заказ.

У Беларусі налічваецца больш за 42 000 рамеснікаў па выніках 2019 года. 
Як рамеснік Вольга ўзаема­дзейнічае толькі з фізічнымі асобамі. Каб працаваць з юрыдычнымі, адкрыла індывідуальнае прадпры­мальніцтва. Прычынай таму служыць іх нежаданне заключаць дагаворы куплі-продажу з рамеснікамі. Патрабуюць накладную, якую рамеснік не мае права даць.

— Таму пазітыўнай лічу прапанову замацаваць ва ўказе магчымасць рамеснікаў прадаваць тавары юрасобам і перадаваць ІП для рэалізацыі. Добра, што на гэта звярнулі ўвагу. Пры гэтым неабходна паведаміць іншым арганізацыям пра такую ​​магчымасць і пра тое, як правільна гэта адлюстроўваць у бухуліку, — дзеліцца меркаваннем Вольга Мельнікава.

Паводле яе слоў, рашэнне выключыць серыйную вытворчасць і механізаваную працу насцярожвае. Сярод яе кліентаў ёсць і карпаратыўныя. Яны, напрыклад, да якога-небудзь свята заказваюць папкі для дакументаў з натуральнай скуры. Важны крытэрый — тыя павінны быць аднолькавымі.

— Згодна з прапанаванымі зменамі, давядзецца адмовіцца ад такіх заказаў. Магу меркаваць, што юрыдычным асобам значна цікавей заказаць у рамесніка дзесяць папак або нататнікаў са скуры. Яны ведаюць — гэта будуць эксклюзіўныя рэчы, хай і ў некалькіх асобніках, — кажа жанчына.

Што тычыцца змены, дзе рамес­нікам прапануецца выкарыс­тоўваць прылады, механізмы, іншае абсталяванне, то Вольга прыводзіць прыклад: у заказе на выраб 30 паштовак ручной працы неабходна было зрабіць укладышы. Таму даводзілася карыстацца прынтэрам. Пры раскроі скуры, досыць цяжкага матэрыялу, каб пазбегнуць крывізны вырабу, яна заказвае спецыяльны нож і высякае дэталі на прэсе. Выраб выглядае прафесійна. Без гэтых прыстасаванняў немагчыма абысціся.

Думаю, неабходна перагледзець гэтае пытанне, бо змены могуць негатыўна адбіцца на дзейнасці рамеснікаў. Да таго ж у гэтым годзе былі складанасці, выкліканыя з распаўсюджваннем каронавіруса — зніжэнне пакуп­ніцкай здольнасці, адмена спецыялізаваных выстаў для рамеснікаў, — разважае Вольга.

Грамадскае абмеркаванне праекта змяненняў ва ўказ завяршаецца сёння. Пакінуць прапанову можа любы на ​​інтэрнэт-пляцоўцы «Прававы форум Беларусі». Кожная канструктыўная прапанова абавязкова будзе ўлічана распрацоўшчыкам.

malyshchyts@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Алексей СТОЛЯРОВ , САЗОНОВ Андрей