Выставка, приуроченная к 150-летию Фердинанда Рущица, открылась в Минске
27.11.2020 14:24:00
Людмила МИНКЕВИЧ
У зборы нашага Нацыянальнага мастацкага музея да нядаўняга часу захоўвалася толькі адна работа Рушчыца — «Ля касцёла» 1899 года, набытая ў 1957-м у ленінградскага калекцыянера А. І. Шустэра. Але восенню мінулага года пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна былі набыты ў калекцыі ўнука Фердынанда Рушчыца і перададзены ў дар яшчэ тры жывапісныя работы, што адносяцца да ранняга перыяду творчасці майстра. Усе іх можна будзе ўбачыць на выставе «Фердынанд Рушчыц (1870—1936). Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака», якая адкрываецца сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі. Наведвальнікаў чакае і шмат іншых цікавых экспанатаў.
Мэта праекта, паведамляюць у музеі, — прадставіць шырокі мастацкі кантэкст, у якім існавала творчасць нашага славутага земляка. Экспазіцыя ўключае не толькі карціны Фердынанда Рушчыца, але і работы мастакоў яго асяроддзя. У тым ліку яго настаўнікаў у Акадэміі мастацтваў Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, аднакурснікаў па майстэрні Куінджы Мікалая Рэрыха, Канстанціна Багаеўскага, Вільгельма Пурвітыса, Аркадзя Рылова і іншых.
Асобны раздзел выставы прысвечаны вучням Фердынанда Рушчыца, выпускнікам Віленскага ўніверсітэта, выдатным беларускім мастакам Пётры Сергіевічу і Міхасю Сеўруку. Экспазіцыю дапоўняць творы сучасных аўтараў, удзельнікаў пленэраў, прысвечаных майстру, а таксама архіў фатаграфій вёскі Багданава, зробленых падчас Першай сусветнай вайны. Наведаць выставу можна да 13 студзеня наступнага года.