У горадзе будзе цікава і весела
26.04.2014
Святкаваць Дзень працы ў Мінску пачнуць на плошчы Незалежнасці. У дзесяць раніцы прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў і грамадскасці ўскладуць кветкі да помніка Леніна. З 11.00 да 12.00 у парку імя Янкі Купалы пройдзе ўрачысты мітынг. Апоўдні святкаванні перанясуцца ў паркі Горкага, Купалы, Чалюскінцаў, 50-годдзя Кастрычніка і Дружбы.
— З 12.00 да 16.00 гараджан тут будуць весяліць артысты эстрады, пры жаданні мінчане змогуць паўдзельнічаць у разнастайных спартыўных спаборніцтвах, — кажа Ілона Немава, прэс-сакратар Мінгарвыканкама.
А яшчэ 1 Мая ў горадзе ўключаць фантаны, пасля рамонту адкрыюцца кінатэатр «Масква» і Дзіцячая чыгунка.
— Да сезона мы замянілі чыгуначную платформу на станцыях Сасновы Бор і Заслонава, адрамантавалі памяшканне вакзала, — расказвае Наталля Саевіч, старшы інструктар Дзіцячай чыгункі. — Суправаджаць і весяліць пасажыраў на шляху будзе і новы праваднік — Несцерка.
У дзень адкрыцця першы састаў адпра¬віцца ў падарожжа ў 11.00. Увогуле, курсіраваць дзіцячыя цягнікі будуць з 11.00 да 17.00.
Дарэчы, у суботу распачынае новы сезон Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук. Для наведвальнікаў тут падрыхтавалі спартыўныя спаборніцтвы, бясплатныя экскурсіі і выставу-продаж хвойных і ліставых дрэў.