У Германавічах аграгарадок... музеяў
04.10.2013 19:51:24
У АГРАГАРАДКУ Германавічы Шаркаўшчынскага раёна, які ўтульна размясціўся паабапал маляўнічых берагоў Дзісны, як нідзе, старажытнасць пераплялася з сучаснасцю
Высока ў неба ўзнімае свае купалы касцёл, пабудаваны графам Ігнатам Шырыным у стылі віленскага барока яшчэ ў XVIII стагоддзі, здзіўляе манументальнасцю і выдатным станам былы панскі маёнтак, а далей «промнямі» разбегліся вуліцы прыгожых катэджаў.
Праславіліся зенітчыкі 1406-га палка пры абароне пераправы цераз раку Дзісну ў Германавічах пры наступленні нашых войск 1 ліпеня 1944 года. Яны адбілі атакі варожай авіяцыі і не далі разбамбіць мост. Многія героі загінулі ў тым няроўным баі. Пра іх подзвіг, а таксама воінаў-землякоў расказваюць экспанаты музея баявой славы ў мясцовай школе.
Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў музея, а іх у год бывае за тысячу чалавек, выклікае дзённік партызана Фёдара Маляванкіна. У ім народны мсцівец занатаваў, як ён і яго сябры ваявалі ў тутэйшых лясах і вытрымалі блакаду.
Напэўна, ні ў адным аграгарадку краіны, ды і ў раённых цэнтрах, няма столькі музеяў, колькі ў Германавічах. Акрамя вышэй названага, ёсць яшчэ Літаратурна-мастацкі Міхася Райчонка, Музей культуры і быту, Дом ганчара. У апошнім, напрыклад, рэдкую прафесію пад кіраўніцтвам майстра Сяргея Рымдзёнка спасцігаюць каля двух дзясяткаў гасцей, а іх вырабы з гліны экспанаваліся на «Славянскім базары».
І сёння ў Германавічах жывуць яркія асобы. У першую чаргу трэба назваць Аду Райчонак, былую настаўніцу мясцовай школы. Гэта яна стварыла ажно... пяць музеяў. І не толькі Яэпа Драздовіча, але і садавода Івана Сікоры ў вёсцы Малыя Алашкі. А яшчэ яе этнаграфічнаму калектыву «Германавіцкія вячоркі» не было роўных у вобласці ў канцы мінулага стагоддзя. У рэпертуары «вячорак» былі толькі народныя беларускія песні, а музычныя інструменты — балалайка, скрыпка, мандаліна, баян, бубен — збіралі і дарослых, і дзяцей. Сама Ада пісала сцэнарыі выступленняў, сама была і рэжысёрам. А вось выканаўцамі — пераважна простыя калгаснікі, такія, як Арсанафій Дземянцей, трактарыст Антон Аляхновіч, даярка Станіслава Мажынская і іншыя.
Муж Ады Райчонак — Алег — амаль дзесяць год узначальваў тутэйшы калгас «Буравеснік», быў дэлегатам XXVII з’езда КПБ. Пабудаваў клуб, майстэрні, фермы, узвёў некалькі шматкватэрных дамоў. Заўсёды адстойваў сваю лінію: ніякае начальства не магло яго прымусіць сеяць у гразь.
Сёння іх справу працягвае Віктар Крыўко. І даволі паспяхова. Чаго толькі каштуе за апошнія два гады капітальная рэканструкцыя дзвюх таварна-малочных фермаў на 400 галоў кожная. Заканчваецца ўзвядзенне арачніка і распачата будаўніцтва даільна-малочнага блока на ферме «Каралёва».
З пераўзбраеннем фермаў рэзка палепшыліся ўмовы працы работнікаў.
...Нядаўна Германавічам споўнілася 450 год. На самым беразе Дзісны была ўзведзена сцэнічная пляцоўка, дзе доўга гучалі, плылі над ракой песні, якія праслаўлялі тутэйшых людзей і іх малую радзіму.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара