Творча, дакладна, аператыўна
28.11.2013
Адкрываючы ІІ міжнародны форум маладых журналістаў «Агульны погляд у будучае» ў Магілёве, міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі пажадаў удзельнікам плённай працы і творчых поспехаў.
— Сёння ніхто не сумняваецца ў тым, што СМІ маюць асаблівую стратэгічную ролю ў жыцці кожнай краіны і міжнародных адносінах, — падкрэсліў Алег Вітольдавіч. — Нездарма ў час І форуму пачынаючых журналістаў у Гомелі было вырашана зрабіць гэтыя сустрэчы пастаяннымі. Радуе, што фармат зносін у гэтым годзе пашырыўся. Акрамя беларускіх і расійскіх журналістаў, у форуме прымаюць удзел прадстаўнікі СМІ Казахстана і Арменіі.
Такія мерапрыемствы, лічыць міністр, вырашаюць некалькі важнейшых задач: даюць магчымасць пазнаёміцца з калегамі, павучыцца майстэрству ў прафесіяналаў. А для замежных гасцей — яшчэ і адкрыць для сябе Беларусь.
Намеснік дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза, у сваю чаргу, падкрэсліў значнасць інтэграцыйных працэсаў. «Менавіта за маладымі журналістамі — будучае. У глабальным свеце ідзе барацьба за тэрыторыі, розумы, дзяржавы. Таму вельмі важна данесці да чалавека аб’ектыўную, аператыўную інфармацыю», — нагадаў Іван Міхайлавіч.
Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця ўдзельнікі форуму актыўна абменьваліся поглядамі на ролю прэсы і сваё месца ў ёй. А СМІ Магілёўскай вобласці арганізавалі ў фае гасцініцы «Турыст» міні-выставу. Сярод іншых цікавасць калег выклікаў стэнд тэлерадыёкампаніі «Магілёў». «Наш калектыў — малады, творчы. Шмат перадач разлічана на такую ж аўдыторыю. Аб якасці работы можна меркаваць у тым ліку па колькасці розных узнагарод, якімі адзначаны нашы праекты. Напрыклад, маладзёжнае ток-шоу «Перазагрузка» атрымала прэмію «Тэлевяршыня-2013» у намінацыі «Лепшы рэгіянальны праект года», — падзяліўся галоўны рэдактар аддзела тэлебачання ТРК «Магілёў» Андрэй Скарабагатаў. Дарэчы, удзельнікамі чарговай «Перазагрузкі» мясцовага тэлебачання стануць прадстаўнікі міжнародных СМІ.
— Магілёў нездарма стаў пляцоўкай для правядзення форуму, — сказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — У вобласці спрыяльнае «надвор’е» для развіцця медыяпрасторы. Пры гэтым улада давярае моладзі: нават сярод рэдактараў раённых газет у нас ёсць кіраўнікі, якім усяго каля трыццаці гадоў!
Тое, што сярод маладых журналістаў шмат талентаў, пацвердзіў і старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатолій Лемяшонак.
— Прэтэндэнты на прэмію «Дэбют» парадавалі як у мінулым, так і ў гэтым годзе. Іх працы цікавыя, абгрунтаваныя, — адзначыў Анатолій Іванавіч.
Імёны новых лаўрэатаў прэстыжнага конкурсу будуць названы сёння, у час заканчэння форуму.
На здымку: у час форуму.
Фота: БЕЛТА