«Тут мяне і апранаюць, і абуваюць, і кормяць...»
12.11.2013 19:00:22
ХОЧАЦЕ верце, хочаце не, але Валянціна Бабіч, стогадовая жыхарка з вёскі Чаронка Глыбоцкага раёна, яшчэ ў маладжавым узросце паклапацілася аб сваім прытулку на схіле год. І вось як
Яна някепска сябе адчувае, хаця наракае на памяць. Затое, калі пачалі гаварыць пра лён, у вачах з’явіліся агеньчыкі:
— І рвала я лён, і слала, і абівала начамі напралёт. Працавала да апошняга!..
Сваім новым месцам жыхарства ветэран калгаснага руху задаволена:
— І апранаюць мяне тут, і абуваюць, і кормяць смачна. І сястрычкі падсабляюць. А доктар малады, як за роднай маці даглядае.
Урач агульнай практыкі Дзмітрый Сакалоў тут першы год, прыехаў па размеркаванні з Віцебска пасля заканчэння навучальнай установы.
— Клопатаў хапае, — прызнаецца ён. — Акрамя дзяжурства, вяду яшчэ прыём у амбулаторыі хворых жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак.
У бальніцы сястрынскага догляду — 23 пастаяльца. Пераважна адзінокія, у якіх на гэтым свеце не засталося нікога з родных. Але ёсць і такія, якіх дзеці пакінулі або знаходзяцца за мяжой. Так, у Алы Скурат дочка ў Фінляндыі. Яна забірала туды маці на тры месяцы. На большы тэрмін нельга. У Станіславы Атвалка сын у Літве. Лёс распарадзіўся так, што Міхаіл Развадоўскі, вадзіцель былога калгаса «Зара», трапіў сюды па інваліднасці, а яго 96-гадовая маці Марыя знаходзіцца ў аналагічнай установе ў аграгарадку Удзела. Абслугоўвае бальніцу 15 работнікаў на чале са старшай медсястрой Эльвірай Пачопка. Яна — мясцовая, ведае сваіх, іх звычкі.
Улічваючы, што будынку Бабічоўскай бальніцы больш за 40 год, тут была праведзена глыбокая рэканструкцыя, на якую пайшло звыш 2 мільярдаў рублёў з бюджэту. Амаль палову з іх асвоіла ТАА «Аута», дзе кіраўніком Віктар Лабунька. Змяніўся не толькі знешні выгляд бальніцы, але поўнасцю абноўлены ўнутраны інтэр’ер: пакояў, харчовага блоку, сталовай, ванны, туалетаў, залы для адпачынку. Пакоі «разгрузіліся». Цяпер у іх пражывае па 2—3 чалавекі.
Выступаючы на адкрыцці абноўленага аб’екта, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат адзначыў, што ў раёне на сацыяльную сферу ідзе 80 працэнтаў мясцовага бюджэту.
Цяпер у Віцебскай вобласці 26 бальніц сястрынскага догляду. Тры з іх — у Глыбоцкім раёне.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара